Матвейчык Антон (1889-1941), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 03.11.1889 у маёнтку Петрашоўцы Вільчукоўскай воласці. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Магдалена (з дому Чарнякоў) Матвейчыкі. У 1904-1906 гг. вучыўся ў мужчынскай 4-класнай навучальні пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны. Пасля яе заканчэння - у Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў як вікарый рымска-каталіцкай парафіі ў г. Самара. У заяве ад 19.08.1915 на імя вышэйшых духоўных улад Магілеўскай архідыяцэзіі выказаў жаданне вучыцца ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі на свой кошт. У сувязі з паступленнем на вучобу 09.09.1915 звольнены з пасады вікарыя Самарскай парафіі. З кастрычніка 1915 г. - студэнт Імператарскай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Петраградзе. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў-клерыкаў. 30.05.1918 камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Менск «для исполнения духовных треб местных католиков». Са студзеня 1919 г. служыў вікарыем, а пазней выконваў абавязкі пробашча ў мястэчку Крэслаўка Віцебскай губ. У 1922 г. прызначаны адміністратарам у парафію Спас Вілейскага дэканата. Потым служыў адміністратарам у парафіях Аборак і Скрыбавіцы Магілеўскай архідыяцэзіі (1930-1938). З беларускім хрысціянскім рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу. Памёр у 1941 г.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 226; LCIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; Directorium... Mohiloviensi; Stankievič A., 1939; Spis kościołów, 1973; 1979.

Паведаміць пра недакладнасьць