Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч (Достоевский; 1821-1881), расейскі пісьменнік, мысліцель, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургскай ваенна-інжынернай навучальні (1837-1843). Ужо першы яго раман «Бедныя людзі» (1846), які паказаў сацыяльную трагедыю «маленькага чалавека», выклікаў вострую палеміку. Пратэст супраць несправядлівага, бесчалавечнага грамадскага парадку прывёў Дастаеўскага да ідэй сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у рэвалюцыйным гуртку М.Петрашэўскага быў прыгавораны да пакарання смерцю, замененага катаргай. Пасля вяртання ў Пецярбург (1859) напісаў галоўныя свае творы: «Злачынства і пакаранне» (1866), «Ідыёт» (1868), «Д'яблы» (1871-1872), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879-1880). Даследуючы складаны і супярэчлівы свет чалавека, чые свабода і ідэалы знішчаюцца аб'ектыўнымі ўмовамі быцця, Дастаеўскі бачыў перамогу добрага пачатку не ў знешняй змене сацыяльнага асяроддзя, а найперш ва ўнутраным пераўтварэнні асобы. Апорай чалавеку служыць не столькі розум, колькі маральнае пачуццё, здольнае ўзвысіцца над эгаістычнымі і карыслівымі намерамі, дапамагчы знайсці сябе ў самаадданым служэнні іншым людзям. Без гэтага, на яго думку, немагчыма захаваць і развіць у сабе асобу. Ён лічыў, што калі хочаш жыць асэнсавана, трэба быць самім сабой, але жыць не для сябе. Перамагчы зло, што «тоіцца ў чалавецтве», можна толькі такім шляхам, хаця рэальнасць дасягнення гэтай мэты выклікала сумненне і ў самога пісьменніка. Рэвалюцыйны рух, пазбаўлены маральнай асновы, калі мэта апраўдвае сродкі, ён адвяргаў як антыгуманістычны. Дабро нельга навязваць сілаю, набыць коштам «злых» учынкаў. Асабісты прыклад «дабра ў дзеянні» мацней за любую тэорыю, любыя аргументы, і Дастаеўскі шукаў «станоўчага добрага чалавека». Пры ўсёй сваёй супярэчлівасці творчасць пісьменніка служыць гуманізму, барацьбе чалавецтва за ідэалы справядлівасці і дабра.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018