Германовіч Язэп (1890-1978), каталіцкі святар усходняга абраду, манах-марыянін, місіянер, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог, пісьменнік, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Вінцук Адважны.

Нарадзіўся 20.02.1890 у мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай школе і ў гарадской школе ў Ашмянах. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Пасвячоны ў святары 29.06.1913. Тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібова, Вялікая Лапеніца). З 1921 г. - сябра Таварыства беларускай мовы. У 1924 г. уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Служыў пробашчам у Друі, дзе адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932 г. займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Харбіне (Маньчжурыя). Па стане здароўя ў 1936 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Кіраваў у Вільні Беларускім домам марыянаў. У 1938 г. дэпартаваны польскімі ўладамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены органам савецкай бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры. Пасля вызвалення быў змушаны выехаць у Польшчу, адкуль напрыканцы 1959 г. выехаў у Італію, пазней - у Вялікабрытанію. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс «Божым шляхам». Напісаў успаміны «Кітай-Сібір-Масква». Памёр 26.12.1978 у Лондане. Пахаваны на могілках св. Панкрата.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Г»; LVIA, ф. 604, воп. 6, спр. 757; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; ЭГБ, I; БП, I; Божым шляхам (Лондан). 1964. № 82; 1973. № 136; 1979. № 50; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1938. № 17; Беларус (Нью-Ёрк). 1979. № 262.

Паведаміць пра недакладнасьць