Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Чарапаха балотная (Emys orbicularis)
Занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Від паўзуноў сямейства прэснаводных чарапах. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік атрада чарапах. Даўжыня панцыра 16-18 (да 22) см, шырыня каля 15 см, вышыня 6-8 см, маса цела 400-600 (да 1500) г. Хвост крыху меншы за палову даўжыні панцыра. Спінны (карапакс) і брушны (пластрон) шчыты панцыра злучаны паміж сабой рухома сухажыльнай звязкай. Пластрон, акрамя таго, падзелены папярочнай звязкай, аднак рухомасць яго палавінак ледзь прыкметная. Зверху карапакс гладкі і афарбаваны ў цёмна-аліўкавыя, жоўта-карычневыя або цёмна-шэрыя (да чорнага) тоны. На гэтым цёмным фоне рассыпаны дробныя светла-жоўтыя плямкі або рысачкі. Пластрон знізу мае афарбоўку ад жаўтаватай да цёмна-бурай. Галава, шыя і канечнасці маюць цёмны фон і таксама пакрыты дробнымі жаўтаватымі плямкамі.

Арэал чарапахі балотнай ахоплівае Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу, Пярэднюю Азію і паўночны захад Афрыкі. Даходзіць да Летувы, Смаленскай вобласці, вярхоўяў Дона, Сярэдняй Волгі і левабярэжжа ракі Ўрал да Кустанайскай вобласці. Трапляецца чарапаха ў Крыме, на Каўказе, у Прыўраллі, ізаляваныя папуляцыі вядомы ў нізоўях Сырдар'і і ў далінах рэк на захадзе Туркменіі.

Меркаваная сучасная паўночная граніца пашырэння балотнай чарапахі ў Беларусі праходзіць на поўдзень ад лініі Горадня-Стоўбцы-Чэрыкаў. Знаходкі больш на поўнач адзначаліся ў канцы мінулага - пачатку цяперашняга стагоддзя, аднак у апошнія гады яны не пацвердзіліся. Рэдкія знаходкі чарапах на поўнач ад праведзенай граніцы, відаць, звязаны з выпускам жывёлін, завезеных з паўднёвых раёнаў для ўтрымання ў жывых кутках школ або дома. Менавіта гэтым тлумачацца знаходкі гэтай рэптыліі ў Віцебскай вобласці паблізу Амбросавіцкай і Баранькаўскай сярэдніх школ Шумілінскага раёна. Так тлумачыў знаходкі чарапах у пачатку стагоддзя ў Пецярбургскай губерні А.М.Нікольскі. У 1976 г. пад Санкт-Пецярбургам на Чарамянецкім возеры рыбаловам-аматарам на вуду (прынада - дажджавы чарвяк) была злоўлена балотная чарапаха з панцырам даўжынёй каля 15 см. Герпетолаг Л.Я.Боркін, каментуючы гэты выпадак, выказаў меркаванне пра магчымую наяўнасць рэліктавых участкаў арэала ў паўночных раёнах, дзе від захаваўся са старажытных часоў (выкапнёвыя рэшткі знаходзілі ў Прыбалтыцы), але і не выключаў верагоднасці, што завезеныя чарапахі трапілі ў натуральныя вадаёмы. Дарэчы, балотныя чарапахі на рынку ў Санкт-Пецярбургу не рэдкасць. Тым не менш ёсць падставы меркаваць, што граніца пашырэння балотнай чарапахі за апошнія 3-4 дзесяцігоддзі адсунулася на поўдзень, напэўна, з-за інтэнсіўнага асваення тэрыторый.

Дакладныя даныя па колькасці гэтай скрытнай і цяпер дастаткова рэдкай рэптыліі адсутнічаюць. Раней даволі вялікая колькасць чарапах назіралася ў вярхоўях р. Прыпяць, дзе, напрыклад, у 1925 г. было ўлічана 250 асобін, якія з-за засухі сканцэнтраваліся каля азёр і ручаёў. Аднак далейшая ўрбанізацыя і шырокамаштабныя работы па асушальнай меліярацыі прывялі да знікнення тыповых біятопаў віду і як вынік - да зніжэння яго колькасці. Напрыклад, у Менскай вобласці пад Нясвіжам 10-15 гадоў назад балотная чарапаха была звычайным відам на забалочаных тэрыторыях, а пасля асушэння балот стала надзвычай рэдкай.

Балотная чарапаха насяляе неглыбокія спакойныя вадаёмы, забалочаныя старыцы рэк, ціхія рачныя затокі. У апошні час ёй даводзіцца асвойваць і шэраг штучных вадаёмаў: меліярацыйныя каналы і рыбаводныя сажалкі. Іншы раз яны селяцца ў вадаёмах побач з люднымі месцамі. Напрыклад, у Мазырскім раёне ў наваколлях в. Касцюковічы балотныя чарапахі трапляюцца каля шашы, па якой рухаюцца павозкі і аўтатранспарт. Тры чарапахі грэліся на купінах невялікага вадаёма (25 x 15 м) каля дарогі, якая праходзіла праз вільготны лісцевы лес.

