Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Дубянецкі Міхась (04.03.1927, в. Востраў Пінскага пав. Палескага ваяводзтва (цяпер Пінскі р-н Берасьцейскай вобл.) - 03.09.1990, Менск), беларускі кнігавыдавец, перакладчык і публіцыст, адзін са стваральнікаў і дзейных сяброў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і, у якой заўсёды панавала атмасфэра чалавекалюбства і дабрыні, выхоўваліся працавітасьць, любоў да роднай зямлі, да пазнаньня новага, нязьведанага. Імкненьне дзяцей да вучобы настойліва падтрымліваў бацька, Фёдар Ігнатавіч, чалавек па тым часе адукаваны, які некалі сам скончыў народную вучэльню. У свае няпоўныя сем год Міхась стаў вучнем сямігадовай польскай школы ў роднай вёсцы, а ў 1938 быў накіраваны на вучобу ў адну з гімназіяў у Познані. У сувязі з пачаткам II сусьветнай вайны і далучэньнем Заходняй Беларусі да БССР Міхась быў вымушаны спыніць навучаньне і вярнуцца дамоў. У лістападзе 1940 органамі НКВД быў арыштаваны ягоны бацька, які абвінавачваўся ў агітацыі сярод аднавяскоўцаў супраць савецкай улады і выбараў у Саветы, ва ўдзеле ў польскім «контррэвалюцыйным Саюзе рэзэрвістаў»; пры пасьляваенным пераглядзе справы яго прызналі невінаватым.

У 1944 Д. скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску і працаваў настаўнікам пачатковых клясаў у Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школе. У 1945-1951 служыў у арміі. Пасьля дэмабілізацыі ў сьнежні 1951 уступіў у КПСС, а потым скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956) і працаваў загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ. У 1958-1961 - намесьнік рэдактара ганцавіцкай раённай газэты «Сялянская праўда». Адначасова з працай у газэце завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС па спэцыяльнасьці журналістыка (1960). Ягоныя публікацыі ў раённым друку вызначаліся вострай публіцыстычнай накіраванасьцю і адначасова сьцьверджаньнем дабрыні, чалавечай годнасьці і справядлівасьці.

З 1961 працаваў у Менску рэдактарам выдавецтва «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры і галоўным рэдактарам выдавецтва «Ўраджай». У 1968-1975 у якасьці інструктара сэктара друку ЦК КПБ актыўна садзейнічаў удасканаленьню і разьвіцьцю кнігавыдавецкай і энцыкляпэдычнай справы ў рэспубліцы, быў ініцыятарам стварэньня і выпуску шматтомных выданьняў беларускай нацыянальнай літаратуры і фальклёру. З 1975 працаваў адказным сакратаром - намесьнікам галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, у 1979-1986 - дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На гэтых пасадах найбольш поўна раскрыўся ягоны талент арганізатара кнігавыдавецкай справы. Добра ведаючы чыноўніцкую кухню партыйных органаў, Галоўліта і Дзяржкамвыда БССР і «слабыя» месцы ў сыстэме цэнзуры, Д. прыклаў шмат намаганьняў дзеля абароны ад іх лепшых твораў беларускіх пісьменьнікаў. Пасьля доўгага змаганьня з партыйна-чыноўніцкім самавольствам у 1982 яму ўдалося дабіцца завяршэньня выданьня чатырохтомнага збору твораў Васіля Быкава і ўключэньня ў яго забароненай ЦК КПСС аповесьці «Мёртвым не баліць».

З 1964 выступаў як перакладчык з расейскай, польскай і ўкраінскай моваў. У ягоным перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі В.Распуціна, С.Жаромскага, Г.Цюцюньніка, зборнік украінскіх апавяданьняў, «Блякадная кніга» А.Адамовіча і Д.Граніна і інш. Пераклады Д. пазначаны высокім мастацкім густам, выразнасьцю слова, глыбокім пранікненьнем у ідэйную сутнасьць арыгіналу. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1984. У 1986 па стане здароўя Д. выйшаў на пэнсію, але прымаў самы актыўны ўдзел у грамадзкай дзейнасьці. Улетку 1988 па ініцыятыве гісторыка-мэмарыяльнай камісіі Беларускага Фонду Культуры, якую ён узначальваў, была створаная арганізацыйная група «Камітэт-58». Гэтая група падрыхтавала Ўстаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі», які выступіў зь ідэяй стварэньня БНФ. 19.10.1988 Д. старшынстваваў на Ўсебеларускім ўстаноўчым сходзе прадстаўнікоў грамадзкасьці, які прыняў рашэньне аб стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», быў абраны ў склад яго грамадзкай рады. Увайшоў у склад выбранага на гэтым сходзе Аргкамітэту па стварэньні БНФ.

22.10.1988 па сваёй ініцыятыве Д. «пранік» скрозь кардоны міліцыі ў Дом палітасьветы Менскага абкаму КПБ, дзе партыйная намэнклятура наладзіла своеасаблівы мітынг супраць арганізацыі БНФ, і спрабаваў растлумачыць мэты і дэмакратычны характар Фронту. Пасьля гэтага ў афіцыйнай беларускай прэсе Д. шмат крытыкавалі як «самазванца», «нефармала» і г.д. Улады выказвалі незадавальненьне ягоным ўдзелам у падрыхтоўцы лістоў у ЦК КПСС супраць дзяржаўна-асымілятарскай палітыкі і практыкі, за неабходнасьць адраджэньня нацыянальных традыцыяў і духоўных дэмакратычных каштоўнасьцяў беларускага народа. Па партыйнай лініі Д. вынесьлі вымову за «ідэйнае перараджэньне»; у гэтым жа годзе ён дабраахвотна выйшаў з шэрагаў партыі.

На Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ, які адбыўся ў Вільні 24-25.06.1989, Д. быў абраны сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Прымаў удзел у падзеях, зьвязаных з адзначэньнем «Дзядоў» 30.11.1988, у арганізацыі мітынгаў і іншых палітычных акцыяў апазыцыі, у распрацоўцы праграмных і бягучых дакумэнтаў БНФ, выступаў на сэмінарах і канфэрэнцыях яго актыву, у пэрыядычным друку.

Выхаваны пры таталітарызме, Д. раней, чым хто, зразумеў ягоную антыдэмакратычную і антычалавечую сутнасьць, змог пераасэнсаваць многае і ўзьняцца над самім сабой, актыўна змагацца са злом, заступацца за чэснага чалавека - сабрата па жыцьці і пяру, не баяўся ўзяць на сябе ўдар чарговага цэрбэра-бюракрата, мог выйсьці і ня раз выходзіў насуперак партакратыі. Пра гэта яскрава сьведчаць дзёньнікавыя запісы, дакумэнтальна-публіцыстычныя нататкі розных гадоў і іншыя матэрыялы зь яго літаратурнай спадчыны.

Кр.: 1. АМН. F-3 (Міхась Дубянецкі); 2. Архіў Саюзу пісьменьнікаў БССР. Асабовая справа М.Дубянецкага.

Тв. і пераклады: 1. Дубянецкі М. Злое вогнішча. Да гісторыі выдання аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць // Полымя. 1999, № 2. С. 161-191; Народная Воля. 12.08.1998; 2. Распуцін В. Жыві і помні. / З расейскай. - Менск, 1982; 3. Цюцюньнік Г. Клімко / З укр. - Менск, 1982; 4. Гранін Д. Гэта дзіўнае жыцьцё / З расейскай. - Менск, 1983; 5. Адамовіч А., Гранін Д. Блакадная кніга / З расейскай. - Менск, 1985; 6. Жаромскі С. Верная рака / З польск. - Менск, 1985.

Бібл.: 1. Быкаў В. З высакароднага саслоўя // Літаратура і Мастацтва. 07.03.1997; 2. Дранько-Майсюк Л. Дубянецкі // Літаратура і Мастацтва 07.03.1997; 3. Законнікаў С. Прадмова да нататак М.Дубянецкага «Злое вогнішча // Полымя. 1999, № 2. С. 160-161; 4. Марціновіч А. «Мастацкая літаратура»: Набыткі, планы // Літаратура і Мастацтва. 20.02.1981; 5. Праневіч Г. Дубянецкі Міхаіл // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. - Менск, 1993. С. 391-392; 6. Саламевіч І. Дубянецкі Міхаіл Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. - Менск, 1998. С. 250; 7. Хомчанка В. Гісторыя адной тэлеграмы // Літаратура і Мастацтва. 11.05.1990; 8. Putrament М. U białoruskich pisarży // Przyjaźc. 1980. Nr. 34; 9. Zinowiec М. «А to echo grało»: Korespondencja wiasna z Mińska // Przyjaźc. 1984. Nr. 16.

Станіслаў Дубянецкі

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2021