Ібн Сіна Абу Алі Хусейн Ібн Абдалах (латынізаванае - Авіцэна; каля 980-1037), арабскі мысліцель, філосаф, лекар, прыродазнавец, паэт. Меў рознабаковую адукацыю. У 17-гадовым узросце вылечыў ад цяжкай хваробы эміра Бухары, за што быў дапушчаны да багатай прыватнай бібліятэкі. За некалькі гадоў ён авалодаў практычна ўсімі тагачаснымі навукамі і стаў шырока вядомы ў арабскім свеце. Войны і рэлігійныя ганенні прымусілі яго большую частку жыцця вандраваць па Сярэдняй Азіі і Іране. Яго філасофія і навуковыя працы ўяўляюць сабой вялікі збор чалавечых ведаў пра свет. Сярод яго твораў (іх больш за 200) галоўнае месца займаюць «Кніга збавення» (ч. 1-18), «Кніга ведаў», «Канон медыцыны», па якіх некалькі стагоддзяў вучыліся лекарскаму майстэрству ў Эўропе і Азіі. Яго паэтычная творчасць садзейнічала станаўленню класічнай літаратурнай мовы (фарсі), у мастацкай форме прапагандавала асвету, навуку, каштоўнасці духоўнай культуры. Абапіраючыся на ідэі Арыстоцеля, адстойваў права чалавечага розуму на пазнанне ісціны, адхіляў рэлігійныя забабоны, лічыў справядлівасць асновай маральнай дабрачыннасці чалавека. Сцвярджаў, што дарога да дасканаласці, працвітання і дабрабыту асветлена ведамі, што сапраўдная культура немагчымая без навуковага пазнання свету, аднак яе трэба ахоўваць ад ваяўнічай неадукаванасці, скажэння і апашлення, інакш свет захлісне хваля нянавісці і цемрашальства. Сучаснікі называлі яго «князем вучоных».

Паведаміць пра недакладнасьць