![]() |
||||||||||||||
|
||||||||||||||
за, прыназ. з В. і Т. (з Р. - устар. і дыялектн.). Спалучэнне з прыназ. за выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, мэтавыя, азначальныя, колькасныя адносіны, а таксама адносіны прычыны і падставы, прыналежнасці і параўнання. I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ. 1. з В. Ужываецца пры абазначэнні кірунку (куды?): у якое-н. месца, на той бок якой-н. мяжы. Паехаць за горад. Выйсці за дзверы. Засунуць за пояс. Сесці за стол. Схавацца за дрэва. Паглядаць за сяло. □ Вуліцай выйшла за вёску (П.Галавач). Там сонца заходзіць за гумны арцелі (А.Куляшоў). 2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні месцазнаходжання (дзе?): у якім-н. месцы, па той бок якой-н. мяжы. Жыць за горадам. Рукавіцы за поясам. Сядзець за сталом. Пасёлак за чыгункай. □ Грымнуў гром за вёскаю (А.Куляшоў). За вокнамі сціхла завея (У.Хадыка). За шаўковай хусткаю вочы зорныя схавала (М.Танк).
3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні арыенціра, прадмета, услед за якім рухаецца хто- або што-н. Ісці за возам. Ехаць за грузавіком. □ Ой, іду я малада з вадою, а ён памаленечку за мною (нар. песня). Знаёмыя людзі з'язджаліся ўслед за лістамі (А.Куляшоў). 4. перан. З назвамі прадметаў, рэчаў, прылад, інструментаў і пад. ужываецца пры ўказанні на тое, з чым звязаны занятак асобы, якая знаходзіцца каля гэтага прадмета, рэчы і пад.: а) з В. мае значэнне 'прыступіць да работы'. Сесці за кнігу. Стаць за варштат; б) з Т. мае значэнне 'быць за работай'. Сядзець за газетай. Стаяць за станком. Хадзіць за плугам. □ За касой паходзіць кожны (П.Броўка). Здатны ў лузе за касою! (Я.Колас). II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ. 5. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, тэрміна, на працягу якога што-н. адбываецца. Падрос за лета. Падмарозіла за ноч. Шмат пабачыў за сваё жыццё. Намерзліся за дарогу. Справаздача за паўгода. Часопіс за 1970 год. □ Палеткі, пожні і бары не аббягуць за дзень вятры (П.Броўка). 6. з Т. Указвае на дзеянне, якое адбываецца адначасова, паралельна з другім дзеяннем, працэсам або з'явай. Сустракаліся за працай. Сядзелі за бяседай. □ За працаю дні прабягалі (А.Куляшоў). Зрадніла дружба нас, браты, не за сталом за кубкам мёду (А.Александровіч).
7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу: наколькі адно дзеянне адбылося раней адносна да моманту наступлення другога дзеяння. За дзень да ад'езду. За месяц перад экзаменамі. 8. з В. Ужываецца пры ўказанні на прамежах часу або на момант, цераз межы якога, звыш якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. Прабыў на полі аж за поўдзень. Чалавеку было за сорак гадоў. □ Час падходзіў за пакровы (Я.Колас). 9. з Т. Указвае на час, пасля якога або ўслед за якім што-н. адбываецца. За летам прыйшла восень. □ За гэтым вечарам працягнуліся яшчэ такія (П.Галавач).
III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ. 10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія бяруць, да якіх дакранаюцца. Трымаць за руку. Схапіць за аброць. Узяць за плечы. Зачапіцца за корань. Тузануць за вяроўку. Падняць за плечы. Задушыць за горла. □ Як зажыцца адзінотай, за што рукі зачапіць? (П.Броўка). 11. перан. з В. Пры назвах работы, заняткаў ужываецца для абазначэння пачатку гэтай работы, заняткаў. Узяцца за працу. Сесці за ўрокі. □ Гаворцы час канчаецца, пара і зноў за працу (П.Броўка). Мрок радзее, святлее, цяпер за работу пара (А.Куляшоў). 12. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія з'яўляюцца аб'ектам клопатаў, адказнасці. Адказнасць за сына. Несці адказнасць за парадак. Паручыцца за сакрэтнасць. 13. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх узнікае пачуццё радасці, сораму, страху, трывогі і пад. Радавацца за яго лёс. Сорамна за непачцівасць. Страшна за хлапчука. Хвалявацца за мужа. Балела сэрца за сына. □ Надзі было сорамна за гэтага настырнага хлапчука, за яго жаргон, за непачцівасць да старога чалавека (С.Грахоўскі). І ў сэрцы радасна бясконца за лёс краіны, за яе ў вяках не гаснучае сонца, за песні, што народ пяе, за мірны і бясхмарны поўдзень над беларускаю зямлёй (М.Танк). 14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета абмену, куплі, продажу. Плаціць за пакупкі. Купіць за рубель. Узнагарода за сумленную працу. □ Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася (К.Чорны). 15. з В. Указвае на прадмет замены, замяшчэння. Ездзіць на начлег за суседа. Адказаць за таварыша. Дарэмна стараўся за другіх. □ За нас ніхто не зробіць (С.Грахоўскі).
