Хвецька Люцыян (1889-1944?), каталіцкі святар заходняга абраду, папскі шамбялян, ганаровы канонік Магілеўскай і Менскай капітул, магістр тэалогіі, рэлігійны, культурна-асветны і грамадскі дзеяч, ідэолаг і пачынальнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, журналіст, рэдактар, педагог, выдавец і публіцыст.

Нарадзіўся 22.11.1889 у в. Малышоўка (паводле іншых крыніц - Малашоўка) Дамброўскай парафіі Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Антон і Міхаліна (з дому Драчынскіх) Хвецькі. Скончыў Сакольскую гарадскую 3-класную навучальню (1904). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у жніўні 1911 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі і скончыў яе ў 1915 г. са ступенню магістра тэалогіі. Пасвячоны ў святары 31.05.1915 біскупам Я.Цеплякам. Сябра беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Заснавальнік першай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец беларускай каталіцкай газеты «Krynica». Заснавальнік беларускай каталіцкай выдавецкай суполкі. Выконваючы душпастырскія абавязкі, служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. Да 1918 г. - у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі. Пэўны час працаваў у семінарыі аканомам. Пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі прызначаны адміністратарам Пецярбургскага пракафедральнага касцёла. Арыштаваны ўладамі 10.03.1923. Праходзіў па справе біскупа Я.Цепляка. У мемарандуме беларускіх сеймавых паслоў-католікаў папу рымскаму ад 15.03.1923 быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі. У выніку палітычнага абмену паміж польскімі і савецкімі ўладамі 01.02.1925 быў вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу. У 1925-1926 гг. выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 1920-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Э.Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920-1931). З 1932 г. - пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзе займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. У 1933-1939 гг. - скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады. У гады Другой сусветнай вайны заставаўся на Піншчыне. Памёр у 1944 г.(?) у Стоўбцах пасля таго, як быў збіты нямецкай паліцыяй.

Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1476; ф. 46, воп. 3, спр. 251; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 3203/647; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Усходняя Беларусь; Krynica (Вільня). 1924. № 1-2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 8; Źnič (Рым). 1965. № 81; Dzwonkowski R., 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць