Прашковіч Мікола (04.05.1932, в. Гарадзішча Бярэзінскага р-ну Менскай вобл. - 02.02.1983), беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык, адзін з актыўных удзельнікаў нацыянальна-патрыятычнага руху ў Беларусі 1960 - пачатку 1970-x, удзельнік «Акадэмічнага асяродку».

У 1952 скончыў Сялібскую СШ Бярэзінскага р-ну, а ў 1957 беларускае аддзяленьне філфака БДУ. Тры гады працаваў настаўнікам у розных школах Беларусі. У 1960 паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Спэцыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры, таму вучобу працягваў у Ленінградзе, дзе знаходзіўся яго навуковы кіраўнік (І.Яромін) і захоўваецца значная частка беларускай пісьмовай спадчыны. Пасля завяршэньня ў канцы 1963 асьпірантуры працаваў малодшым, а з 1969 старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. У 1965 абараніў дысэртацыю па творчасьці Сімяона Полацкага і стаў кандыдатам філялягічных навук.

Значны ўклад унёс П. у вывучэньне даўняй беларускай літаратуры. Ён прымаў чынны ўдзел у напісаньні яе першай навуковай гісторыі (1968). З 1964 актыўна выступаў у беларускім друку з навуковымі і навукова-папулярнымі артыкуламі па актуальных пытаньнях гісторыі, літаратуры, кнігадрукарства, асьветы, культурных сувязяў Беларусі як старажытнага пэрыяду, так і новага часу, рэцэнзаваў новыя творы беларускіх пісьменьнікаў і працы навукоўцаў-беларусістаў. Напісаў нарысы пра Ф.Скарыну (апублікаваны ў 1970) і Сімяона Полацкага.

Некаторыя яго выступленьні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю, падважвалі афіцыйныя погляды і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Так, рэцэнзія П. на кнігу А.Коршунава пра Афанасія Філіповіча (Полымя, 1965, № 12) выклікала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афіцыёзнага гісторыка Л.Абэцэдарскага і яго аднадумцаў і паслужыла ў 1966 падставай для спэцыяльнай навуковай дыскусіі ў Акадэміі Навук па пытаньнях беларускай дзяржаўнасьці, у ацэнцы ролі царкоўна-рэлігійнай вуніі ў гісторыі беларускага народа і інш.

П. у нацыянальна-патрыятычных мэтах імкнуўся аднавіць гістарычную праўду, раскрыць суайчыньнікам багацьце і высокі эўрапейскі ўзровень культурна-гістарычнай і пісьмовай спадчыны беларускага народа, якою вельмі ганарыўся, узьняць іх нацыянальную самасьвядомасьцьі годнасьць. Ён балюча перажываў за каляніяльнае становішча Беларусі ў складзе Савецкага Саюзу, які называў турмою народаў, асуджаў нацыянальную палітыку кампартыі, татальную русіфікацыю роднага краю, марыў пра сапраўднае палітычнае і нацыянальнае адраджэньне нашай Бацькаўшчыны.

П. сябраваў з многімі патрыятычна настроенымі беларускімі пісьменьнікамі і навукоўцамі, асабліва з Л.Геніюш, зь якой перапісваўся і якую наведваў у Зэльве, з Д.Бічэль-Загнетавай, У.Караткевічам, А.Мальдзісам, М.Чарняўскім, В.Чамярыцкім. Ён таксама наладзіў сувязі з украінскімі патрыётамі. І калі ў пачатку 70-х некаторыя зь іх (М.Кацюбінская, З.Франко) былі абвінавачаныя ў нацыяналізме і пазбаўленыя працы, П. зьбіраў сярод сваіх знаёмых сродкі на дапамогу пацярпелым украінскім сябрам. Ён арганізаваў перадачу ў Беларусь праз М.Чарняўскага шырока вядомай сярод патрыятычнай інтэлігенцыі саюзных рэспублік працы ўкраінскага дысыдэнта І.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?» і быў адным зь першых яе чытачоў і распаўсюджвальнікаў у Беларусі.

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны П. быў выкарыстаны спэцорганамі, пад пільным наглядам якіх знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых нацыянальных патрыётаў, фабрыкацыі справы і «выкрыцьця» ў 1973-1974 «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у Акадэміі навук БССР («Акадэмічны асяродак»), у выніку чаго разам зь ім пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў, асабліва А.Каўрус, С.Місько, В.Рабкевіч і М.Чарняўскі, якія былі звольненыя з працы і доўгі час не маглі нідзе працаўладкавацца па спэцыяльнасьці. П. стаўся ахвярай тагачаснай таталітарнай сыстэмы, у якой не захоўваліся элемэнтарныя правы і свабоды чалавека, перасьледаваліся іншадумцы, а нацыянальна-патрыятычныя пачуцьці і імкненьні людзей аб'яўляліся шкоднымі для грамадзтва.

Па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 быў звольнены з працы ў Акадэміі Навук. Пэўны час быў беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газэце «Вечерний Минск». У 1982 па стане здароўя пакінуў працу. Трагічна загінуў у час пажару ў роднай вёсцы.

Літ.: 1. Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995. № 3.

Вячаслаў Чамярыцкі

Паведаміць пра недакладнасьць