чытальніцкі // чытальны // чытацкі // чытабельны // чытэльны

Чытальніцкі. Які мае адносіны да чытальніка, дэкламатара.
Ужо ў школьныя гады ў яго ярка праявіліся чытальніцкія здольнасці.

Чытальны. Прызначаны для чытання, заняткаў з кнігамі, часопісамі.
Абабітыя цыратай дзверы чытальнай залы грукалі глуха і мякка. В.Адамчык.

Чытацкі. Які мае адносіны да чытача.
У артыкуле зусім няма канкрэтных фактаў, якія б ілюстравалі думкі аўтара, а гэта значыць, што ён не суадносіцца з практычным вопытам чытацкай аўдыторыі. Б.Стральцоў.

Чытабельны. Разм. Тое, што і чытэльны.
Не заўсёды яны [вершы] былі якаснымі, але нейкае пачуццё, нейкая думка, нейкі асаблівы настрой таго часу былі злоўлены, падкрэслены, што і рабіла вершы, як гаворыцца, чытабельнымі. П.Панчанка.

Чытэльны. Які лёгка чытаецца; які можна прачытаць.
У лепшым выпадку [Я.Колас] казаў: «глянь», - падсоўваў чыста перабелены цвёрдым чытэльным почыркам аркушык і адыходзіў убок. М.Лужанін.

Паведаміць пра недакладнасьць