Зялёныя жабы, пазасістэматычная група бясхвостых амфібій, якія маюць зялёную афарбоўку цела. Пастаянна знаходзяцца ў вадзе або побач з ёй. Група зялёных жаб шырока распаўсюджана і складаецца з 2 ізаляваных падгруп: эўрапейскай і ўсходняй. Ва ўсходнюю падгрупу ўваходзяць тры віды: чарнаплямістая, усходнекітайская і японская сажалкавая жабы, якія трапляюцца на Далёкім Усходзе, у Кітаі, Карэі і Японіі. Падгрупа эўрапейскіх зялёных жаб уключае 5-6 відаў (азёрная, цэнтральнаэўрапейская сажалкавая і пірэнейская жабы і тры яшчэ фармальна неапісаныя таксоны, умоўна названыя італьянскім, югаслаўскім і грэчаскім). Акрамя таго, сюды ўваходзяць таксама 4 гібрыдныя формы з асобным механізмам кланальнай спадчыннасці. Па сучасных уяўленнях група цэнтральнаэўрапейскіх зялёных жаб, да якой належаць і віды, што трапляюцца ў Беларусі, мае складаны комплекс дыплоідных, трыплоідных і, магчыма, тэтраплоідных ліній. Яны атрымалі назву комплексу Rana esculenta. Азёрная і сажалкавая жабы з'яўляюцца звычайнымі двухполымі дыплоіднымі відамі; у прыродзе яны не скрыжоўваюцца з-за спецыфікі ў экалогіі размнажэння, хоць у лабараторных умовах лёгка даюць жыццяздольнае патомства. Адасобленае пражыванне сажалкавай жабы без прымесі азёрнай і гібрыднай формы зафіксавана пад Санкт-Пецярбургам, некалькі папуляцый вядомы ў Латвіі, Беларусі. Ядомая жаба мае гібрыднае паходжанне ад азёрнай і сажалкавай, валодае павышанай экалагічнай пластычнасцю, бо спалучае ў сабе перавагі абедзвюх бацькоўскіх форм, але з'яўляецца не звычайным гібрыдам першага паходжання, а вынікам гібрыдызацыі, якая прайшла ў ледавіковы перыяд. Па марфалагічных характарыстыках яна займае прамежкавае становішча паміж бацькоўскімі формамі. Відавая прыналежнасць зялёных жаб да комплексу Rana esculenta вызначаецца перш за ўсё па стандартных марфалагічных, біяхімічных і генетычных прыкметах. Гібрыдная форма прадстаўлена як дыплоіднымі, так і трыплоіднымі асобінамі, вядомы нават адзін тэтраплоідны самец. Часцей за ўсё яна трапляецца ў мяшаных (гэта значыць з удзелам бацькоўскіх відаў) папуляцыйных сістэмах. Іншы раз у адной сістэме могуць суіснаваць усе 3 формы (RLE-тып). Такія тыпы папуляцыйных сістэм у Эўропе сустракаюцца вельмі рэдка. Часцей гібрыдная форма жыве сумесна толькі з адной з бацькоўскіх форм: з сажалкавай (LE-тып) або азёрнай (RE-тып) жабамі. Усяго ў Эўропе вядомы 8 тыпаў папуляцыйных сістэм зялёных жаб, у Беларусі - 5. Як у чыстых, так і ў мяшаных папуляцыйных сістэмах гібрыдная форма можа быць прадстаўлена і самцамі і самкамі, іншы раз у аднабацькоўскіх папуляцыйных сістэмах - толькі самцамі (RE-тып) або толькі самкамі (LE-тып). Акрамя таго, яна валодае асобным паўкланальным тыпам размнажэння, пры якім нашчадкам перадаюцца прыкметы толькі аднаго з бацькоў. Кланальнасць залежыць ад тыпу папуляцыйнай сістэмы. Самцы гібрыднай формы маюць зніжаную пладавітасць, а іншы раз і зусім стэрыльныя. Уся тэрыторыя Беларусі размешчана ў зоне накладвання арэалаў зялёных жаб комплексу Rana esculenta, таму тут трапляюцца ўсе 3 формы. Яны часцей за ўсё ўтвараюць мяшаныя папуляцыйныя сістэмы, найбольш пашыраны LE-тып. Сустракаюцца сістэмы RLE-тыпу, асабліва ў зоне Палескай нізіны. Чыстыя сістэмы L- або R-тыпу трапляюцца даволі рэдка. Так, 1-ы тып адзначаны на поўначы краіны ў пойме возера Асвейскае, 2-і - у Менскім раёне ў вадаёмах каля в. Ратамка. Зялёныя жабы належаць да ядомых форм, асабліва ў некаторых краінах Заходняй Эўропы, і з'яўляюцца аб'ектам промыслу.

Паведаміць пра недакладнасьць