Арол-карлік (Hieraaetus pennatus Gm., 1788)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 прадстаўнікоў роду ў фауне Палеарктыкі, мае 2 падвіды [1] і прынцыповае значэнне ў захаванні генафонду.
Кароткае апісанне. Невялікі даўгахвосты арол, крыху большы за варону. Даўжыня птушкі 50-60 см, маса не перавышае 900 г, размах крылаў каля 1,2 м. Трапляюцца птушкі цёмнай (больш-менш аднатоннай цёмна-бурай) і светлай (спіна бледна-бурая, ніз цела белы або бураваты, часам з папярочнымі стракацінамі) афарбоўкай. Патыліца і задні бок шыі крыху святлейшыя за спіну. Махавыя пёры чорна-бурыя. Хвост цёмна-буры з слабавыразным больш светлым папярочным малюнкам. Дзюба чарнаватая, васкавіца і лапы жоўтыя, кіпцюры чорныя. Характэрны голас - высокі звонкі посвіст, які паўтараецца.
Пашырэнне. Паўднёвая Эўропа, Украіна, Смаленская, Тульская і Варонежская вобласці Расеі, Каўказ, Сярэдняя Азія і далей да Алтая, верхняй Лены і паўднёва-ўсходняй часткі Забайкалля, Паўночна-Заходняя Афрыка [2]. У Беларусі пашыраны толькі ў паўднёвых раёнах, на поўнач не далей за шырату Гомеля. У 1916 г. гнездаванне даказана для Пінскага раёна [3], у 1951, 1952, 1956 гг. - для Белавежскай пушчы [4], у 1956 г. ў пушчы было знойдзена яшчэ адно гняздо арла-карліка з двума птушанятамі [5]. У 1974 г. гнездаванне даказана для Рэчыцкага [6], а ў 1978 г. для Гомельскага раёнаў [7].
Месцы пражывання. Старыя хвойна-шыракалістыя лясы, дубравы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Вельмі невялікая. Штогод адзначаецца не больш 8-10 пар. Прычыны невялікай колькасці і тэндэнцыі яе змянення не высветлены.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Невядомыя. У якасці магчымых фактараў называюць рэдкасць старых саснова-ялова-дубовых лясоў і дубраў, уплыў фактару неспакою, браканьерства, якое пабуджаецца прадузятымі адносінамі паляўнічых да драпежных птушак.
Асаблівасці біялогіі. Час прылёту не ўстаноўлены. Гняздуецца ў дубова-сасновых і дубова-яловых лясах і дубравах. Гнёзды робіць на бакавых галінах дубоў і елак на вышыні ад 8 да 18 м. Выкарыстоўвае гнёзды іншых драпежных птушак, чорных буслоў, чапляў. У кладцы 1-3 белыя ці зеленавата-белыя яйкі памерамі 55,2 x 44,7 мм [3]. Паміж 2 і 8 траўня яйкі ў гнёздах ужо злёгку наседжаныя [5, 6]. Птушаняты вылупліваюцца ў сярэдзіне чэрвеня; апераныя, але яшчэ нялётныя птушаняты адзначаны ў канцы ліпеня. Пераважна арнітафаг: ловіць шэрых курапатак, бакасаў, драчоў, галубоў, сарок, драздоў, кнігавак, дзятлаў, курэй. З млекакормячых нападае на хамякоў, андатраў, вадзяных пацукоў, жаўтагорлых мышэй, вавёрак [4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча віду ў Беларусі забаронена. Прадугледжаны штраф за незаконную здабычу птушкі і за вынутае з гнязда яйка [8].
Неабходныя меры аховы. Абсалютнае запаведванне лясных кварталаў з гнёздамі птушак з сакавіка па верасень. Прапаганда карыснай ролі драпежных птушак, выключнасці рэдкіх відаў для захавання генафонду арнітафауны Беларусі.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Гаўрын (асаб. павед.); 5. Галадушка, 1959; 6. Самусеў (асаб. павед.); 7. Шокала (асаб. павед.); 8. Положение, 1987.

М.Долбік, Ю.Вязовіч

Паведаміць пра недакладнасьць