![]() |
||||||||||||||
|
||||||||||||||
паміж, прыназ. з Р. і Т. Спалучэнне з прыназ. паміж выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны. I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ. 1. з Р. або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што-н. знаходзіцца, адбываецца. Сцежка паміж алешніку і рэчкі. Ручаёк бяжыць паміж двух узгоркаў. Граніца паміж двума светамі. Вазоны стаялі паміж акном і сталом. □ З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу (К.Чорны). Сашка ... падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон (К.Чорны). На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі (І.Мележ). Здалося, рэчы глядзелі на яго, заблуканага ў прасторы паміж зямлёй і небам на вышыні чацвёртага паверху (Э.Самуйлёнак).
II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ. 2. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі адмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Час паміж захадам сонца і змярканнямі. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена (І.Кісялёў).
III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ. 3. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Размовы паміж мужчынамі. Карэнная сувязь паміж паэзіяй і вуснай народнай творчасцю. Не будзе паміж нас няшчырасці. □ Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана (К.Крапіва). Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб умацаванні дружбы паміж калгасамі (І.Шамякін). Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок (А.Зарэцкі). Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык не можа быць у іх ясных стасункаў (там жа). 4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх-н. прадметаў, асоб, з'яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. Паміж памешчыкамі і народам ніколі нельга ставіць знак роўнасці. □ Розніца паміж іх лекцыямі была відавочная (І.Шамякін). Кожны верш вылучаецца сваёй беззаганнасцю і знаходзіцца ў поўнай суадпаведнасці паміж задумай аўтара і яе паэтычнай інтэрпрэтацыяй (У.Агіевіч). З'езд з'явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію (Весці АН БССР). 5. з Т. або Р. Служыць для абазначэння якой-н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзел чаго-н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі ў сваім класе. □ Камандзіры знойдуцца і паміж вас, таварышы (Я.Колас). ◊ Паміж іншым - а) прысл. Не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам. Рабіла яна гэта паміж іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся адразу, што прыйшоў сюды ўпершыню (У.Шыцік). б) пабочнае спалучэнне. Дарэчы, к слову кажучы. Паміж іншым, такі пераказ звязаны з курганом, які ўзнімаецца сярод мястэчка Лукомлі (Г.Гарэцкі).
|
||
|
|
|||||||||||||||||||
|