![]() |
||||||||||||||
|
||||||||||||||
пры, прыназ. з М. і (абл.) В. Спалучэнні з прыназ. пры выражаюць прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, акалічнасныя, прычынныя, умоўныя і ўступальныя адносіны. I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ. 1. з М. Ужываецца пры ўказанні на непасрэдную блізасць ад якога-н. месца. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў (Цётка). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П.Броўка). Блізка пры заводзе варушыліся рабочыя, якія працавалі на падкатцы дрэва (П.Пестрак).
2. з В. Абл. Ужываецца пры назвах прадметаў, у непасрэдную блізасць да якіх што-н. прыводзіцца, побач з якімі што-н. размяшчаецца. Пастаў кошык пры сцяну. □ [Кацярына:] А тады надзенеш шапку з цэшкаю, мундзір, шаблю пры бок прычэпіш (К.Крапіва). 3. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, установу ці арганізацыю, якія ўключаюць у свой склад што-н. дапаможнае, падсобнае. Пры школе быў літаратурны гурток (А.Александровіч). Пры многіх кансультацыях арганізоўваліся малочныя кухні або раздатачныя пункты для забеспячэння грудных дзяцей малаком і пажыўнымі сумесямі (Весці АН БССР). З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і на селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак (К.Чорны). Значныя сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў і ясляў выдаткоўвалі непасрэдна тыя прадпрыемствы, пры якіх гэтыя ўстановы адкрываліся (Весці АН БССР). 4. з М. Ужываецца пры ўказанні на месца, установу і пад., дзе хто-н. займае якое-н. службовае становішча або дзе што-н. адбываецца. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску (Я.Колас). Вось так і стаў ён [дзед Ягор] вартаўніком пры школе (М.Скрыпка). У 1930 годзе Алесь Звонак заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, некаторы час вучыцца ў Маскоўскім універсітэце і, нарэшце, заканчвае аспірантуру пры Дзяржаўнай Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (М.Хведаровіч). Пры рэдакцыі газеты рэдка арганізоўваюцца калектыўныя абмеркаванні твораў, падрыхтаваных да друку («ЛіМ»). II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ. 5. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею ці з'яву, у момант якой адбываецца што-н. Там ля ганку праходзілі калі-нікалі людзі, штосьці гаворачы, пры кароткім гэтым спатканні, адзін аднаму (К.Чорны). Вось ён бачыць Сёмку на полі пры ворыве (Ц.Гартны). Нават родныя бацькі папракалі сына хлебам пры абедзе за сталом (Я.Колас). Пры кожным яго кроку гучна парыпвалі маснічыны (М.Лынькоў). Самі ўкруг, як пры цудзе, пусціліся ногі ва ўсіх (А.Куляшоў). Рэкі сплаўныя, выкарыстоўваюцца і як водапрыёмнікі пры асушэнні балотаў (БелСЭ). Тут месцамі ляжала яшчэ нескарыстанае пры будоўлі дрэва, пахла свежымі, кагадзе напілаванымі дошкамі (К.Чорны). Мне гэтага здымка, што вытварыў кат, відаць, пры жыцці не забыцца ніколі! (П.Броўка). Пры канцы жыцця А.Я.Багдановіч вывучаў старажытную жыдоўскую мову... (Г.Гарэцкі). 6. з М. Ужываецца пры ўказанні на эпоху, перыяд, час, на працягу якіх што-н. адбываецца, здзяйсняецца. Жылі пры савецкай уладзе. □ Пры Польшчы трэба было многа плаціць за школу (з запісаў народных гаворак). Не патрэбен спінінг пры такой вадзе (А.Вялюгін).
III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ. 7. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які знаходзіцца ў наяўнасці, які ёсць у каго-н. Пры карове дзецям хоць малако было, а што ж без каровы? □ Вулічка вузенькая, пры добрых нагах пераступіць можна (М.Лобан).
