Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Жаба вастрамордая (Rana terrestris)

Земнаводнае сямейства сапраўдных жаб. Належыць да групы бурых жаб. Даўжыня цела 4-7 см, маса 5-30 г. Цела крыху ўкарочанае і расшыранае, зграбнае. Морда завостраная. Ад вачэй праз барабанныя перапонкі амаль да плячэй ідзе цёмная скроневая пляма, якая паступова звужаецца. У некаторых асобін яе няма або яна невыразная. Спіна светла-аліўкавая, светла-бурая, чырванавата-цагельная ці амаль чорная. Бруха аднатоннае, светлае. Важная адметная прыкмета - высокі ўнутраны пятачны бугарок, сціснуты з бакоў, у 1,5-2 разы карацейшы за першы палец. Лічынка, або апалонік, мае цёмна-карычневую або амаль чорную афарбоўку. Хвост завостраны. Прамежак паміж вачамі ў апалонікаў прыкладна роўны шырыні ротавага дыска і крыху большы за прамежак паміж ноздрамі, на верхняй губе ротавага дыска 2-3 рады зубоў, на ніжняй - 3.

Пашырана ў Эўропе да паўночна-ўсходняй часткі Францыі, поўдня Швецыі і Фінляндыі, на поўдні да Адрыятычнага мора, на ўсходзе - да Ўрала; трапляецца таксама ў Заходняй і Сярэдняй Сібіры, на поўначы Казахстана, на ўсходзе арэала даходзіць да Алтая і Якуціі. Вастрамордая жаба - адзіны від амфібій у тундры, жыве ў лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах, а таксама ў пустыні (паўночны Казахстан) і ў гарах да вышыні 800 м над узроўнем мора.

У Беларусі гэта жаба трапляецца практычна ўсюды: у лясах, на лугах, балотах, на раллі, палях, у садах, агародах, парках, на абочынах дарог, каля жылля. Часцей яна насяляе ўвільготненыя лісцевыя лясы (алешнікі, дубровы, бярэзнікі) і пойменныя лугі. У той жа час гэта самая засухаўстойлівая асобіна сярод жаб трапляецца і ў хвойніках, на сухадольных лугах, па сухіх абочынах дарог. Трэба падкрэсліць, што ў любым выпадку важнейшай умовай жыцця вастрамордай жабы з'яўляецца наяўнасць у наваколлях прыдатных для размнажэння вадаёмаў. Агульны тон афарбоўкі цела гэтай амфібіі можа змяняцца ў залежнасці ад тэмпературы, вільготнасці і асвятлення. У сонечнае надвор'е ён прыкметна святлее. Жабы, якія жывуць на адкрытых сухіх месцах, больш светлыя ў параўнанні з тымі, якія трапляюцца ў густых і вільготных зарасніках травы, хмызняках, лясах.

Вастрамордай жабе ўласцівы дакладна выяўлены полімарфізм па малюнку спіны, які праяўляецца пасля метамарфозу. Ён мае некалькі асноўных варыянтаў. Пры плямістым малюнку на спіне праглядаюцца плямы (ад 2-3 да вялікай колькасці плям, якія ўсейваюць усю спіну), даволі зменлівыя па форме, памерах і размяшчэнні. Нярэдка плямы ўздоўж хрыбта зліваюцца, утвараючы 2 паралельныя цёмныя паласы. У рабых вастрамордых жаб спіна ў дробных цёмных крапінках, колькасць якіх можа быць рознай. Калі крапінак шмат, спіна жаб набывае своеасаблівы «леапардавы» малюнак. У чыстым варыянце адзначаецца поўная ці амаль поўная адсутнасць плям і крапінак. Ёсць варыянт, калі светлая паласа праходзіць уздоўж хрыбта і пасярэдзіне галавы, якая нібы падзяляе цела на 2 часткі. Іншы раз яна невыразная, з размытымі контурамі, праходзіць ад анальнай адтуліны да галавы або да сярэдзіны тулава. Асобіны з выразнай паласой трапляюцца толькі ў папуляцыях у паўднёвых раёнах краіны (поймавая зона і прылеглыя тэрыторыі р. Прыпяць). Для вастрамордай жабы характэрна наяўнасць Л-падобнай патылічнай плямы. Яе форма даволі зменлівая. Напрыклад, рыскі ў верхняй частцы могуць быць раз'яднаны або мець выгляд штрыхавых ліній. Іншы раз Л-падобная пляма вельмі невыразная або наогул адсутнічае. Афарбоўка ніжняй часткі цела рэзка адрозніваецца ад верхняй. Брушка і горла звычайна белага колеру, нярэдка з жаўтаватым адценнем. У некаторых асобін на горле цёмныя, звычайна размытыя плямы. Ёсць яны і на пярэдняй частцы бруха. Самцы ў шлюбны перыяд набываюць вельмі прыгожую серабрыста-блакітную афарбоўку. На першых пальцах пярэдніх канечнасцей развіваюцца суцэльныя (не падзеленыя на долькі, як у травяной жабы) шлюбныя мазалі для ўтрымання самак.

