Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Скапіныя (Pandionidae)
Статус. I катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від адносіцца да монатыпічных роду і сямейства.
Кароткае апісанне. Буйная птушка. Даўжыня цела да 65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў да 1,45-1,7 м. Верх цёмны, ніз белы з цёмнай палосай упоперак грудзей і цёмнай плямай на выгіне крыла.
Пашырэнне. Касмапаліт. Трапляецца ў Эўразіі, Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі, некаторых прыбярэжных раёнах Афрыкі. У Беларусі ў гнездавы перыяд адзначаецца па ўсёй тэрыторыі, часцей у Паазер'і.
Месцы пражывання. У Беларускім Паазер'і 80% папуляцыі скапы гняздуецца на вярховых балотах, радзей гнёзды сустракаюцца на асобных высокіх старых хвоях сярод высечак, маладнякоў і бязлесых забалочаных поймаў [2, 3], адзначаны выпадак гнездавання ў забалочаным чорнаалешніку [3]. У аналагічных біятопах адзначана на гнездаванні і ў іншых раёнах Беларусі. Палюе на чыстых плёсах вадаёмаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Да 1970 г. у Беларусі былі вядомы толькі 3 гнязды [4, 5]. У 1976-1991 гг. у Беларускім Паазер'і адзначана каля 50 гнездавых тэрыторый скапы [3, 6, 7]. Агульная колькасць яе тут не больш за 100-120 пар [7, 8], не меней за 9 пар гняздуецца ў Бярэзінскім запаведніку [3]. Для іншых раёнаў Беларусі колькасць не вызначана. Скапа гнездавалася ў 1986 г. ў Рэчыцкім раёне [9], у 1979-1985 гг. у басейне воз. Нарач штогод гнездаваліся 1-2 пары [10, 11], у 1985 г. гнездавалася ў наваколлі Мядзеля [10], у траўні 1985 г. сустрэта на сажалках у Пружанскім раёне [11], у 1986-1987 гг. у гнездавы перыяд групамі па 3-8 асобін палявала на сажалках рыбгаса «Волма» ў Чэрвеньскім раёне [13]. У 1977 г. гнездавалася ў Камарынскім лясгасе Гомельскай вобл. [14]. Гняздо скапы ёсць паблізу калоніі шэрых чапляў у Лунінецкім раёне [15]. На пралётах птушка рэгулярна сустракаецца па поймах рэк у Белавежскай пушчы [16]. Папуляцыя ўстойлівая, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да нязначнага яе павелічэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Браканьерскі адстрэл на вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках [6, 8, 17]. Паводле даных пра гібель скоп, акальцаваных у Фінляндыі, у час міграцый 47% іх гіне з-за адстрэлу, 12% - у рыбалоўных сетках, 4% - на электралініях [18]. Вялікая частка гнёздаў разбураецца ў час моцных вятроў і ліўняў [2, 3, 10]. Скарачэнне месцаў, прыдатных для гнездавання, спадарожнічае працэсу асваення вярховых балот [19]. Плошча кармавых біятопаў скапы ў сувязі з будаўніцтвам новых вадасховішчаў і рыбагадоўчых сажалак павялічваецца, а гнездавых, наадварот, змяншаецца з прычыны асваення вярховых балот. Вядомы выпадкі вымання кладак калекцыянерамі [11].
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца ў перыяд крыгалому. Гнёзды часцей будуе на вяршынях хвой на вышыні ад 5-7 м на сфагнавых балотах да 25-32 м на асобных дрэвах сярод высечак [2, 10], зрэдку будуе іх на чорных вольхах, бярозе, дубе, апорах ЛЭП, сухастойных дрэвах [3, 6, 12, 20]. Гнёзды звычайна знаходзяцца на адлегласці 0,1-4 км ад кармавых вадаёмаў, вельмі рэдка непасрэдна каля іх берагоў [10]. На гнездавым участку звычайна ёсць 2-3, вельмі рэдка 1 гняздо [2, 3, 10]. Размнажаецца з канца красавіка. У першыя дні траўня самка звычайна ўжо наседжвае яйкі. Вылупленне птушанят адзначаецца ў канцы першай дзесяцідзёнкі чэрвеня, іх вылет - у другой палове ліпеня. На кожную пару, што прыступіла да размнажэння, прыпадае па 2,7-2,8 яйка памерамі 62,5 x 46,5 мм, па 2,1 птушаняці і 1,6 злётка [7]. Корміцца ў асноўным рыбай (часцей шчупаком, ляшчом, акунём), выпадкова здабывае птушак, унікальны корм - малюскі [8].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Забаронены здабыча і разбурэнне гнёздаў птушкі [21]. У Беларускім Паазер'і вакол гнёздаў скапы вылучаюцца ахоўныя зоны радыусам 250 м, праводзяцца паспяховыя доследы па яе прывабліванню на штучныя гняздоўі [19, 22]. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку і шэрагу разнапрофільных заказнікаў, у склад якіх уваходзяць вярховыя балоты і азёры. Уключана ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».
Неабходныя меры аховы. Збудаванне штучных асноў для гнёздаў, асабліва ў бязлесых раёнах. Забарона асваення вярховых балот і палявання на рыбагадоўчых сажалках. Прапаганда аховы драпежных птушак.
Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ивановский, 1983; 3. Цішачкін (асаб. павед.); 4. Федюшин, Долбик, 1967; 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Тишечкин, Ивановский, 1990; 8. Ивановский, 1985 а; 9. Самусеў (асаб. павед.); 10. Нікіфараў, Гембіцкі, 1983; 11. Нікіфараў (асаб. павед.); 12. Грычык, Нікіфараў (асаб. павед.); 13. Казулін (асаб. павед.); 14. Рекомендации по охране птиц, 1980; 15. Самусенко, Петровский, Клакоцкий, 1981; 16. Ракоўскі (асаб. павед.); 17. Вадковский, 1971; 18. Saurola, 1980; 19. Ивановский, 1985 б; 20. Нікіфараў, Зуёнак, 1986; 21. Положение, 1987; 22. Ивановский, 1985 в.
У.Іваноўскі