Малы пагоніч (Porsana parva Scop., 1769)
Атрад Жураўлепадобныя (Gruiformes), сямейства Пастушковыя (Rallidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, біялогія якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 2 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка памерам са шпака. Даўжыня цела да 20 см, маса 50-60 г. Апярэнне спіны аліўкава-бурае з цёмнымі стракацінамі, шыя і брушны бок аспідна-шэрыя без выразных палос, надхвосце паласатае. У самак на горле вохрыстае або рыжаватае адценне. Ногі ў самца і самкі зеленаватыя. Дзюба кароткая, сціснутая з бакоў, чырвоная каля асновы і зеленавата-жоўтая на канцы.
Пашырэнне. Заходняя Эўразія (за выключэннем паўднёвага захаду і поўначы) і Малая Азія. На поўнач трапляецца да Прыбалтыкі і цэнтральных абласцей Расеі, на поўдзень - да Чорнага мора, дэльты Волгі, паўднёвага захаду Сібіры. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. Верагодна, пашыраны паўсюдна, але мазаічна. Да 1940-х гг. адзначаўся для Пінскага і Брагінскага раёнаў [1-3]. У пасляваенны перыяд знойдзены ў Гарадзенскім (наваколле в. Гожа), Лунінецкім (рыбгас «Лахва», старарэччы Прыпяці), Гарадоцкім (азёры Коша, Бурачкоўскае), Бярозаўскім, Пружанскім і Мядзельскім раёнах [3-8].
Месцы пражывання. Аддае перавагу ўзбярэжжам азёр з шырокай палосай зараснікаў трыснягу, рагозу, пажарніцы; старарэччам, зарослым гарлачыкамі; асаковым балотам з зараснікамі вярбы. Радзей трапляецца на сажалках. Патрабавальны да наяўнасці ўчасткаў глыбокай вады, багны і цяжка даступных месцаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У пачатку 20 стагоддзя быў не толькі звычайным, але і вельмі шматлікім на Піншчыне [1]. У 1930 г. ў Брагінскім раёне (азёры Сперыж і Крукаўскае, рэкі Брагінка і Несвіч) трапляўся часцей, чым іншыя віды пастушковых [3]. У 1940-50-я гг. быў звычайным у Гарадзенскай вобласці [4], рыбгасе «Лахва» [3]. У жніўні 1976 г. па старарэччах Прыпяці (наваколле в. Лахва) яго колькасць была ў 3-4 разы ніжэй, чым вадзянога пастушка [5]. Рэдкі на гнездаванні ў Паазер'і [6]. Агульная колькасць у Беларусі невядомая, але, як відаць, скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Дэградацыя месцаў пражывання ў выніку меліярацыі балот і іх гаспадарчага асваення.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца звычайна ў першай палове, у асобныя гады - у другой палове красавіка. Гняздо размяшчае на заломах трыснягу, чароту, асакі або ў курціне травяністай расліннасці, нярэдка сярод галін затопленага вербняку. У кладцы ад 6 да 9 (часцей 7-8) глініста-шэрых або шаравата-жоўтых з іржава-рыжаватай плямістасцю яек памерамі 30,6 x 21,5 мм. Знаходкі поўных кладак з траўня па чэрвень сведчаць аб магчымасці паўторнага гнездавання. Наседжаныя і слаба наседжаныя кладкі трапляюцца звычайна ў канцы траўня - першай палове ліпеня [3, 4]. Наседжваюць абедзве птушкі 20-21 суткі. Адлёт на месца зімоўкі (Міжземнамор'е, Малая Азія, Афрыка) у канцы жніўня-верасні. Асобныя птушкі трапляліся ў Пінскім раёне і ў кастрычніку [3].
Развядзенне. Вядомы адзінкавыя выпадкі ўтрымання ў няволі (да 1,5 года).
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і стварэнне комплексных водна-балотных заказнікаў. Абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, звязанай са змяненнем узроўню грунтовых водаў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Шнитников, 1913; 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Сямашка, 1956; 5. Шкляроў (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Нікіфараў (асаб. павед.); 8. Грычык (асаб. павед.).

Л.Шкляроў

Паведаміць пра недакладнасьць