Сярод вастрамордых жаб трапляюцца асобіны з 6 (замест 5) пальцамі на задніх канечнасцях. Абследаванне больш як 4 тысяч экзэмпляраў гэтага віду на тэрыторыі краіны паказала, што 0,62% з іх маюць па 6 пальцаў на абедзвюх канечнасцях і 0,14% - на адной з іх. Заўважана аднойчы і лягушка з 7 пальцамі на адной з задніх канечнасцей. У асобных папуляцыях (Верхнядзвінскі, Чэрыкаўскі раёны) назіраецца адносна масавая полідактылія (шматпальцавасць): сярод сяголеткаў да 2,95-3,14%, сярод дарослых да 1,50-2,42%.

У сярэднім па краіне шчыльнасць засялення вастрамордай жабы складае каля 260 экзэмпляраў на 1 га. Паказчыкі шчыльнасці даволі зменлівыя - колькасць жаб у розных месцах можа значна адрознівацца. Усё залежыць ад вільготнасці, зацененасці, наяўнасці ўкрыццяў, корму. Так, напрыклад, самая вялікая шчыльнасць вастрамордых жаб адзначана ў алешніках - да 900-3000, а іншы раз і да 6000 экз/га. Гэта значыць, што на 100 м маршруту можна сустрэць 18-120 жаб. У дубровах з добрым травяністым пакрыццём шчыльнасць жаб каля 500 асобін на 1 га, у ельніках - 50-100, у бярэзніках - звычайна 15-60. Аднак у некаторых вільготных бярэзніках шчыльнасць вастрамордых жаб дасягае больш за 1550 экз/га. Менш за ўсё іх у хвойніках, дзе звычайна мала корму, там на 1 га прыпадае толькі 3-10 асобін, гэта значыць у лепшым выпадку на 1 км шляху трапляецца 1 жаба. На вільготных лугах шчыльнасць складае больш за 1000 асобін на 1 га, на поймавых - каля 350, на сухадолах - толькі 10-50. У моцна затопленых вясной лясах вада стаіць вельмі доўга, і вастрамордыя жабы пазбягаюць такіх месцаў, паколькі з'яўляюцца сухапутнымі жывёламі. З-за гэтага ў першай палове лета на пойменных заліўных лугах Прыпяці жаб даволі мала; толькі калі вада знікае, жабы мігрыруюць на лугі з пойменных лясоў.

Найбольш актыўныя вастрамордыя жабы вечарам, прыкладна з 20 да 23 гадзін. У гэты час на росных лугах іх вельмі шмат. Аднак і днём вастрамордую жабу можна часта сустрэць на ўзлесках і абочынах дарог хвойнікаў нават у поўдзень пры тэмпературы паветра да 28°C. Пры спрыяльных умовах жабы пастаянна трымаюцца ў адных і тых жа месцах і не аддаляюцца ад іх больш як на 25-30 м. У той жа час яны могуць рабіць і далёкія летнія міграцыі ў пошуках больш спрыяльных і багатых кормам участкаў.

Як і ўсе жабы, вастрамордая корміцца на сушы рознымі беспазваночнымі (шчаўкуны, даўганосікі, лістаеды, вусені совак і пядзенікаў), многія з якіх з'яўляюцца небяспечнымі шкоднікамі лясной і сельскай гаспадаркі. Паядаюць яны таксама мух, камароў, аваднёў, якія прыносяць нямала турбот і непрыемнасцей чалавеку і жывёлам, наземных ракавінных малюскаў (ад 5 да 40%), водных беспазваночных (п'явак, водных жукоў; каля 2%). Доля апошніх значна ўзрастае (больш за 20%) у харчаванні жаб, якія жывуць на берагах вадаёмаў і ў вільготных лясах. Аднак няправільна было б меркаваць, што жаба паядае толькі шкоднікаў. Яе ахвярамі становяцца любыя рухомыя асобіны, у тым ліку і такія карысныя беспазваночныя, як жужалі, мурашкі, дажджавыя чарві, а іншы раз і пчолы. Наогул вастрамордыя жабы ядуць пераважна тое, што часцей у дадзены перыяд і ў дадзеным месцы трапляецца. Нярэдка беспазваночныя-шкоднікі складаюць 40-70% усіх з'едзеных жабамі асобін. Сутачнае спажыванне корму адной вастрамордай жабы - ад 0,75 да 2,6 г у залежнасці ад масы цела. Чым буйнейшая жаба, тым больш яна можа з'есці. Але ў маладых асобін актыўнасць звычайна вышэйшая, чым у дарослых, таму ў цэлым суадносіны колькасці ежы, якую яны здабываюць, да масы цела ў маладых жаб вышэйшыя. Так, жаба масай каля 3-6 г з'ядае такую колькасць корму, якая складае 23-24% масы цела, а буйныя жабы масай 16-18 г - толькі 14-15%. Хоць адна асобіна з'ядае адносна нямнога, дзякуючы вялікай колькасці жаб яны істотна рэгулююць колькасць многіх відаў беспазваночных. Напрыклад, у алешніках і дубровах толькі вастрамордыя жабы знішчаюць за суткі з 1 га ад 600 да 1000 г беспазваночных.

