старшы // старэйшы // старэчы

Старшы.
1. Вышэйшы па званню, пасадзе, службоваму становішчу.
Колышаў ужо сам сабой як бы стаў іх камандзірам. Ён быў сярод іх старшы па званні, і ўсе, нават сержант, камандзір аддзялення, чакалі яго каманд. І.Мележ.
2. Той, хто стаіць на чале якой-н. групы людзей; начальнік.
Выйшаў нарад пагранічнікаў, прыпыніўся і, пад каманду старшага, з вінтоўкамі на плячах, пашыбаваў па беразе абводнага канала крэпасці, гулка адбіваючы крок. М.Лупсякоў.
3. Больш блізкі да выпуску, да завяршэння вучобы (звычайна пра клас, курс).
Вучні старшых класаў рабілі кармушкі для птушак, шпакоўні. Беларусь.

Старэйшы.
1. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім-н.; самы дарослы сярод каго-н.
Маці заўсёды патрабавала ад нас гаварыць праўду, не ашукваць, не крыўдзіць слабых, паважаць старэйшых. У.Дамашэвіч.
2. Які даўно існуе, узнік, утварыўся.
Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» - старэйшае прадпрыемства Беларусі. ЛіМ.
|| Які даўно займаецца чым-н.; вопытны, спрактыкаваны.
П'ер Паола Пазаліні - старэйшы майстар італьянскага кіно. Маладосць.

Старэчы. Які мае адносіны да старога, характэрны для яго.
Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Я.Колас.

Паведаміць пра недакладнасьць