Рыбец (Vimba vimba L., 1758)
Атрад Карпападобныя (Cypriniformes), сямейства Карпавыя (Cyprinidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. З усіх карпавых найбольш каштоўная прамысловая рыба, вылучаецца вельмі смачным і далікатэсным мясам.
Кароткае апісанне. Цела ўмерана падоўжанае, злёгку сціснутае з бакоў, укрытае адносна буйной шчыльнай луской. У бакавой лініі 56-64 лускавінкі. Паміж галавой і спінным плаўніком свабоднае ад лускі паглыбленне, раўчук, за спінным плаўніком укрыты лускою кіль (паміж брушнымі і анальным плаўнікамі без лускі). Спінны плаўнік кароткі, з 3 простымі і 8-10 разгалінаванымі прамянямі. Анальны плаўнік падоўжаны, мае 3 простыя промні і 17-21 разгалінаваныя. Галава падоўжаная, рот ніжні, паўмесяцавы, рыла з мясістым прыдаткам. Афарбоўка цела серабрыстая, у перыяд нерасту спіна і бакі цямнеюць, парныя і анальныя плаўнікі чырванеюць.
Пашырэнне. Басейны Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага і Каспійскага мораў [1, 4]. У Беларусі ёсць у рэках басейнаў Нёмана, Дняпра, Заходняй Дзвіны і Заходняга Буга [1].
Месцы пражывання. Лічыцца прахадной рыбай [1], аднак у Беларусі належыць да тыпова прэснаводных відаў, якія пастаянна застаюцца ў рэках [2]. Як правіла, займае сярэднія і ніжнія ўчасткі рэк. У той жа час у сувязі з гідратэхнічным будаўніцтвам на рэках затрымліваецца ў вадасховішчах [2, 3]. Гадавы цыкл жыцця рыбца вывучаны недастаткова, але вядома, што высокая патрабавальнасць да ўмоў размнажэння абумоўлівае міграцыі віду высока ўверх па цячэнню і ўваходжанне ў некаторыя прытокі рэк. Пасля нерасту рыбец масамі скочваецца ўніз па цячэнню да месцаў свайго пастаяннага пражывання, дзе трымаецца глыбокіх участкаў з добрапраточнай вадой, звычайна ніжэй камяністых перакатаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Раней даволі часта вылоўлівалі на рыбапрамысловых рэках, але ўлічвалі рыбца прамысловай статыстыкай разам з іншымі карпавымі рыбамі. За апошнія гады ўловы зменшыліся, запасы знаходзяцца на мяжы поўнага вычарпання [2, 3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне рэк; пагаршэнне ўмоў размнажэння; бескантрольная здабыча, асабліва ў перыяд скочвання вытворнікаў з нерасцілішчаў, у т.л. рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі; гібель вялікай колькасці моладзі ад драпежнікаў.
Асаблівасці біялогіі. Дасягае даўжыні 50 см і масы 1 кг, але ва ўловах звычайныя памеры складаюць 30 см даўжыні і 0,4-0,5 кг масы. Полавая спеласць ва ўзросце 4 гады. Нераст каля сярэдзіны траўня на ўчастках рэк з хуткай плынню і буйна-зярністым пясчана-камяністым дном, чыстым ад глею. Плоднасць 30-70 тыс. ікрынак. Моладзь жывіцца дробнымі беспазваночнымі, дарослая рыба - малюскамі, чарвямі, разнастайнымі доннымі ракападобнымі, буйныя асобіны паядаюць рыбу.
Развядзенне. Ікра праходзіць інкубацыю на рыбазаводах, а моладзь выпускаюць у вадаёмы [4].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры па ахове не прымаліся. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона здабычы; узмацненне кантролю і штрафных санкцый за незаконную здабычу; дакладны ўлік і паляпшэнне стану нерасцілішча; прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Берг, 1949; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1983; 4. Жизнь животных, 1983.

П.Жукаў, Т.Шаўцова

Паведаміць пра недакладнасьць