да, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. да выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, азначальныя, колькасныя, акалічнасныя адносіны і адносіны меры і ступені.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры ўказанні на кірунак у бок прасторавай мяжы, якой можа дасягаць рух, дзеянне, прадмет. Ісці да стала. Даехаць да горада.Хай ветры ў вушах па-вар'яцку гудуць, хай пясок скрыпіць і рыпяць суставы, але я іду, але я дайду да першай савецкай заставы (П.Панчанка). За гарой, лясочкам сонейка заснула, да сябе дзянёчак ручкай прыгарнула (А.Александровіч). Ім бліжай і бліжай да мэты дарогі - апошнія крокі да ўсёй перамогі (П.Броўка).

2. Разм. і абл. Ужываецца для ўказання на мясцовасць, населены пункт і г.д., куды накіроўваецца рух, дзеянне (пры гэтым маецца на ўвазе пранікненне ўнутр, у межы гэтага месца, пункта). Ехаць да Менска. Прыехаў да кірмашу.Ішоў кабзар да Кіева, сеў спачыць з дарогі (Я.Купала). Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну (П.Броўка).

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры (Я.Колас).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад або з (ад, з - да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з'ява і г.д. Але, калі Максім ехаў дамоў, ён усю доўгую дарогу з Далёкага Усходу да Беларусі думаў пра Машу з ранейшай цеплынёй і пяшчотнасцю (І.Шамякін).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. Чытаў да вечара. Лён палолі да вячэрняе зары.Назаўтра ён, як і заўсёды, устаў нацямочку і да падвячорка спускаў сухастой у лесе... (К.Чорны). Сёння не памогуць лекі ад урокаў, ні твае малітвы да зары, не засну, як даўна, поўначчу глыбокай з сінякрылым рэхам у бары... (М.Танк). У спалучэнні з прыназоўнікам ад або з (ад, з - да) і другім назоўнікам служыць для ўказання на прамежак часу, які аддзяляе адну з'яву ад другой або якую-н. з'яву ад пэўнага моманту. Да старту пятнаццаць хвілін. Дождж не сціхае ад рання да ночы.Распіналі нашу краіну, трызну правілі злыя агні ад часоў Францыска Скарыны да Кастрычнікавых навальніц (Ю.Лявонны). Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені - даволі-такі часу (К.Крапіва).

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з'явы, якім папярэднічае пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым-н., раней чаго-н. Гэта было яшчэ да вайны. Уставалі да сонейка.Ён назаўтра ўстаў ранютка, аж да ўсходу сонца (Я.Колас). За колькі дзён да касавіцы касцы заглянуць на паліцы, каб малаток знайсці і бабку (Я.Колас).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

6. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы і пад., да якіх што-н. адрасуецца, накіроўваецца, далучаецца, дабаўляецца. Да трох прыбавіць два.І ніхто не падасць ні паперы яму, ні чарніла, не запаліць лучыны, каб ліст напісаць да дзяўчыны (А.Куляшоў). Вайсковец даў добры вечар, пацёр рукі, падыходзячы да жанчыны, якая здзіўлена глядзела на яго, устаўшы з свайго месца (К.Чорны).

7. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з'яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто-, што-н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга (Я.Колас). Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? (К.Крапіва).

8. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое-н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна (А.Кулакоўскі).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія-н. адносіны, пачуцці. Любоў да сына. Схільнасць да разважанняў.Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека - які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць (Я.Брыль). У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці (А.Асіпенка).

9. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго-, чаго-н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго (К.Чорны). Яська майстар на ўсе рукі: як да сярпа, так і да кнігі (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. У мяне да цябе справа.Колькі дзён не да рыбы было Сілівону (М.Лынькоў). Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай (З.Бядуля).

10. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы, з якімі параўноўваецца хто-, што-н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага (І.Шамякін). Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутараў ці да зборных выселак (К.Чорны).

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто-н., змацоўваецца што-н. Прывязаць каня да плота. Прыбіць плакат да сцяны.Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка (М.Лынькоў).
// У выразах адзін да аднаго, адзін да другога, ліст да ліста, сноп да снапа і пад. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой (А.Асіпенка).

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з'явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да парад.Цяпер прыгледзімся да хаты, да Міхася і да Антося... (Я.Колас).
// Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Свавольства да дабра не давядзе.

13. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Да новых перамог!«Да зброі!» - ціха камандуе ён [Рыжы] (Я.Колас).

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з'явы, з якімі звязаны змест твора. Да пытання аб рэформе правапісу. Да падзей на Бліжнім Усходзе.

IV. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

15. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з'явы і пад. Пісьмо да запатрабавання.Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых (Ц.Гартны).

V. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго-н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

17. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго-н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака (Я.Брыль).
// Ужываецца пры неабходнасці абазначыць колькасны рубеж, якога можа дасягаць што-н. Налічыць да сарака самалётаў. Вагою да васьмі кілаграмаў.Асабліва палюбілі беларускі тарфянік італьянскія каноплі: яны раслі такія, якіх самі італьянцы і ў вочы не бачылі - да чатырох метраў увышкі (К.Крапіва). Давучыўся ён недзе да якога класа сёмага і ў рамеснае вучылішча падаўся (С.Грахоўскі).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што-н. Дзеці ад пяці да сямі гадоў. Ад двух да пяці.

VI. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

18. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога-н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Прывучыць да парадку.Да бою ўсё гатова загадзя, і гром далей плыве па захадзе (А.Астрэйка).

VII. АДНОСІНЫ МЕРЫ І СТУПЕНІ.

19. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Крануць да душы.Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы (М.Лынькоў).
// У спалучэнні з асобнымі назоўнікамі ў складзе напаўфразеалагізаваных спалучэнняў служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога-н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці.Рэзкі сівер падыхае, да касцей праймае (К.Крапіва).
// У спалучэнні з асобнымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату ахопу, адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Выпіць да дна. Разгледзець да драбніц.На будучую восень разлічуся да капейкі (Э.Самуйлёнак).
// У спалучэнні з прыназоўнікам ад (ад - да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх-н. прадметаў, якасцей і пад. Ад малога да старога. Зацікавіліся ўсе - ад настаўнікаў да вучняў.

Ад дошкі да дошкі - усё, цалкам.
Ад слова да слова - дакладна, не прапусціўшы нічога.
Ад часу да часу - калі-нікалі.
Да пабачэння - зварот пры развітанні.
Да часу, да веку і пад. - пры абазначэнні часавай мяжы. Перачакай дзе ў вернага чалавека да пары, да часу (М.Лынькоў).
Да таго ж - пры абазначэнні далучэння. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў (Я.Колас).
Што да (каго; чаго-н.) - калі гаварыць аб кім-, чым-н.

Паведаміць пра недакладнасьць