Пушкін Алесь (маст. псэўданім «Пуша»; 06.08.1965, в. Бобр Крупскага р-ну Менскай вобл.), мастак манумэнтальнага і станковага жывапісу, рэстаўратар фрэскаў; аўтар шматлікіх мастацкіх акцыяў, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў палітычнай апазыцыі. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі з 1991.

З 1977 па 1983 вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.Ахрэмчыка ў Менску. У 1983 паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) на аддзяленьне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва (выкладчык Георгі Вашчанка). У 1984 прызваны ў савецкае войска. Служыў у акупацыйным кантынгенце ў Афганістане. У 1986 аднавіў навучаньне ў БДТМІ.

Адзін зь першых ініцыятараў стварэньня студэнцкай групы падтрымкі БНФ «Адраджэньне» (1988). У час вучобы быў арыштаваны за распаўсюджваньнеўлётак, што запрашалі на жалобны мітынг Дзяды-88 на менскіх Усходніх могілках. Вядомы праз афіцыйны друк як аўтар радыкальных выказваньняў, зробленых на II Вальным Сойме Беларускіх суполак (1988). Аўтар мастацкага афармленьня Сойму 24.07.1989 Менскім гарадзкім судом асуджаны за арганізацыю хэпэнінга, прысьвечанага 71-м угодкам стварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, да двух гадоў зьняволеньня (умоўна) з 5-ці гадовым выпрабаваўчым тэрмінам. Гэтая мастацкая акцыя была прыроўненая да парушэньня правілаў арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяньнях непадпарадкаваньня ўладзе. У 1990 выставіў у інстытуце свае творы «дэкляратыўнага мастацтва» (адно з разгалінаваньняў соц-арту), дзе ў мастацкай форме пратэставаў супраць таталітарнага рэжыму; надрукаваў маніфэст беларускага соц-арту. У 1990 скончыў БДТМІ; дыплёмная праца - росьпіс «Парнат» у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (215 кв. м). За гэтую працу быў рэкамэндаваны ў Саюз мастакоў Беларусі, ухвалены вышэйшай адзнакай.

Пасьля вучобы накіраваны на працу ў Віцебскі камбінат мастацтваў. Заснавальнік першай прыватнай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў Пушкіна» ў Віцебску (1993-1994; пры падтрымцы беларусаў замежжа). Галерэя хутка стала вядомай выставачнай заляй і культурніцкім моладзевым асяродкам не толькі ў горадзе, але і ў краіне. На ўласныя сродкі арганізоўвае экспазыцыі беларускіх і замежных мастакоў, тэатралізаваныя імпрэзы, літаратурна-мастацкія канфэрэнцыі незалежных творчых суполак, канфэрэнцыі па праблемах рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэгулярна атрымліваў афіцыйныя папярэджаньні аб забароне правядзеньня мастацкіх пэрформансаў - улады разглядаюць іх выключна як палітычныя акцыі.

З 1992 працуе над рэстаўрацыяй фрэскаў 18 ст. касьцёлу Сьв. Станіслава ў горадзе Магілеве. У 1993 працаваў над сцэнаграфіяй да спэктаклю «Кароль Лір» у віцебскім театры разам з рэжысэрам Валерыем Масьлюком. Пасьля зрыву ўладамі ў лістападзе 1994 Першага зьезду беларускіх нацыяналістаў галерэя была зачыненая, а Алесь Пушкін пазбаўлены волі на 15 сутак як арганізатар (разам са Славамірам Адамовічам) несанкцыянаванага мітынгуі шэсьця, прысьвечанага ўгодкам Слуцкага Збройнага Чыну і дню нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча. Творчае асяродзьдзе Галерэі не распалася, але было вымушанае ладзіць імпрэзы па-за сьценамі былога памяшканьня. Пастаянны ўдзельнік выстаў суполкі «Пагоня».

Тв.: 1. Эпітафія дзеду. 1988; 2. Алегорыя змаганьня Вясны зь зімой у дзень на 25 сакавіка. 1989; 3. Памяці 1863 года. 1989; 4. Досыць сацыялістычнай, адновім Народную Беларусь. 1990; 5. Сьв. Ефрасіньня, Ігуменьня Полацкая. 1992; 6. Сьв. Язафат Кунцэвіч. 1992; 7. Сьв. пакутнік Андрэй Баболя. 1992; 8. Бывай радзіма 1996.

Перформансы: 9. Дзень волі. 1991. Віцебск; 10. Віцебск за кратамі. 1991. Віцебск; 11. AVEC ABANDON. 1992. Менск; 12. Пакутным шляхам. 1994. Віцебск.

Кр.: 13. ANH, F-3 (Алесь Пушкін).

Бібл.: 14. Аладка Я. Зьезд нацыяналістаў разагнала міліцыя // Свабода. 1994, 29 лістапада; 15. Алесь Пушкін варты павагі і падтрымкі // Культура. 1995, 18 студзеня; 16. Баразна М. Росчырк флюгера // Культура, 1994, 21 сьнежня; 17. Баразна М. «Сонца» ў Віцебску. Зацемкі неабыякавага відавочцы // ЛіМ. 1995, 4 жніўня; 18. Барысевіч Ю. Вылавіць найвялікшую рыбіну ў моры // Культура. 1994, 19 студзеня; 19. Дыяруш рэстаўратара, які быў артыстам // Ратуша. 1994, № 36, кастрычнік; 20. Васілеўскі П. Сакавік у краіне Кастрычніка: Нататкі пра мастака Алеся Пушкіна // ЛіМ. 1991, 28 чэрвеня; 21. Васілеўскі П. Парадоксы і загадкі Алеся Пушкіна // Голас Радзімы. 1991, 15 жніўня; 22. Трыгубовіч В. Кніга водгукаў, або карагод вакол Пушкіна // Мастацтва Беларусі. 1989, № 10; 23. Куновская М. Тот самый Пушкин, о котором еще недавно гневно писали газеты как об экстремисте // Знамя юности. 1991, 5 лютага; 24. Прокопенков Л. Весна, ослик Яшка и авангард // Витебский курьер. 1991, 30 сакавіка; 25. Рублеўскі С. Артэфакт // Народнае слова. 1991, 30 сакавіка; 26. Смирнова А. Ай да Пушкин! // Витьбичи. 1991, 27 сакавіка.

Міхал Баразна

Паведаміць пра недакладнасьць