Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Чарняўскі Міхась (07.03.1938, в. Круці Вялейскага пав. Віленскага ваяводзтва (цяпер Мядзельскі р-н Менскай вобл.)), адзін з актыўных удзельнікаў інтэлектуальнай апазыцыі, удзельнік клюбу вольнадумнай інтэлігэнцыі «Акадэмічны асяродак», які быў разгромлены ў 1973-1974. Ч. - археоляг, займаецца праблемамі першабытнай гісторыі Беларусі. З 1966 працуе ў інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з 1971 - кандыдат гістарычных навук. У 1962 Ч. стаў адным з арганізатараў «Акадэмічнага асяродку» - клюбу пераважна супрацоўнікаў Акадэміі Навук БССР, якія бачылі сваё прызначэньне ў зборы і трансьляцыі інфармацыі аб беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай традыцыях. Сябры гуртка зьбіралі ўспаміны, кнігі і часопісы пераважна часоў знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польскае дзяржавы. Для гэтага арганізоўваліся экспэдыцыі ў малыя мястэчкі, ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі нацыянал-дэмакратычнага руху Беларусі (Ларыса Геніюш, Язэп Сушынскі, Мікола Ўлашчык ды інш.). Ч. і «Акадэмічны асяродак» у цэлым асаблівую ўвагу надавалі ўсталяваньню кантактаў са студэнцтвам - распаўсюджаньню сярод іх сабранай інфармацыі, прыцягваньню ў сфэру сваёй дзейнасьці.

Наладжваліся кантакты таксама зь іншымі вольнадумнымі групамі ў Беларусі і за яе межамі. У Менску партнэрскія адносіны «Акадэмічнага асяродку» ўсталяваліся з аб'яднаньнем незалежных мастакоў «На Паддашку», а Ч. непасрэдна ўваходзіў у гэтае аб'яднаньне зь сярэдзіны 1960-х. Прыярытэтнымі былі адносіны з украінскімі патрыятычнымі коламі. Так, у 1964-1965 Ч. устанаўліваў кантакты з дэмакратычна настроенымі супрацоўнікамі ўкраінскай Акадэміі Навук, пераважна ў інстытуце мовазнаўства [1].

Маральным лідэрам «Акадэмічнага асяродку» быў беларускі літаратар Уладзімір Караткевіч. Ч. быў адным з арганізатараў акцыяў «Акадэмічнага асяродку», а таксама быў актыўным у падтрыманьні кантактаў з другімі аб'яднаньнямі вольнадумцаў. «Акадэмічны асяродак» займаў адметнае месца ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі таталітарнаму рэжыму, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на асьвеце і пэрсанальнай працы зь людзьмі. Ч. узгадвае: «...мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізме. Мы сыходзілі з таго, што беларускай... інтэлігенцыі, падрыхтаванай да якіх-небудзь дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі слабы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі губляць сілы на агульнадэмакратычныя задачы... Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе пасьля цяжкіх роздумаў і дыскусіяў было вырашана ўстрымацца ад публічных акцыяў пратэсту» [3]. Трэба адзначыць, што такая пазыцыя мела апанэнтаў у беларускім грамадзтве. Вядомая палеміка з удзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» Анатоля Сідарэвіча, які абвінаваціў сваіх калегаў па дэмакратычным лягеры ў «культурніцтве».

Калі ў 1972-1973 КГБ займалася разгромам патрыятычнага руху ва Ўкраіне, то пры ператрусах і на допытах былі выяўленыя сьляды сувязяў зь Беларусьсю - у рукох КГБ апынулася некалькі лістоў сябраў «Акадэмічнага асяродку» з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС, а таксама з выкладам плянаў каардынацыі супрацьдзеяньня гэтай палітыцы. КГБ непасрэдна занялося «Акадэмічным асяродкам» улетку 1973 - у Менску і ў другіх гарадах Беларусі пачаліся допыты. Разам на гэтыя допыты было выклікана каля сотні навукоўцаў, выкладчыкаў унівэрсытэтаў, студэнтаў. КГБ устанавіла, што Ч. быў прывезены з Украіны рукапіс кнігі Ў.Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя» дзеля яго пашырэньня ў Беларусі.

