Гермянчук Ігар (псэўданімы: Пятро Панкратовіч, Мікола Грынявіцкі; 01.01.1961, в. Стракавічы Сьветлагорскага р-ну Гомельскай вобл.), журналіст, удзельнік беларускага незалежніцкага руху, галоўны рэдактар газэты «Свабода» (1991-1999).

Г. па сканчэньні Сьветлагорскай сярэдняй школы ў 1977 паступае на факультэт журналістыкі БДУ, дзе навучаецца, за выняткам перапынку, зьвязаным са службай у войску (1979-1981), да 1984. Па заканчэньні ўнівэрсытэта працаваў карэспандэнтам газэты «Голас Радзімы», а з 1987 - уласным карэспандэнтам Інфармацыйнага агенцтва «Навіны» па Беларусі.

Яшчэ ва ўнівэрсытэце Г. разам са сваімі аднадумцамі паўсюль, дзе гэта было магчымым, падкрэсьлівалі сваю беларускасьць, прынцыпова здавалі іспыты на беларускай мове, што выклікала неразуменьне некаторых выкладчыкаў. Пачаткам сваёй апазыцыйнай дзейнасьці лічыць 1979, калі ён разам зь Сяргеем Дубаўцом, Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Запрудзкім вырашылі выдаваць падпольны часопіс «Вястун», выданьне якога не ажыцьцявілася з-за тэхнічных прычынаў.

У 1981 (пасьля вяртаньня з войска) Г. далучаецца да Беларускай Сьпеўна-Драматычнай Майстроўні, бярэ ўдзел у фальклёрных сьвятах, што ладзіла «Майстроўня», а таксама ў пастаноўцы народнай драмы «Цар Максімілян».

Аднак пачатак сур'ёзнай дзейнасьці Г. адносіць да выбраньня яго дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і далучэньнем да фракцыі БНФ у парлямэнце. Г. разам зь іншымі дэпутатамі ад апазыцыі ў парлямэнце працаваў над папраўкамі да праекту Дэклярацыі пра сувэрэнітэт Беларусі. З красавіка 1991 - галоўны рэдактар газэты «Свабода». За часам ягонага рэдактарства «Свабода» стала найбуйнейшым апазыцыйным выданьнем у Беларусі.

12.04.1995 разам зь іншымі дэпутатамі апазыцыі БНФ абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць ініцыяванага А.Лукашэнкам рэфэрэндуму (па пытаньнях сымболікі і дзяржаўнай мовы). Сваёй галадоўкай проста ў залі паседжаньняў дэпутаты зрабілі вялікае ўражаньне на астатнюю частку дэпутатаў ВС РБ. Тады пытаньні рэфэрэндуму не былі зацьверджаныя (не хапіла галасоў), разгляд быў адкладзены на наступны дзень. А.Лукашэнка зразумеў, што галадоўка дэпутатаў сарве ініцыяваны ім рэфэрэндум. У ноч на 13.04.1995 дэпутаты былі выкінутыя з залі паседжаньняў і жортка зьбітыя АМОНам і спэцназам.

Супраць Г. як галоўнага рэдактара «Свабоды» Генэральная пракуратура чатыры разы ўзбуджала крымінальныя справы за публікацыю антыпрэзыдэнцкіх артыкулаў. З мэтай аказаньня ціску на галоўнага рэдактара «Свабоды» невядомыя зрабілі прыцэльны стрэл па вокнах дому, дзе пражываў Г.

24.11.1997 газэта «Свабода» за неаднаразовую публікацыю антыпрэзыдэнцкіх артыкулаў была забароненая. Адрадзілася яна ў студзені 1998 пад назвай «Навіны». Але ў той час, калі для масавага чытача газэты не існавала, яна выходзіла ў Інтэрнэце. У студзені 1999 у канфліктнай сытуацыі з выдаўцом газэты Паўлам Жуком Г. пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «Навінаў» і заснаваў грамадзка-палітычны часопіс «Кур'ер».

У 1996 Беларускі ПЭН-Цэнтар прысудзіў Г. прэмію «За высокі прафэсіяналізм у барацьбе супраць аўтарытарнай дыктатуры ў Беларусі».

Кр.: 1. ANH. F-3.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць