Эўрапейская шыракавушка (Barbastella barbastella Schr., 1774)
Атрад Рукакрылыя (Chiroptera), сямейства Гладканосыя (Vespertilionidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробная лятучая мыш. Даўжыня цела 48-50, перадплечча 38,5-41 мм. Морда кароткая, тупая. Вушы вельмі шырокія, зрослыя каля асновы. Казялок няправільнай трохвугольнай формы. Крылы адносна вузкія і вострыя. Свабодны край перапонкі крыла прымацоўваецца да асновы вонкавага пальца нагі. Хвост доўгі, амаль роўны з даўжынёй цела. Кончык хваста выступае з добра развітай міжбедранай перапонкі. Эпіблема вузкая. Поўсць на спіне густая, высокая, чорна-бурая, на брушку больш светлая. Вушы і лятальная перапонка цёмна-бурыя.
Пашырэнне. Насяляе большую частку Заходняй і Паўднёвай Эўропы ад Вялікабрытаніі і поўдня Скандынавіі да правабярэжнай Украіны, Крым, Закаўказзе, Каўказ, Закарпацце, Малдову, Калінінградскую вобласць, заходнія раёны Летувы і сумежныя з Польшчай раёны Берасцейскай (адзначана ў вёсках Ясень, Белы Лясок, Перароў у Пружанскім раёне; у вёсках Каменюкі, Пашукі, Агароднікі ў Камянецкім раёне) і Гарадзенскай абласцей (в. Жаркаўшчына ў Свіслацкім раёне). Далей на ўсход Беларусі не трапляецца. Аб знаходцы шыракавушкі ў 1918 г. ўказвае Рорыг [1].
Месцы пражывання. Улетку - мяшаныя лясы з дуплаватымі дрэвамі, нішы і ашалёўка пабудоў. Зімой (лістапад-сакавік) - склепы, падвалы, сховішчы для агародніны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невялікая. У красавіку-чэрвені трапляецца паасобнымі экземплярамі, у ліпені-верасні самкі з дзіцянятамі ўтвараюць невялікія калоніі. У Гарадзенскім краязнаўчым музеі захоўваецца 12 тушак гэтага віду, здабытых у 1925-1940 гг. у наваколлі Горадні. У Белавежскай пушчы ў 1956-1980 гг. было адлоўлена 18 адзіночных асобін і калонія з 15 шыракавушак. Скапленне гэтага віду (больш за 300 асобін) на зімоўцы ў сховішчы для гародніны адзначана ў цэнтры Белавежскай пушчы. Звяркі, сярод якіх самцоў 64,8%, штогод (з 1982 г.) зімуюць у шчылінах бетонных перакрыццяў. У 1982-1985 гг. штогод кальцавалася да 100 звяркоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, скарачэнне колькасці сховішчаў, а таксама кармавой базы ў выніку прымянення пестыцыдаў.
Асаблівасці біялогіі. У пачатку красавіка з'яўляецца ў летніх сховішчах. Актыўная ноччу. На паляванне вылятае адразу пасля заходу сонца. Корм - двухкрылыя, шыцікі, аўсянікі, дробныя соўкі і агнёўкі, ліставёрткі і дробныя жукі - ловіць у алеях паркаў, садоў, на ўзлесках, над агародамі і сажалкамі, паблізу будынкаў. У сярэдзіне чэрвеня самка прыносіць адно дзіцяня. Малыя растуць хутка і ў канцы жніўня амаль дасягаюць памераў дарослых, ад якіх адрозніваюцца больш светлай афарбоўкай поўсці. У Белавежскай пушчы 7 ліпеня 1962 г. была адлоўлена самка, акальцованая 20 лістапада 1959 г. на зімоўцы ў падвале будынка на адлегласці 0,5 км ад месца паўторнага адлову. Звычайна зімуюць паасобку або невялікімі групамі (2-3 асобіны). Вяртанне на другі год акальцованых асобін у сховішча склала больш за 20% [1, 2].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [3].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, вывучэнне біялогіі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Курсков, 1981; 2. Курсков, 1986; 3. Положение, 1987.

А.Курскоў

Паведаміць пра недакладнасьць