Звычайна балотная чарапаха займае ўчасткі вадаёмаў са спадзістымі берагамі або берагамі з купінамі, адкуль лёгка выбрацца з вады і пагрэцца на сонцы. Нягледзячы на тое, што чарапаха жыве ў вадзе, яна любіць выходзіць і на сушу, па якой перасоўваецца больш жвава, чым сухапутныя чарапахі. Аднак ад вадаёма чарапаха далёка не адыходзіць і пры самай малой небяспецы нырае ў ваду, зарываецца ў іл або хаваецца сярод воднай расліннасці. Падысці да чарапахі бліжэй як на 5-10 м практычна немагчыма. Толькі пры асцярожным падкрадванні да месцаў, дзе водзяцца гэтыя жывёлы, можна назіраць за іх паводзінамі. Таму доўга лічылася, што балотная чарапаха вядзе начны спосаб жыцця, а днём грэецца на сонцы. Аднак спецыяльныя даследаванні паказалі, што чарапаха ноччу звычайна спіць на дне вадаёма, а днём актыўна палюе не толькі ў вадзе, але і на беразе. Пры перасоўванні па пясчаным грунце балотная чарапаха пакідае своеасаблівы след: шырокі след ад пластрона, па баках якога цягнуцца ланцужкі зоркападобных слядоў ад канечнасцей, а таксама перарывісты вузкі след ад хваста па цэнтры.

Балотная чарапаха вельмі добра плавае і нырае, можа доўга заставацца пад вадой. На паверхню вады яна паднімаецца праз кожныя 15-20 хвілін, каб глынуць паветра. Як і ў іншых чарапах, важным прыстасаваннем для асваення воднага асяроддзя (асабліва для зімовай спячкі ў вадзе) служаць своеасаблівыя дадатковыя органы дыхання: багатыя крывяноснымі капілярамі нарасці глоткі і анальныя пузыры. Складаная будова лёгкіх дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць кісларод нават пры іх слабай вентыляцыі. Вядома, што ў эксперыментальных умовах пры тэмпературы 18°C балотныя чарапахі жылі ў вадзе без доступу паветра да 2 сутак. У час зімовай спячкі чарапахі знаходзяцца пад вадой некалькі месяцаў. Гэта абумоўлена больш высокім утрыманнем кіслароду ў халоднай вадзе (каля 4°C), а таксама фізіялагічнай перабудовай арганізма ў час спячкі.

Балотная чарапаха здабывае сабе харчаванне днём і нават у прыцемкі (з перапынкамі для адпачынку). Корміцца чарапаха воднымі і наземнымі жывёламі, а таксама расліннасцю. У вадзе чарапаха ловіць розных беспазваночных - насякомых і іх лічынкі, ракападобных і малюскаў, дробных пазваночных - апалонікаў, амфібій, невялікіх жаб, трытонаў, іншы раз рыбу (пераважна маларухомую - параненую або хворую). На беразе балотная чарапаха палюе ў асноўным на беспазваночных - жукоў, саранчовых, чарвей, макрыц, малюскаў. Акрамя таго, яна паядае водарасці і водныя прыбярэжныя расліны. Пры здабычы корму чарапаха выкарыстоўвае не тоькі слых, але і нюх. У час эксперымента, напрыклад, яна знаходзіла ў акварыуме нават загорнутыя ў паперу кавалачкі мяса.

Восень і зіму чарапаха праводзіць на дне вадаёма, прыкладна з кастрычніка да красавіка, іншы раз да канца сакавіка, і пасля спячкі, як болей пацяплее, пачынае размнажэнне. Палавыя адрозненні ў чарапах даволі выразныя. У самца на ніжнім панцыры добра відаць глыбокая ўвагнутасць; у самкі пластрон зусім роўны. Самцы звычайна крыху драбнейшыя за самак такога ж узросту. Аб узросце чарапах можна меркаваць па колькасці «гадавых кольцаў» (як на пнях дрэў). Яны звычайна прыкметны на шчытках карапакса і пластрона. Аднак гэты метад прымальны толькі для чарапах сярэдняга ўзросту (8-12 гадоў). У больш старых асобін гадавыя кольцы зліваюцца і слаба адрозніваюцца, што не дазваляе дакладна вызначыць узрост.

У час спароўвання ў вадзе самец балотнай чарапахі моцна чапляецца кіпцюрамі пярэдніх і задніх канечнасцей за краі і няроўнасці карапакса самкі, Г-падобна выгнуўшы шыю, пускае бурбалкі, рэзка матае галавой, а іншы раз раз'юшана кусае галаву і шыю самкі, прымушаючы яе схавацца пад панцыр. Хвост самца, нібы маятнік, увесь час слізгаецца па карапаксе самкі. Капуляцыя адбываецца ў вадзе і працягваецца да некалькіх гадзін, іншы раз паўтараецца на працягу некалькіх дзён. Асобіны, якія спароўваюцца, нярэдка перамяшчаюцца па вадаёме. З вады відаць толькі дзве галавы і невялікі авальны «пятачок» карапакса самца. На час шлюбнага перыяду самец пасяляецца побач з самкай і не выпускае яе з-пад увагі ні на хвіліну. Пасля спароўвання з адной самкай самец нярэдка пачынае шукаць іншую. Самкі, за выключэннем некаторых перыядаў - адкладання яек, кармавых міграцый і іншых, вядуць аселы спосаб жыцця. Іх пастаянна можна бачыць на адных і тых жа пляцоўках у час прыёму сонечных ваннаў.