Палюючы за насякомымі, вастрамордая жаба сама часта становіцца здабычай вожыка, крата, пацука, вадзяной палёўкі, ліса, янотападобнага сабакі, тхара, норкі, барсука, выдры. Шмат жаб ловяць буслы, жураўлі, чайкі, гусі, чаплі, бугаі, многія драпежныя птушкі, сівагракі, сарокі, вароны, сойкі. Такія паўзуны, як яшчаркі, вужы, гадзюкі, таксама кормяцца гэтымі жабамі. Кожны драпежнік выбірае сабе здабычу «па зубах», гэта значыць небуйныя віды больш паспяхова ловяць маладых, дробных жаб або апалонікаў, а буйныя не прапусцяць і дарослых асобін. Маладыя жабяняты і апалонікі могуць стаць ахвярай не толькі іншых відаў жаб (напрыклад, буйной сажалкавай жабы), але і сваіх сародзічаў, праўда, толькі ў месцах іх вельмі высокай канцэнтрацыі.

Зімуе асноўная маса вастрамордых жаб на сушы. З наступленнем восеньскіх халадоў жабы хаваюцца ў ямах, норах грызуноў, кучах лісця, пад камянямі, у спарахнелых пнях, у нізкіх дуплах дрэў, пад вялікімі кучамі ламачча, у падвалах, скляпах. Некаторая частка вастрамордых жаб іншы раз зімуе на дне вадаёмаў (ручаёў, у сподках вады сярод тарфяных балот). У суровыя і маласнежныя зімы многія наземныя сховішчы і вадаёмы прамярзаюць, што можа выклікаць гібель жаб. Тыя, каму дасталося больш ці менш надзейнае сховішча, спяць даволі доўга. На поўдні краіны вастрамордыя жабы выходзяць з сваіх схованак звычайна ў канцы сакавіка, калі невялікія вадаёмы вызваляюцца ад лёду і адтайвае глеба. На поўначы Беларусі іх выхад іншы раз зацягваецца да канца красавіка. Пасля гэтага жабы робяць часам даволі працяглыя (да 1 км) міграцыі ў пошуках вадаёма для размнажэння. Шлюбныя зборы вастрамордых жаб уяўляюць сабой эфектную карціну: на вадзе ў пастаянным руху мноства блакітных самцоў, якія выдаюць гукі, што нагадваюць журчанне ручая. Цікава, што толькі яны маюць у шлюбны перыяд прыгожую серабрыста-блакітную афарбоўку спіны і горла. Колеравую гаму з шматлікіх гэтых асобін у вадаёме на фоне блакітнага неба і белых воблакаў, якія адбіваюцца ў вадзе, цяжка перадаць словамі. У іншых відаў жаб такога шлюбнага ўбрання няма. Гэта афарбоўка трымаецца толькі ў перыяд узбуджэння, калі самцы спяваюць ці ўтрымліваюць самак. Калі іх у гэты час злавіць і пасадзіць у слоік або акварыум, то блакітная афарбоўка знікне. У шлюбны перыяд жабы не любяць чужых. Варта шумна прашлёпаць па вадзе або раптоўна з'явіцца перад вадаёмам, як песня адразу змаўкае, а жабы дружна ідуць пад ваду, старанна хаваючыся ў старой траве на дне. Аднак калі некалькі хвілін пастаяць нерухома, яны зноў з'явяцца на паверхні і прадоўжаць свой спеў.

Нярэдка вастрамордых жаб, якіх прывабліваюць вакальныя канцэрты самцоў, збіраецца разам вельмі шмат: да 50 асобін на 1 м2 добра прагрэтай і зарослай травой водмелі. Чым больш «салістаў», тым званчэй і непаўторней шматгалосы хор, тым больш збіраецца на яго «кампаньёнаў» і зацікаўленых «слухачоў» - патэнцыяльных партнёрак па размнажэнні. Калі пяе адзін самец вастрамордай жабы, то яго песня напамінае аддалены брэх сабакі або бульканне паветра, якое выходзіць з бутэлькі пры апусканні яе ў ваду. Адзіночны спеў можна чуць нават пры не вельмі цёплым надвор'і, калі асобныя самцы «спрабуюць голас» на заліўных лугах або ў рэдкалессі. Магчыма, што менавіта канцэрты вастрамордых жаб меў на ўвазе выдатны майстар слова І.А.Бунін у сваім апавяданні «На хутары»: «... жабы заводзілі ў сажалках дрымотную, ледзь звінячую музыку, якая так пасуе ранняй вясне...».

