Міцкевіч Міхась (псэўд. Антон Галіна; 13.07.1897, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету - 25.10.1991, Нью-Ёрк), грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзеяч. Малодшы брат Якуба Коласа. У 1910-х г. - удзельнік беларускага нацыянальнага руху, дэлегат Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. У 1919-1920 г. выкладаў беларускую мову ў Менскай беларускай гімназіі. У 1920-30-х г. настаўнічаў. У 1939-1941 г. працаваў дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. Пад час нямецкай акупацыі працаваў інспэктарам беларускіх школаў на Стаўпецкі раён. Зь лета 1944 г. - на эміграцыі. Жыў у лягерох для перамешчаных асобаў, настаўнічаў, выпусьціў чатыры чытанкі для дзяцей. З 1950 г. - у ЗША, актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, уваходзіў у склад рэдакцыі «Беларуса», займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову.

Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць