Прасянка (Emberiza calandra L., 1758)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Аўсянкавыя (Emberizidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, які ў невялікай колькасці застаецца на зімоўку.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік пашыранага політыпічнага роду. Адзін з 4 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка значна буйнейшая за вераб'я, шчыльнага целаскладу. Даўжыня цела да 19 см, маса да 60 г. Спінны бок бура-шэры. Горла, грудзі і брушка брудна-белыя з бурымі падоўжнымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Самцы крыху буйнейшыя за самак.
Пашырэнне. Эўразія і поўнач Афрыкі. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўночная мяжа арэала. Параўнальна нядаўна (1950-1960-я гг.) была вядома толькі ў паўднёвай палове краіны як нешматлікая гнездавальная, часткова аселая птушка, паўночная мяжа гнездавання якой праходзіла па лініі Шчучын - Пінск - Мазыр - Рэчыца [1, 2]. У 1974-1979 гг. неаднаразова адзначалася ў Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах [3]. Самае паўночнае месца гнездавання прасянкі ў краіне - наваколле Горадні, дзе ў 1986 г. знойдзены 4 гнязды [4], а паўночная мяжа пашырэння - в. Слабодка Ашмянскага раёна, дзе 21.09.1987 г. назіралі пару дарослых птушак [5]. У апошнія дзесяцігоддзі адзначана ў Нясвіжскім, Стаўбцоўскім [3], Чэрвеньскім [6], Гарадзенскім [4], Ашмянскім [5], Пружанскім [7], Берасцейскім, Пінскім [8], Столінскім [9], Івацэвіцкім [10] і Гомельскім [11] раёнах, што сведчыць аб спарадычным пашырэнні віду.
Месцы пражывання. Культурны ландшафт. Засяляе адкрытыя біятопы: сухадольныя лугі, палеткі (пераважна засеяныя шматгадовымі травамі) пры наяўнасці сярод іх высокай травы і курцін леташняга пустазелля. Трапляецца на ўзлесках, ускраінах садоў і маладых насаджэнняў. У Столінскім раёне адзначана сярод верасавых пустэчаў, якія перамяжоўваюцца з невялікімі балотамі, бярозавым рэдкалессем і маладымі пасадкамі сасны [9].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядомая, аднак, мяркуючы па літаратурных звестках, няўстойлівая па гадах [12]. У спрыяльныя гады шчыльнасць у гнездавы перыяд можа быць дастаткова высокай. У ліпені 1974 г. на маршруце працягласцю 2,2 км паміж в. Караліна і в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі раён) былі ўлічаны 4 спяваючыя самцы [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вызначаны. Магчыма, знішчэнне кладак і птушанят у час сельскагаспадарчых работ.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца ў сакавіку-красавіку. Шлюбныя песні (ціхае і кароткае, скрыпучае верашчанне) чуваць з сакавіка да восені. Гняздуецца парамі, аднак, у выпадку, калі пераважае колькасць самак, схільна да полігаміі. Гняздо з сухіх сцяблоў травы, карэньчыкаў, радзей з валасоў і пер'я будуе сярод травы, часцей у невялікім паглыбленні. Кладка з 4-5 яек памерамі 24,2 x 17,7 мм у канцы траўня - пачатку чэрвеня, у ліпені магчыма другая. Наседжванне 12-14 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 9-12 сутак. Пасля пад'ёму на крыло трапляюцца ў чародах з іншымі вераб'інымі. На аўсяным полі каля в. Чэрні Берасцейскага раёна назіралі даволі многа маладых і дарослых прасянак разам з лугавымі чаканамі і палявымі жаваранкамі [6]. У канцы лета вывадкі аб'ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін. Птушкі, якія застаюцца на зімоўку, трымаюцца разам са звычайнымі аўсянкамі і вераб'ямі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў гнездавання. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, 1959; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Шкляроў (асаб. павед.); 4. Гулеўскі (асаб. павед.); 5. Загарэнка (асаб. павед.); 6. Манулік (асаб. павед.); 7. Воронин, 1967; 8. Шокала (асаб. павед.); 9. Ямінскі (асаб. павед.); 10. Дзямянчык (асаб. павед.); 11. Чуяшкоў (асаб. павед.); 12. Портенко, 1960.

Л.Шкляроў

Паведаміць пра недакладнасьць