стамленне // стамляльнасць // стома // стомленасць
Стамленне. Страта сіл; зморанасць, стома.
Свежа стала на зямлі; лёгкае стамленне ахапіла ўсё цела. А.Чарнышэвіч.
Стамляльнасць. Схільнасць да хуткага стамлення.
Збядненне арганізма чалавека фосфарам прыводзіць да паніжэння працаздольнасці, стамляльнасці, нервовасці, раздражняльнасці. Хімія.
Стома. Аслабленне сіл, зморанасць ад цяжкай работы ці якога-н. занятку.
Зараз ён быў у нейкім забыцці ад нечалавечай стомы. І.Мележ.
Стомленасць.
1. Абяссіленне, зморанасць; бяссілле.
Адчуваючы вялікую млявасць і моцную стомленасць, мы выбраліся на край лесу і разораю між аўса рушылі ў цёмнае анямелае поле. В.Адамчык.
2. Спец. Змяненне механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялу пад уздзеяннем напружання і дэфармацыі.
Стомленасць металу.