КГБ пачало раскручваць справу пра падпольную нацыяналістычную арганізацыю. Але тут умяшалася кіраўніцтва ЦК КПБ, якое было незацікаўленае ў пашырэньні інфармацыі пра справу - паводле партыйнай дактрыны, Беларусь была самай інтэрнацыянальнай рэспублікай СССР, дзе ўвогуле не магло існаваць якой-небудзь апазыцыі і якога-небудзь нацыяналізму. Акрамя таго, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў быў заняты павышэньнем свайго статусу ў Маскве, і яму не былі патрэбныя скандалы. Тут закручваецца своеасаблівая інтрыга паміж КГБ і ЦК КПБ. Мясцовае КГБ стала апэляваць непасрэдна да свайго кіраўніцтва ў Маскву. Каб разабрацца з гэтай справай, ЦК КПСС даслала эмісара. У выніку паміж уладамі быў дасягнуты пэўны кампраміс - судовы працэс ня будзе пачынацца, але актывісты «Акадэмічнага асяродку» павінны панесьці пакараньне, як мінімум, іх трэба звольніць з працы.

Узімку 1973-1974 пачалася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі ў сваіх лекцыях распавядалі пра раскрыцьцё нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавала адрыў Беларусі ад СССР і імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. За актывістамі «Акадэмічнага асяродку» было наладжанае пастаяннае сачэньне. Ч. узгадвае: «Назіральнікі не адыходзілі ні на крок, нават глядзелі, што жонкі падкантрольных набывалі ў крамах. Раптам зьяўляліся некаторыя даўнія і ўжо даўно забытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем прасякнуцца сутнасьцю справы і, вядома, дапамагчы. Да месца будзе заўважыць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі мінула, яны зноўку зьніклі з нашага поля зроку» [3].

Ч., а таксама Алесь Каўрус (Інстытут мовазнаўства), Віктар Лапуць (Інстытут геалёгіі), Сьцяпан Місько (Інстытут мастацтвазнаўства), Зянон Пазьняк (асьпірант Інстытута мастацтвазнаўства), Мікола Прашковіч (Інстытут літаратуры), Валянцін Рабкевіч (выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя») былі звольненыя з Акадэміі Навук і трапілі пад дзеяньне няпісанага правіла забароны на прафэсію - яны не маглі ўладкавацца на якую-небудзь інтэлектуальную працу. Ч. быў звольнены з пасады старшага навуковага супрацоўніка з фармулёўкай - «не адпавядае займанай пасадзе» [2]. Ч. здолеў уладкавацца толькі рознарабочым на адное невялікае менскае прадпрыемства [5:60]. «Але найбольш дыскамфортнае пачуцьцё было з-за інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніг і артыкулаў удзельнікаў гуртка выкідваліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацыяў выкрэсьлівалася нават узгадка іх імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек нібы зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі ня жыў!» - узгадвае Ч. [3].

Пасьля працоўнага дня Ч. выступаў перад рабочымі зь лекцыямі па гісторыі Беларусі [4:375], займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні. Зноў уладкавацца па спэцыяльнасьці ў інстытуце гісторыі Ч. здолеў ужо пазьней, але ж непасрэдна да перабудовы яму не дазвалялі выяжджаць за мяжу. І надалей Ч. прымае актыўны ўдзел у дэмакратычным руху: увосень 1988 - у пачатку 1989 ён сябра Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 - пачатку 1991 - у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У наш час Ч. - адзін з выбітных палітыкаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).

Кр.: 1. ANH, F-3 (Міхась Чарняўскі); 2. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 518, арк. 248.

Літ.: 3. Чарняўскі М. Акадэмічны патрыятычны асяродак (60-я гады) // Шуфляда. Т. 1, 1999; 4. Арлоў У. «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях. - Менск, 1992; 5. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. С. 374-375.

Алег Дзярновіч

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018