узлезці // улезці
Узлезці. на што.
1. Залезці, узабрацца на што-н. высокае, на верх, на паверхню чаго-н.
Вязень узлез на столік, што стаяў пад акенцам, узяўся рукамі за краты, упёрся ў іх галавой і прагна глядзеў на турэмны двор. В.Таўлай.
2. Разм. Надзецца, налезці (пра адзенне, абутак).
Прымяраю, ці ўзлезе на плечы ватоўка, кашуля. А.Куляшоў.
3. Разм. Ступіць, уз'ехаць куды-н.
- Вясна сёлета была халодная, дажджы. На поле не ўзлезеш. А сеяць - сей. І.Пташнікаў.
Улезці.
1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго-н.
Толькі падумаю ехаць - а як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу людзей, нібы сосен у лесе. У.Карызна.
|| Пасяліцца, усяліцца куды-н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. М.Лужанін.
2. Залезці ў шкоду.
Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С.Александровіч.
3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго-н.
Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. В.Палтаран.
4. Разм. Умяшацца ў якую-н. справу.
У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. А.Асіпенка.