Перыяд спароўвання ў чарапахі вельмі расцягнуты. Шлюбныя кантакты ў гэтага віду працягваюцца з траўня да ліпеня. Магчыма, спароўванне балотных чарапах адбываецца і пасля адкладання яек самкай, бо сперма ў палавых шляхах самак, як паказваюць даследаванні, можа захоўвацца жыццяздольнай да года і больш.

За сезон самка робіць 1-3 кладкі па 5-10 яек у кожнай (у траўні, чэрвені, ліпені). Ёсць меркаванні, што першая кладка складаецца з яек, аплодненых у мінулым годзе. Яйкі чарапахі, як і ў птушак, пакрыты вапнавай шалупайкай жаўтаватага колеру. Іх памер 28-38 x 18-22 мм, вага ад 7 да 12 г. Самка адкладвае іх у ямку (на ўзгорках, дзюнах, насыпах), якую рые заднімі нагамі, і потым старанна засыпае. Калі глеба, дзе адбываецца адкладанне яек, цвёрдая, то самка ўвільгатняе яе вадой з анальных пузыроў. Месца кладкі яек звычайна без расліннага покрыва. Тэмпература інкубацыі яек, якія знаходзяцца ў гнездавой ямцы на глыбіні 10-15 см, днём дасягае 21-25°C. Яйкі развіваюцца каля 2-3 месяцаў. Маладыя чарапашкі памерам усяго 22-25 мм, калі выходзяць з яек, рыюць невялікія адноркі ад гнездавой камеры і застаюцца тут да наступнай вясны. Увесь гэты час яны існуюць за кошт запасаў пажыўных рэчываў жаўтковага мяшка, які знаходзіцца ў іх на брушку, і нават прыкметна падрастаюць. Вясной наступнага года маладыя чарапашкі ўжо маюць панцыр чорнага колеру з адносна вялікімі жоўтымі плямамі, значна большымі, чым у дарослых. Яны адразу ж спяшаюцца да вадаёмаў. Да канца лета даўжыня панцыра ў малявак дасягае 40-55 мм, а маса - 15-25 г. Палаваспелымі чарапахі становяцца ва ўзросце 6-8 гадоў, пры гэтым даўжыня панцыра складае 9-12 см. Улічваючы, што балотныя чарапахі жывуць да 70-120 гадоў, палавая спеласць наступае не так ужо і позна.

Тое, што адкладзеныя на адкрытых пясчаных участках яйкі чарапах маюць цвёрдую скарлупу, а галоўнае, адносна вялікую колькасць пажыўных рэчываў - жаўтка, часта аказваецца для віду пагібельным. Кладкі яек з'яўляюцца ласункам і даступным кормам для многіх млекакормячых (тхара, выдры, ліса, янотападобнага сабакі), яны іх лёгка раскопваюць і з'ядаюць яйкі. Ды і дарослыя асобіны не застрахаваны панцырам ад ворагаў (ваўка, ліса, янотападобнага сабакі, барсука і нават белага бусла). Што ж прымушае гэтых жывёл «мучыцца» над чарапахамі, каб дастаць мяса з-пад панцыра? Хутчэй за ўсё - асаблівы яго смак. Невыпадкова балотная чарапаха раней шырока ўжывалася ў ежу жыхарамі Заходняй Эўропы. Балотную чарапаху смела можна аднесці да самай старажытнай жывёлы нашай фауны, бо чарапахі захаваліся да нашых дзён амаль у сваім першапачатковым выглядзе, які яны набылі ў выніку эвалюцыі больш за 200 мільёнаў гадоў назад. На жаль, гэта ўнікальная жывёліна ў сувязі са скарачэннем прыдатных для пражывання месцаў стала даволі рэдкай. Знішчаюцца чарапахі таксама ў час рыбалоўства, калі яны трапляюць у рыбалоўныя сеткі, гінуць гэтыя жывёліны і ад аўтатранспарту ў час міграцыі, пры няправільным утрыманні ў жывых кутках.

Балотная чарапаха - карысны від фауны. Яна знішчае шкоднікаў лесу, з'яўляецца санітарам вадаёмаў, паядаючы нежыццяздольных водных асобін (рыб, амфібій). Відавочна і эстэтычная каштоўнасць гэтай сапраўды экзатычнай жывёліны. Для таго, каб захаваць балотную чарапаху як унікальны від герпетафауны краіны, неабходна дзейсная ахова месцаў пражывання, стварэнне мікразаказнікаў у месцах іх найбольшай канцэнтрацыі, штучнае развядзенне і выпуск чарапах у спрыяльныя біятопы. Артыкул пра чарапаху балотную, «Чырвоная кніга Беларусі»

Земнаводныя і паўзуны   Земнаводныя і паўзуны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018