Шутовіч Віктар (1890-1960), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 27.10.1890 у в. Шутавічы Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у народнай школе. Пазней вучыўся ў гарадской школе ў Ашмянах. З 1909 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. У гады вучобы належаў да беларускага культурна-асветнага гуртка. З гэтага часу стала звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам. Пасвячоны ў святары 16(29?).06.1913 у Вільні. Прадоўжыў вучобу за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917 г. і прыходам да ўлады бальшавікоў быў вымушаны спыніць вучобу. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў парафіі Барадзенічы Браслаўскага павета. Ад пачатку святарскай службы разгарнуў шырокую культурна-асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця ў мясцовай і навакольных каталіцкіх парафіях. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія рэлігійныя і свецкія выданні, перыёдыку. Арганізаваў некалькі беларускіх школ. За культурна-асветную дзейнасць праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Падвяргаўся публічным нападкам на старонках польскай «эндэцкай» прэсы. З 1925 г. некалькі разоў праводзілася следства па справе «антыдзяржаўнай дзейнасці» святара В.Шутовіча. У сувязі з гэтым ён пэўны час быў пазбаўлены права самастойна кіраваць парафіяй. З 1927 г. служыў вікарыем у польскай каталіцкай парафіі Тжцяннэ. У 1929 г. выехаў у ЗША, дзе знаходзіўся да жніўня 1932 г. Пасля вяртання з Паўночнай Амерыкі быў прызначаны вікарыем у мясцовасць Харошч, дзе прабыў да пачатку Другой сусветнай вайны. Супрацоўнічаў з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі. Асобнай кніжкай выдаў штодзённыя разважанні на месяц травень «Маёвая чытанка» (Вільня, 1940). У ваенны час не вёў актыўнай нацыянальна-рэлігійнай дзейнасці. Да 1943 г. заставаўся ў Харошчы. Пасля адступлення нямецкіх войск перабраўся ў Менск, дзе выконваў святарскія абавязкі на пасадзе пробашча кафедральнага касцёла. У снежні 1945 г. арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Да 1956 г. знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах у Комі АССР. Пасля адбыцця тэрміну зняволення вярнуўся ў Беларусь. Апошнія гады святарства правёў на пасадзе пробашча ў Барысаве, дзе і памёр 01.03.1960. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2221; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920. № 2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1938. № 17; Stankievič A., 1939.

Паведаміць пра недакладнасьць