Ахова амфібій і рэптылій, комплекс агульных прыродаахоўных мерапрыемстваў, звязаных з захоўваннем прыродных экасістэм, а таксама спецыяльныя меры, накіраваныя на захаванне біялагічнай разнастайнасці герпетафауны, аптымізацыю выкарыстання і аднаўлення яе рэсурсаў. Прававыя асновы аховы земнаводных і паўзуноў змяшчаюцца ў законах і заканадаўчых актах Беларусі аб ахове прыроды, асабліва ахоўных тэрыторыях і ахове і выкарыстанні жывёльнага свету. Асноўныя меры па ахове герпетафауны Беларусі распрацоўваюцца на аснове ацэнкі галоўных фактараў, якія прыводзяць да яе дэградацыі. Важнейшай умовай аховы амфібій і рэптылій, умовай, якая стрымлівае адмоўнае ўздзеянне ўсяго комплексу гаспадарчай нагрузкі на прыроду, з'яўляецца развіццё сеткі ахоўных тэрыторый (у т.л. мясцовага значэння) як найбольш эфектыўнай меры аховы фауны. Заказнікі (гідралагічныя, балотныя, лясныя, лугавыя, журавінныя), хоць і не прызначаны займацца аховай герпетафауны, тым не менш адыгрываюць даволі значную ролю ў ахове рэптылій і земнаводных, паколькі на іх тэрыторыях абмяжоўваюцца змяненні прыродных комплексаў, захоўваюцца натуральныя біятопы. Важнейшае значэнне для аховы амфібій і рэптылій у рамках фауністычных комплексаў у цэлым мае экалагічная аптымізацыя разнастайнай гаспадарчай дзейнасці. Напрыклад, пры правядзенні асушальнай меліярацыі і іншых гаспадарчых пераўтварэнняў тэрыторыі вельмі важна пакідаць хоць бы астраўныя рэзерваты - лясныя і закуставаныя ўчасткі, балаціны, старыцы і інш., без якіх немагчыма захаванне рэптылій і амфібій. Эфектыўным і ў той жа час вельмі простым ахоўным мерапрыемствам з'яўляецца перамяшчэнне ікры дамінуючых відаў з часовых перасыхаючых вадаёмаў у пастаянныя, а таксама з утвораных водмелей ці з берагоў на глыбокую частку ў адносна буйных вадаёмах, у якіх у красавіку пасля нераставання адбываецца рэзкае падзенне ўзроўню вады. У меліярацыйных каналах перад спускам часткі вады вясной (у выпадку неабходнасці) патрэбна вялікія згуртаванні кладак ікры адсунуць бліжэй да сярэдзіны, каб яны не засталіся на сушы, паколькі гэта больш рацыянальна, чым перамяшчэнне іх з зямлі ў вадаёмы. 40-50 кладак выратаванай ікры бурых жаб, якія ўмяшчаюцца ў адно дзесяцілітровае вядро, дазваляюць захаваць для папуляцыі 900-1200 сяголеткаў. Другім важным біятэхнічным мерапрыемствам з'яўляюцца спецыяльныя тунэлі або ўстаноўка перашкод уздоўж асобных участкаў аўтастрад, цераз якія праходзяць масавыя нераставыя міграцыі амфібій. Для гэтых мэт можна выкарыстаць агароджы з поліэтыленавай плёнкі да 0,5 м вышынёй, а таксама лоўчыя канаўкі, з якіх земнаводных пераносяць цераз магістралі. Гэтыя работы садзейнічаюць не толькі ахове земнаводных, але і бяспецы дарожнага руху. Такія мерапрыемствы шырока праводзяцца ў многіх эўрапейскіх краінах, у шэрагу з іх нават ёсць спецыяльныя дарожныя знакі, якія папярэджваюць аб міграцыях амфібій. Напрыклад, у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Швецыі ўздоўж аўтастрад у месцах вясенніх пераходаў (у асноўным рапух) устанаўліваюць спецыяльныя агароджы з лоўчымі цыліндрамі, адкуль жывёл перыядычна дастаюць і пераносяць у вадаёмы размнажэння ці на другі бок магістралі. Ёсць рэкамендацыі аб тым, каб лоўчыя цыліндры былі з адтулінамі ў дне для сцёку вады і з устаноўленымі галінкамі, каб з яго маглі выбрацца жукі і дробныя млекакормячыя. Промысел амфібій і рэптылій для навучальных мэт, экспарту, серпентарыяў і інш. павінен быць рэгламентаваны. Яго неабходна праводзіць пад кантролем прыродаахоўных органаў і ведамстваў, якія ажыццяўляюць арганізацыю прыродакарыстання на аснове рэкамендацый спецыялістаў-герпетолагаў з улікам спецыфікі розных рэгіёнаў краіны. Вельмі важная для аховы амфібій і рэптылій растлумачальная і прапагандысцкая работа з насельніцтвам, фармаванне правільных адносін да гэтых жывёл у школьнікаў і студэнтаў, што садзейнічае прадухіленню бяздумнага вынішчэння амфібій і рэптылій (галоўным чынам змей) людзьмі. Асабліва беражлівыя адносіны неабходна праяўляць да рэдкіх відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (мядзянка, балотная чарапаха, чаротавая рапуха), якія маюць асаблівы прыродаахоўны статус. Неабходна вызначэнне спецыяльных ахоўных участкаў у месцах пасялення гэтых відаў. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца пытанне аб штучным развядзенні рэдкіх відаў для выкарыстоўвання ў заапарках, заасадах і, магчыма, павелічэння іх колькасці ў прыродзе.

Паведаміць пра недакладнасьць