Равенскі Мікалай (1886-1953), культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў эміграцыі, кампазітар.

Нарадзіўся 05.12.1886 (па іншых крыніцах - 02.12.1886) у маёнтку Капленцы Ігуменскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сям'і Якуба Равенскага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў вясковай школе. Валодаў выключным музычным слыхам і добрым голасам. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Менскім архірэйскім хоры (1895-1902). З 1903 г. - дырыжор хору пры мужчынскім манастыры ў Менску. Пасля двух гадоў працы накіраваны ў Наваградак, дзе выкладаў спевы і музыку ў мясцовай школе, кіраваў царкоўным хорам. У 1911-1914 гг. вучыўся на 3-гадовых дырыжорскіх курсах у Маскве. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Наваградак. З пачатку Першай сусветнай вайны - у эвакуацыі. Працаваў на ваенным будаўніцтве. На пачатку 1919 г. пераехаў у Менск. Працаваў выкладчыкам музыкі ў школе і дырыжорам царкоўнага хору пры царкве св. Кацярыны. З 1920 г. - у Менскім беларускім рабочым клубе, дзе разам з У.Галубком арганізоўваў канцэрты і ўрачыстыя імпрэзы. Праследаваўся савецкімі ўладамі. У 1922 г. быў арыштаваны. Пасля вызвалення выконваў абавязкі хормайстра ў Менскім гарадскім тэатры. З групай вучоных і культурных дзеячаў выязджаў у экспедыцыю ад Інстытута беларускай культуры на Случчыну. Плённа працаваў як кампазітар. Напісаў музыку да п'есы «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча і кантату для хору «Курган» на словы К.Буйло. Выдаў «Зборнік песень з нотамі» (Менск, 1922), у які ўвайшлі народныя апрацоўкі і ўласныя творы на вершы беларускіх паэтаў. У 1924-1939 гг. абіраўся членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. Напрыканцы 1920-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з У.Дубоўкам. Напісаў музыку да шэрагу яго паэтычных твораў. У 1929 г. разам з паэтам распачаў працу над операй «Браніслава». З 1930 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю. Выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў Беларускім музычным тэхнікуме. Пазней працаваў у Беларускай кансерваторыі. У 1930-я гады зноў праследаваўся органамі бяспекі. З гэтай прычыны ў 1940 г. пераехаў у Магілеў. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз жыў у акупаваным Менску. У 1943 г. пераехаў у г. Чэрвень, дзе цалкам аддаўся сакральнай музыцы. Працаваў рэгентам мясцовага царкоўнага хору. Напісаў музыку на царкоўныя малітвы «Херувімская», «Милость Мира», «Верую», «Отче наш», «Достойно есть» і канцэрт «Слава в вышних Богу». Нанава напісаў знішчаную ў ліпені 1941 г. музыку да п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча «Залёты». З чэрвеня 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Актыўна займаўся музычнай творчасцю. Апрацаваў для хору нізку беларускіх народных песень. Пісаў музыку для беларускіх скаўтаў і жаночага ансамбля. Узнавіў музыку для вялікага хору «О, Беларусь, мая шыпшына» і арыю Браніславы з аднайменнай оперы, апрацоўваў народныя песні. З пераездам у Бельгію арганізаваў пры каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен студэнцкі ансамбль беларускай музыкі. Аўтар гімна-малітвы «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай) і песні на словы К.Буйло «Люблю наш край». Памёр 09.03.1953 (паводле іншых крыніц - 03.03.1953) у г. Лёвен.

Літ.: Беларусь (Нью-Ёрк). 1986. № 332; 1989. № 363; Рагуля Б.; Беларусь.

Паведаміць пра недакладнасьць