«Джала» змей, няправільная назва часткі ротавага апарату змей, якая доўгі час бытавала сярод насельніцтва, зыходзячы з уяўнай аналогіі з джалячым апаратам некаторых насякомых. Па недасведчанасці за джала змей прымаюць раздвоены язык - орган дотыку і аналізатар хімічнага саставу навакольнага асяроддзя. З яго дапамогай змяя кампенсуе свой недасканалы зрок. Таму, трапіўшы ў незнаёмае асяроддзе, яна ўзмоцнена карыстаецца языком, чалавек жа памылкова прымае гэта за пагрозу. Языком змяя «прынюхваецца», дакладней нібыта спрабуе паветра на смак, захопліваючы маленькія порцыі паветра і іншых частак навакольнага асяроддзя, і адпраўляе іх у Якабсонавы орган - вялікую поласць, злучаную з поласцю рота. Поласць Якабсонава органа выслана мноствам нервовых аналізатараў, якія дазваляюць адрозніваць пахі.

Паведаміць пра недакладнасьць