У размнажэнні вастрамордых жаб прымаюць удзел асобіны, якім не менш як 3 гады. Самкі ў вадаёмах практычна нябачныя, з'явіўшыся ў вадзе на гуканне партнёраў, кожная з іх трапляе адразу ж да аднаго з самцоў, які вельмі моцна абхоплівае яе пярэднімі лапамі, уладкоўваючыся на спіне. Для гэтага ў самцоў на першых пальцах пярэдніх лап ёсць цёмныя шурпатыя, так званыя шлюбныя, мазалі. Абдымкі бываюць настолькі моцныя, што скура на ніжняй частцы цела самак нярэдка пашкоджваецца. У больш халоднай вадзе спароўванне зацягваецца на 2-3 дні. Пры няўстойлівым надвор'і з начнымі і дзённымі замаразкамі нераст жаб, для якога патрэбна тэмпература вады 12-13°C, прыпыняецца, каб аднавіцца на перыяд пацяплення.

Як толькі працэс адкладкі ікры (усяго 1-2 хвіліны) парай жаб заканчваецца, самец сутаргава расціскае пярэднія лапы і павольна ўсплывае на паверхню вады. Даволі хутка акрыяўшы, ён зноў прымае ўдзел у хоры спевакоў. Самка ж некалькі хвілін сядзіць нерухома на дне, потым ціхенька адплывае ад шумнага месца і хутка пакідае вадаём.

У залежнасці ад памераў самка адкладвае ад 500 да 2700 ікрынак. Ікра ўтварае невялікую гронку дыяметрам 2-3 см, якая паступова павялічваецца за кошт набракання празрыстых яйкавых абалонак і ўжо ледзь змяшчаецца на далоні. Набраклыя кладкі звычайна ўсплываюць на паверхню вады і могуць злівацца ў плямы іншы раз значных памераў. Напрыклад, у затопленай дуброве Прыпяцкага запаведніка асобныя ўчасткі памерам 100 х 50 м былі запоўнены вялікай колькасцю плям ікры па 20-150 кладак у кожным. У такіх вялікіх утварэннях ікры ёсць пэўны біялагічны сэнс: тэмпература ўнутры іх на 2-4°C вышэйшая, чым вады ў вадаёме, што паскарае развіццё ікры.

Нярэдка жабы «памыляюцца» - выбіраюць для размнажэння больш цёплыя малыя вадаёмы, якія часта высыхаюць яшчэ да вылуплівання лічынак, і кладкі гінуць. Таму, чым раней вылупляюцца апалонікі з ікры, тым больш у іх шансаў выжыць, бо ў адрозненне ад ікры яны могуць пакінуць водмелі разам з адступаючай вадой. Перыяд развіцця ікрынкі да вылуплівання апалонікаў залежыць ад тэмпературы вады і працягваецца 7-20 сутак, а іншы раз і больш. Апалонікі спачатку трымаюцца разам, а потым рассяляюцца па ўсім вадаёме. Хуткасць іх развіцця залежыць ад тэмпературных умоў, шчыльнасці лічынак у вадаёме. Да выхаду маладых жабянят на сушу звычайна праходзіць 50-65 сутак, а іншы раз і больш. Масавы выхад жабянят адзначаецца звычайна ў чэрвені - пачатку ліпеня, аднак паколькі развіццё лічынак адбываецца нераўнамерна, а іншы раз расцягнуты і перыяд нерасту, то час выхаду сяголеткаў з вадаёма можа працягвацца яшчэ прыкладна месяц. Жабяняты, якія выйшлі на сушу, маюць даўжыню цела каля 12-17 мм.

У перыяд размнажэння для жаб характэрны «шлюбны пост», яны практычна нічога не ядуць, магчыма таму, што ранняй вясной яшчэ няма чаго есці. Зайздросная энергія самцоў, характэрная для шлюбнага перыяду, забяспечваецца пажыўнымі рэчывамі, назапашанымі яшчэ з мінулага лета ў печані і тлушчавых целах.

Вастрамордая жаба як адзін з найбольш масавых відаў амфібій Беларусі адыгрывае важную ролю ў прыродных і трансфармаваных біягеацэнозах, прыносіць вялікую карысць, знішчаючы шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Таму ў месцах гаспадарчага пераўтварэння тэрыторыі неабходна прыняцце спецыяльных мер па захоўванні вадаёмаў, спрыяльных для яе размнажэння.

Земнаводныя і паўзуны   Земнаводныя і паўзуны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018