Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Беларускі патрыятычны рух ва Ўзброеных Сілах СССР (1988-1991). Адметнасьцю беларускага нацыянальна-патрыятычнага руху ва Ўзброеных Сілах СССР ёсьць тое, што ён ня быў навязаны зьверху ці прынесены звонку, а разьвіваўся зьнізу. Штуршком да стварэньня першай беларускай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі вайскоўцаў сталіся падзеі 30.10.1988, калі БССРаўскія ўлады разагналі ў Менску жалобны мітынг з нагоды «Дзядоў». Менавіта абурэньне дзеяньнямі ўладаў згуртавалі ў лістападзе 1988 пяць сяброў, курсантаў V курсу Менскага ВІЗРУ - вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні (лідэр - Сяржук Чыслаў).

У сьнежні 1988 група была зарэгістраваная ў Аргкамітэце па стварэньні Беларускага Народнага Фронту як група падтрымкі Фронту. У сваім асяродку яны называлі сябе «Рух-63», лічачы сябе нашчадкамі К.Каліноўскага. Насілі значку з выявай К.Каліноўскага і з дамаляваным самімі бел-чырвона-белым сьцяжком. У сакавіку 1989 пад «шыльдай» літаратурна-асьветніцкай суполкі «Пралескі» была зробленая спроба адзначыць угодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, але перад самым пачаткам мерапрыемства камандаваньне вучэльні апячатала памяшканьне. На гэты час група ўзьнялася на якасна новы ўзровень. Гэта была ўжо самастойная, акрэсьленая арганізацыя колькасьцю да 20 чалавек.

З красавіка 1989 арганізацыя стала называцца «Вольнае Згуртаваньне Вайскоўцаў» і пад гэтым назовам увайшла ў толькі што створаную Канфэдэрацыю Беларускіх Суполак. У красавіку - чэрвені сябры згуртаваньня былі ініцыятарамі ці ўдзельнікамі больш дзесяці акцыяў. Так, напрыклад, у чэрвені 1989 сябры арганізацыі сабралі сярод курсантаў вучэльні больш за 300 подпісаў за дзяржаўнасьць беларускай мовы і перадалі іх арганізатарам I зьезду ТБМ. Пасьля заснавальнікі арганізацыі (ужо лейтэнанты), разьехаліся па гарнізонах, а самыя актыўныя - Сяржук Чыслаў і Вадзім Малюшыцкі - у самыя глухія месцы: адпаведна ў пасёлкі Міны і Атаманаўка Чыцінскай вобл. У другой палове 1989 «Вольнае Згуртаваньне Вайскоўцаў» узначаліў курсант Аляксей Пісьмянкоў, але дзейнасьць арганізацыі паступова пачала згасаць.

Увосень 1989 у Менску з афіцэраў той жа інжынэрнай вучэльні ўзьнікла група (3 чалавекі) на чале з кандыдатам тэхнічных навук падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам. Група працавала нелегальна і займалася распрацоўкай дэталёвае канцэпцыі стварэньня беларускага войска. Першыя разьдзелы канцэпцыі былі надрукаваныя ў газэце «ЛіМ» № 27 ад 06.07.1990 («Ці патрэбнае нацыянальнае войска?») і № 40 ад 05.10.1990 («Дзе і як служыць беларусам»). У пачатку 1991 група легалізавалася. У лютым 1991 М.Статкевіч выйшаў з КПСС і на ўстаноўчым зьезьдзе БСДГ адкрыта заявіў аб неабходнасьці ўтварэньня беларускага войска. У красавіку 1991 Цэнтральная Рада БСДГ стварыла камісію БСДГ па вайсковых пытаньнях. У склад камісіі ўвайшлі народны дэпутат БССР Віталь Малашка, Мікалай Статкевіч і Сяржук Чыслаў (апошні звольніўся з войска ў пачатку 1991 і вярнуўся на Радзіму). Пачалася праца па наладжваньні сувязяў зь беларускімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў па ўсёй тэрыторыі СССР. Агулам, да жнівеньскага путчу 1991 былі ўстаноўленыя сувязі з арганізацыямі Масквы, г. Прыазёрск (Казахстан), Цьвяры, Мардовіі, Якуціі, Барысава, а таксама зь дзясяткамі асобных людзей.

