Шаптыцкі Раман Аляксандар (1865-1944), каталіцкі святар усходняга абраду, галіцыйскі мітрапаліт, львоўскі архібіскуп, манах-базыльянін, доктар права і багаслоўя, філосаф, украінскі рэлігійны, грамадска-культурны і незалежніцкі дзеяч, ідэолаг і аднавіцель вуніяцкага руху ва Ўсходняй Эўропе, прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі, мецэнат.

Нарадзіўся 29.07.1865 у мястэчку Прылбічы на Галіччыне. Паходзіў з вядомага ўкраінскага графскага роду Шаптыцкіх: бацькі - Іван і Зоф'я (з дому графоў Фрэдра) Шаптыцкія. Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кракава і Брэслаў. Служыў у аўстрыйскай арміі. З траўня 1888 г. - у навіцыяце айцоў базыльянаў у Дабрамышлі. Пасвячоны ў святары ў 1892 г. У 1900 г. уступіў у ордэн айцоў базыльянаў і прыняў імя Андрэй. Кіраваў навіцыятам. Пазней быў прызначаны ігуменам кляштара св. Ануфрыя ў Львове. Удзельнік украінскага незалежніцкага і нацыянальна-рэлігійнага руху. У 1901-1914 гг. абіраўся паслом у Галіцыйскі сейм. На пачатку 20 ст. сумесна з беларускімі незалежніцкімі дзеячамі братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі распрацаваў праект аднаўлення грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1907 г. на правах старшыні ўдзельнічаў у 1-м Вуніяцкім з'ездзе ў Інсбруку (Аўстрыя). Тайна наведаў Расейскую імперыю. Пабываў у Менску, Пецярбургу і Кіеве. У Вільні сустрэўся з беларускімі грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі. На пачатку 1908 г. знаходзіўся ў Рыме, дзе атрымаў ад папы Пія Х паўнамоцтвы на кіраванне колішняй Кіеўскай мітраполіяй. У час Першай сусветнай вайны арыштаваны расейскімі вайсковымі ўладамі. Быў высланы ў цэнтральную частку Расеі. Пэўны час знаходзіўся ў Курску, пазней - у Суздалі. Вызвалены пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Удзельнічаў у працы сабора расейскага каталіцкага духавенства. У час побыту ў 1917 г. ў Петраградзе сустракаўся з віднымі беларускімі нацыянальна-рэлігійнымі дзеячамі Б.Эпімахам-Шыпілам, Ф.Будзькам і В.Гадлеўскім. Кананічна зацвердзіў расейскі экзархат на чале са святаром Л.Фёдаравым. У 1920-1923 гг. шукаў падтрымку ўкраінскай нацыянальна-незалежніцкай справе ў Рыме. Падтрымліваў дзейнасць украінскіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый. У сваёй грамадска-палітычнай і рэлігійнай дзейнасці імкнуўся арганізаваць нацыянальна-хрысціянскі палітычны рух. Выступаў у абарону правоў украінскага і беларускага народаў. На працягу 1919-1923 гг. некалькі разоў арыштоўваўся савецкімі і польскімі ўладамі. У міжваеннае дваццацігоддзе матэрыяльна падтрымліваў беларускіх клерыкаў. Фінансаваў іх навучанне на тэалагічных факультэтах каталіцкіх універсітэтаў Заходняй Эўропы. Прымаў удзел у працы вуніяцкіх канферэнцый у Пінску. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую рэлігійную дзейнасць і паспрыяў утварэнню некалькіх каталіцкіх экзархатаў усходняга абрада (у тым ліку і беларускага). Аказваў падтрымку першаму беларускаму экзарху А.Неманцэвічу. Да 1941 г. быў прыхільнікам украінска-нямецкага супрацоўніцтва. Пазней адмовіўся ад падтрымкі ўкраінскіх арганізацый пранямецкай арыентацыі. Настойліва і паслядоўна прапагандаваў ідэю вуніяцтва для хрысціянскіх веравызнанняў. Памёр 01.11.1944 у Львове.

Літ.: Богословія (Львоў). 1926. № 7; Божым шляхам (Парыж). 1954. № 53; Źnič (Рым). 1955. № 34-35; WEP, ХІ.

Паведаміць пра недакладнасьць