праніклівы // пранікальны // пранікнёны

Праніклівы. Які хутка і правільна разгадвае, глыбока разумее што-н.; здольны пранікнуць у сутнасць чаго-н.
Сінонім: здагадлівы.
Паўлюк не такі быў праніклівы, каб убачыць, што ў Чачыка на душы нешта кіпіць. І.Пташнікаў.

Пранікальны. Які прапускае праз сябе што-н. (ваду, святло і інш.).
Насенне зернебабовых культур уладае менш пранікальнай абалонкай у параўнанні са збожжавымі. А.Мароз.

Пранікнёны. Для якога характэрна хвалюючая шчырасць, сардэчнасць, унутраная перакананасць.
Я шукаў пранікнёных, узнёслых слоў, і словы такія знаходзіліся, яны клаліся на паперу прачулымі, шчырымі радкамі. І.Навуменка.
Няправільна. Пранікнёнае (трэба: праніклівае) вока мастака ўбачыла ўсё гэта, душа адчула важнасць і глыбіню ўбачанага, і з'явілася задума - смелая, высакародная, мастацкая. Полымя.

Паведаміць пра недакладнасьць