Першая арганізаваная нацыянальна-патрыятычная суполка беларусаў-вайскоўцаў па-за межамі Беларусі ўзьнікла ў г. Прыазёрску Казахскай ССР. Заснавальнікам яе быў афіцэр, ураджэнец Нясьвіжчыны, Станіслаў Суднік. Перапляценьне акалічнасьцяў асабістых з вонкавымі, грамадзкага кшталту - «галоснасьць» і г.д., сталіся прычынай пералому ў лёсе С.Судніка, які адбыўся ў 1988.

Увосень 1990 сярод сяброў суполкі БНФ Масквы (існавала з 1989) пачала выкрышталізоўвацца група вайскоўцаў. Адзін зь іх, лейтэнант Віктар Нагнібеда, паводле ўласнае ініцыятывы, ад імя аргкамітэту Згуртаваньня Беларускіх Вайскоўцаў (хаця фармальна яго яшчэ не было) склаў «Зварот да беларускіх вайскоўцаў» і даслаў яго ў студзені 1991 у газэту «Свабода». На гэты зварот В.Нагнібеда атрымаў больш за 40 лістоў. М.Статкевіч, напрыклад, у сакавіку 1991 адмыслова прыехаў у Маскву дзеля наладжваньня сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі ў Маскве. Пасьля гэтых лістоў і сустрэчы з М.Статкевічам, 13.04.1991 было ўтворанае Згуртаваньне Беларусаў-Вайскоўцаў Масквы (ЗБВМ), прыняў Статут ЗБВМ і абраў Каардынацыйны камітэт у складзе трох чалавек на чале з палкоўнікам В.Астаповічам. Падчас жнівеньскага путчу (1991) сябры Маскоўскай арганізацыі прынялі чынны ўдзел у абароне «Белага дому».

У 1980-х у Калініне (Цьвер) у вайсковай акадэміі існавала шматлікае беларускае зямляцтва. З 1989 на аснове зямляцтва сфармавалася нацыянальна-патрыятычная арганізацыя на чале з падпалкоўнікам Вінцэнтам Чорным. Арганізацыя падтрымлівала кантакты з вайскоўцамі з Прыазёрску (Казахстан).

Праца па наладжваньні сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі зь іншых месцаў СССР вялася адразу пасьля практычнага згуртаваньня вайскоўцаў у Прыазёрску. Былі наладжаныя кантакты з арганізацыямі і проста невялікімі групамі-зямляцтвамі. 1989 - Цьвер, 1990 - Кастрама, Уладзімірская вобл., 1991 - Летува, Эстонія, Ленінград (Санкт-Пецярбург), Тында, Хабараўск, Масква, Менск. Са студзеня 1991 такую ж працу і ўжо з канкрэтнай мэтай - стварэньне адзінай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі (праўда, не было акрэсьленых тэрмінаў і падыходаў па яе стварэньні) - пачала маскоўская арганізацыя.

У лютым 1991 пачала працаваць у гэтым накірунку і група М.Статкевіча. Тут ужо вялася прадуманая работа па стварэньні адзінай арганізацыі ў межах структураў БСДГ.

У траўні 1991 беларускія вайскоўцы стварылі арганізацыю ТБМ у вайсковым гарадку Печы (Барысаў) у колькасьці 5 чалавек. Але яшчэ за месяц да таго арганізатары ўстанавілі кантакт з М.Статкевічам. У гэтым жа 1990 арганізацыя выйшла за межы асьветніцкай дзейнасьці. З другога нумару (верасень 1990) газэта «Рокаш» пачала друкаваць матэрыялы, дзе разглядаліся пытаньні будаўніцтва беларускага войска.

У чэрвені 1991 у Менску адбылася сустрэча С.Судніка з М.Стакевічам і С.Чыславым. На сустрэчы ішла размова пра канцэпцыю стварэньня беларускага войска, пра дзеяньні па яго стварэньні ў межах існуючых нацыянальна-дэмакратычных грамадзкіх і палітычных структураў, пра каардынацыю дзеяньняў паміж усімі нацыянальна-патрыятычнымі арганізацыямі вайскоўцаў (размовы пра стварэньне адзінай арганізацыі не было). Важнасьць гэтай сустрэчы палягае ў тым, што з гэтага моманту практычна ўсе дзейсныя беларускія нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі вайскоўцаў былі зьвязаныя паміж сабой.

