Малая вячэрніца (Nyctalus leisleri Kuhl., 1819)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У фауне Беларусі адзін з 3 відаў роду вячэрніц.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 68 мм, перадплечча да 46 мм. Адносна доўгая, густая поўсць спіны карычнева-рыжая, з прыкметным бляскам. Ніз валос цямнейшы за канцы. Брушка больш светлае, чым спіна. Вушы, губы і лятальная перапонка чорна-бурыя. Валасяное покрыва перапонак і вушэй дасягае найбольшага развіцця ў параўнанні з другімі відамі вячэрніц. Кароткія акруглыя вушы - тоўстыя і грубыя. Казялок няправільнай булавападобнай формы. Крылы вузкія і доўгія. Эпіблема вялікая з добра выяўленай касцявой перагародкай.
Пашырэнне. Палоса шыракалістых лясоў Эўропы ад Ірландыі, Вялікабрытаніі і Швейцарыі да Сярэдняга Паволжа і Ўсходняга Каўказа. Паўднёвая мяжа арэала цягнецца ад Швейцарыі праз Румынію, Крым і Заходняе Закаўказзе. Паўночная мяжа ва Ўсходняй Эўропе праходзіць па лініі Себеж - Яраслаўль - Кузнецк Саратаўскай вобласці [1].
Месцы пражывання. Мяшаныя лесанасаджэнні з дуплістымі дрэвамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Трапляецца паасобку і невялікімі калоніямі ў 20-30 асобін. Адзначалася на Палессі (1899 г.), Гомельшчыне (1928 г.), у Віцебскай вобласці (1961 г.), Белавежскай пушчы (1957 г.).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, скарачэнне колькасці сховішчаў (дуплаватых дрэў), памяншэнне кармавой базы (насякомых) у выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У летніх сховішчах (дуплы дрэў) з'яўляецца ў пачатку траўня. На паляванне вылятае пасля заходу сонца. Спачатку ляціць на вадапой да сажалкі або рэчкі. Корміцца лускакрылымі і цвердакрылымі, якіх ловіць на ўзлесках, над прагалкамі, у рэдкіх парках. Сярэдзіну ночы праводзіць у сховішчы і зноў вылятае на паляванне на світанку. У пачатку лета самкі, якія размнажаюцца, жывуць невялікімі калоніямі ў дуплах. У чэрвені прыносяць 1-2 дзіцянят. У канцы ліпеня - пачатку жніўня вывадкавыя калоніі распадаюцца і да канца жніўня пакідаюць тэрыторыю Беларусі. На зімоўцы знойдзены ў Цэнтральнай Эўропе, дзе зімуюць у дуплах старых дрэў і на вышках будынкаў [2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду. Прапаганда аховы рукакрылых і іх сховішчаў.

Літ.: 1. Кузякин, 1950; 2. Курсков, 1981; 3. Положение, 1987.

А.Курскоў

Паведаміць пра недакладнасьць