стракатаць // стракацець // стракаціць
Стракатаць. Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак).
Стракаталі конікі, густа і моцна пахла падсохлымі краскамі, аж кружылася галава ад гэтага духавітага настою. Л.Левановіч.
|| Утвараць рэзкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). Поле поўніцца жыццём - спорна і дробна стракоча жняярка. І.Мележ.
Стракацець.
1. Вылучацца сваёй стракатасцю; пярэсціцца; здавацца стракатым, рознакаляровым.
Імшары стракацяць рознакаляровымі сыраежкамі, бабкамі, падасінавікамі. Б.Сачанка.
2. перан. Змяшчаць шмат чаго-н. аднароднага, што часта паўтараецца.
Таўбін любіў ужываць словы-абрубкі, яго юныя вершы часамі стракацелі іншамоўнымі слоўцамі. С.Шушкевіч.
Стракаціць. што. Рабіць стракатым, надаваць стракаты выгляд.
Скрозь лісце бярозы, пад якой сядзела Зоя, прасочвалася мяккае святло і стракаціла зямлю, лаўку, Зоіны рукі, сукенку. А.Пальчэўскі.