8. з М. Размоўн. Ужываецца пры ўказанні на які-н. прадмет, які знаходзіцца непасрэдна ў гэты момант у каго-н. як характэрная прымета гэтай асобы. А на табе манішка, пры гальштуку ты, чаравікі - воку болезна глянуць (М.Лынькоў). Ігнат Фамін у сябе дома быў у камізэльцы пад пінжаком і пры гальштуку (М.Лобан). Увесь час невялікі атрад быў на нагах і пры зброі (Э.Самуйлёнак). Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі (Я.Колас).
9. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу, у суправаджэнні якой хто-н. знаходзіцца. Жыў пры матцы перш хлапчынка, і была халупка ў іх, дзе курылася лучынка, дзе туліліся ўтраіх (Я.Колас). Не круглыя ж сіроты яны, пры мацеры гадуюцца (В.Лукін). Алесь не памятае, як ён потым, дзе і пры кім або з кім піў малако... (Я.Брыль). Ты ж здароў і дома, ты ж цяпер пры мне (К.Буйло). Ціт быў спрытны, хітры троха, пры папу працёрся век, і з мазгамі чалавек (Я.Колас). IV. АКАЛІЧНАСНЫЯ АДНОСІНЫ. 10. з М. Ужываецца пры ўказанні на якую-н. з'яву, акалічнасць, якія суправаджаюць што-н. Пры святле месяца. □ Мы гаворым удвох пры агні ў цішыне (М.Багдановіч). І пры гэтым святле я запісваю з болем у сэрцы час дакладны, але час яе незабыўнае смерці (А.Куляшоў).
11. з М. Ужываецца пры ўказанні на асобу ці калектыў, у прысутнасці якіх што-н. адбываецца. Мікалай жа тады пры Костусю не менш дзейны быў (К.Чорны). Я шкадую, што не пайшоў наадкрытую: трэба было, каб пры нас, пры людзях Тэкля пайшла з хаты назаўсёды (К.Чорны). А ў сяле дзяўчаты ходзяць, паглядаючы здаля сарамліва пры народзе на Фядоса-каваля (К.Буйло). Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях (М.Гарэцкі). 12. з М. Ужываецца пры ўказанні на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Быць пры памяці. □ Жывём кожная ў адзіноце ды пры гадах - чым далей, тым страшней, ліха на яго, жыццё такое (Е.Лось). V. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ. 13. з М. Ужываецца пры ўказанні на прычыну, падставу чаго-н. Пры вашым непасрэдным удзеле. □ Пры дапамозе таварышаў Паўлу ўдалося ўступіць у рабочы батальён, арганізаваны пэпээсаўцамі (Я.Брыль). 14. з М. Ужываецца пры ўказанні на наяўнасць якіх-н. уласцівасцей, якасцей і г.д., якія выклікаюць што-н., з'яўляюцца прычынай або падставай для чаго-н. Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць (Я.Колас). VI. УМОЎНЫЯ АДНОСІНЫ. 15. з М. Ужываецца пры ўказанні на падзею, факт або абставіны, якія з'яўляюцца ўмовай для ажыццяўлення чаго-н. Байцом буду я чырвоным, - пяты кажа гэтак, - сцерагчы граніцы-межы краіны Саветаў, каб наш вораг пры нападзе сустрэнуў магілу (Я.Купала). Але гэтыя меры ўсё ж нельга лічыць дастатковымі, і таму пры абрэзцы сукоў пакуль што мала лепш дасягаецца мэта (Весці АН БССР). Пачуццё новага якраз часцей за ўсё здраджвае пісьменніку пры абмалёўцы побыту (У.Карпаў). Тое, што годна да друку, будзе друкавацца, часта пры значнай рэдакцыйнай апрацоўцы - гэта дапаможа вясковым аўтарам у іх далейшай працы (К.Чорны). Такім чынам зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць (Я.Колас). VII. УСТУПАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ. 16. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або абставіны, нягледзячы на якія што-н. існуе, адбываецца. Пры такой сціпласці ён усё ж адважыўся заявіць аб сабе ўголас. Пры ўсім пры тым нельга не ўказаць і на наступныя акалічнасці... ◊ Адзін пры адным - разам, адзін каля аднаго, адзін з адным. Ішлі поплеч, цесна адно пры адным (К.Чорны).
|
||
|
|
|||||||||||||||||||
|