16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, рэчы, дзеяння ці стану, якія з'яўляюцца прадметам увагі, наглядання. Сачыць за вудай. Наглядаў за зменай колераў. Глядзець за чысцінёй. Цікаваць за хутарам. Глядзець за сынам. Назіранні за надвор'ем. □ Бабка ў хаце - гаспадыня, і за ўсім сама глядзіць (Я.Колас). 17. У сінтаксічна несвабодных словазлучэннях ужываецца пры абазначэнні: а) з В. - асобы, за якую сватаюцца ці выходзяць замуж. Пасваталі за каваля. Аддаць дачку за трактарыста. Пайшла замуж за суседа. □ Заскачу, заскачу, за старога не хачу (нар. песня); б) з Т. - асобы, якая з'яўляецца (ці з'яўлялася) мужам. Была замужам за лейтэнантам. IV. АДНОСІНЫ ПРЫЧЫНЫ І ПАДСТАВЫ. 18. з В. Ужываецца пры абазначэнні матыву дзеяння (або стану) ці абумоўленасці прызнака. Паважаць за дасведчанасць. Караць за здраду. Адпомсціць за крыўду. Дараваць за ўсё. Рады за вас. Пахваліць ні за што. □ За ўсё тое, што стварылі шчыра твае людзі, ордэн Леніна сягоння твае ўквеціць грудзі (Я.Купала). За разумную дараду ты на покуць, бацька, сядзь! (Я.Колас). Даруй за слова грубае (У.Хадыка). Ты лісты мне пакінула - дзякуй за гэтае шчыры (А.Куляшоў). Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу (П.Броўка). 19. з Т. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які выступае як перашкода для здзяйснення чаго-н., для наступлення якога-н. дзеяння ці стану (галоўнае слова звычайна з адмоўем). Не бачыць светлае хвіліны за работай. Не спаць ноч за гулянкай. За сабакамі не пачуў адказу. □ За дурною галавою нагам не балазе (прыказка). V. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ. 20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія з'яўляюцца мэтай руху ці перамяшчэння. Паляваць за вепрам. Ганяцца за ваўком. Прыйшоў за дапамогай. Цымбаліст вярнуўся за сваімі цымбаламі. Нагінаўся за кожнай ягадкай. □ Хто палез за агуркамі, хай той носіць пухіры (К.Крапіва). 21. з В. Пры словах са значэннем дзейнасці ў карысць каго- або чаго-н., у абарону каго- або чаго-н. ужываецца пры ўказанні на тое, дзеля чаго ці за перамогу чаго адбываецца дзеянне. Змагацца за мір. Галасаваць за прапанову. Заступацца за сябра. Змагацца за лінію партыі. □ Хоць хацеў бы я, не апішу бой за ўзгорак, за рэчку (А.Куляшоў).
VI. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ. 22. з Т. Указвае на наяўнасць подпісу нумару і г.д. Аркуш за нумарам сёмым. Даведка за подпісам старшыні. □ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! (А.Куляшоў). VII. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ. 23. з В. Ужываецца ў значэнні 'больш, чым што-н., звыш чаго-н.'. Перайшло за палову дарогі. Пераваліла за тысячу. 24. з В. Ужываецца пры абазначэнні адлегласці. Райцэнтр быў за дваццаць кіламетраў ад вёскі. Стаялі за два крокі ад дарогі. □ Далёка недзе, вёрст за дзвесце, можа, ёй птушка вечаровая пяе (А.Куляшоў). VIII. АДНОСІНЫ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ. 25. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якой што-н. належыць. Дзялянка за ім. □ Пераправа за партызанамі (К.Крапіва). Пакінуў Саўка за сабою свабоду дзеяння (Я.Колас). 26. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх характэрны тыя або іншыя ўласцівасці. Раней за ім гэтага не заўважалі. □ Чуў Міхась за сабою гэтыя грахі (Я.Колас). IX. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ. 27. з В. З прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай або найвышэйшай ступені параўнання ўжываецца пры ўказанні на прадмет, з прызнакам, якасцю ці ўласцівасцю якога робіцца параўнанне. Больш за тыдзень. Мацнейшы за камень. Старэйшы за настаўніка. Пазней за ўсіх. Ярчэй за сонца. Перш за ўсё. □ Надыходзіла восень, за восень сумнейшая (А.Куляшоў).
|
||
|
|
|||||||||||||||||||
|