ледавіковы // ледзяністы // ледзяны // ледніковы // лёдавы / лядовы

Ледавіковы. Разм. Тое, што і ледніковы.
На самай ростаньцы, з-пад аграмаднага ледавіковага каменя-валуна біла крыніца, і над ёю стаяў вялізны дубовы крыж. В.Карамазаў.

Ледзяністы. Які ператварыўся ў лёд; падобны на лёд.
Было пуста на вуліцы, паціскаў восеньскі марозік, пачынаў дзьмуць пранізлівы вецер, прапахлы ледзяністым халадком снегу. А.Жук.

Ледзяны.
1. Які мае адносіны да лёду; з лёду; абледзянелы.
Уначы яшчэ задыхаліся ад сцюжы, а ўдзень сляпіла вочы зыркае сонца, звінелі капяжы, з-пад сумётаў выбіваліся каламутныя раўчукі, Біязінка злізвала апошнія ледзяныя закрайкі і набухала празрыстай крынічнай вадою. С.Грахоўскі.
2. Вельмі халодны; халодны як лёд; застылы, адубелы.
Дакладная прыкмета: цецерукі нанач у снег зашываюцца - трашчаць марозу, гуляць ледзяным ветрам. Р.Ігнаценка.
3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны; халодна-раўнадушны, абыякавы.
Ледзяны позірк. Ледзяны выраз твару.

Ледніковы. Які мае адносіны да ледніка, глетчара.
Ледніковае покрыва. Ледніковыя азёры.

Лёдавы. Які адбываецца ў ільдах; які складаецца з ільдоў (часцей пра Паўночны Ледавіты акіян).
Дзякуй богу, ззаду засталіся лёдавыя прасторы паўночных мораў, айсбергі, туманы, праліў Вількіцкага, моцна забіты льдамі... Я.Бяганская.

Лядовы. Тое, што і лёдавы.
Карабель наш «Арол», атрыманы ў часе вайны ад амерыканцаў, не быў прыстасаваны для плавання ў лядовых шыротах, і нашы сябры і знаёмыя глядзелі на нас як на вельмі рызыкоўных людзей. Я.Бяганская.
Няправільна. Зноў дыхнуў лядовы (трэба: ледзяны) вецер. К.Буйло.

Паведаміць пра недакладнасьць