У жніўні 1991, падчас путчу, выданьне газэты «Рокаш» і, адпаведна, дзейнасьць арганізацыі ў такім напрамку, была забароненая. Сам С.Суднік быў выкліканы да начальніцтва і быў абвінавачаны ў распальваньні беларускага нацыяналізму.

У кастрычніку 1988 С.Суднік, які быў на Радзіме, адмыслова заяжджае да свайго сябра Алеся Міткаўца (выгнанага ў свой час з унівэрсытэту за «нацыяналізм»), а ў Менску праз газэты знаходзіць Ігара Чарняўскага, зь якім быў знаёмы яшчэ з 1975 па Клюбу аматараў піва БДУ. Гэта былі важныя сустрэчы, на якіх ішла гутрака аб сытуацыі ў Беларусі і шляхах нацыянальнага адраджэньня. З усім гэтым багажом (інфармацыя, літаратура, асабістыя ўражаньні) С.Суднік вярнуўся ў Казахстан. Вясной 1989 С.Суднік і ягоны найбліжэйшы паплечнік Ігар Супаненка сабралі 21 подпіс вайскоўцаў Прыазерска пад лістом да Вярхоўнага Савета БССР за дзяржаўнасьць беларускай мовы. Вытрымкі з гэтага ліста чытала намесьнік старшыні Савета міністраў БССР Ніна Мазай на сэсыі Вярхоўнага Савета БССР падчас прыняцьця закону «Аб мовах у Беларускай ССР».

У траўні 1990 С.Суднік і І.Супаненка накіравалі ў газэты «ЛіМ» і «Звязда» зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР з прапановамі па дзяржаўным будаўніцтве ў Беларусі, а ў жніўні гэтага ж году выдалі першы нумар газэты «Рокаш» - органа Прыазерскай гарадской Рады ТБМ. Фармальна сход па стварэньні суполкі ТБМ не зьбіраўся, але ўжо з 1989 актыўна існавала нацыянальна-патрыятычная супольнасьць вайскоўцаў-беларусаў колькасьцю да 30 чал. Газэту атрымлівалі ў Беларусі, Казахстане, Летуве, Эстоніі, Расеі (больш дзесяці месцаў), у Англіі (Лёнданская бібліятэка імя Ф.Скарыны). Да канца 1991 было выдадзена 10 нумароў: 1990 - 2, 1991 - 8.

Жыцьцё ўнесла свае карэктывы, паскорыла працэс аб'яднаньня патрыётаў-вайскоўцаў, падказала прынцыпы гэтага аб'яднаньня. У час жнівеньскага путчу (1991) па ініцыятыве вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу дэмакратычныя партыі прынялі ўзгодненае рашэньне аб неабходнасьці ўтварэньня надпартыйнага патрыятычнага руху зь ліку кадравых вайскоўцаў. 20 жніўня ў першай палове дня, у адной з аўдыторыяў галоўнага корпуса БДУ было абвешчана аб стварэньні Беларускага Аб'яднаньня Ваеннаслужачых (БАВ). 12.10.1991 адкрыўся зьезд Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў (БЗВ), у працы якога прынялі ўдзел 119 дэлегатаў. Старшынём БЗВ быў абраны Мікалай Статкевіч.

Бясспрэчна, кульмінацыя зьезду была ў канцы першага дня яго працы. Удзельнікі зьезду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, пад беларускім вайсковымі харугвамі прайшлі ад Дому літаратараў да сквэру Янкі Купалы, дзе ішоў рок-канцэрт з нагоды абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Са сцэны перад удзельнікамі канцэрта і ў наўпроставым эфіры беларускага тэлебачаньня быў зачытаны «Зварот да Вярхоўнага Савета, палітычных партыяў і народу Беларусі».

Журналістка Галіна Айзенштадт у той час напісала: «...І ўсё ж самы моцны псыхалягічны момант быў тады, калі вайскоўцы ішлі пад грунвальдзкімі сьцягамі. Ад Дому літаратараў, дзе праходзіў зьезд, да сквэру імя Янкі Купалы ўсяго два кварталы. Але была пройдзеная куды большая адлегласьць. Адлегласьць паміж мінулым, калі была страчаная дзяржаўнасьць, і ў сучасным, калі яна адраджаецца...»

Міхась Варанец

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019