Каталіцкі рух у Беларусі ў 1956-1991. «Хрушчоўская адліга» сярэдзіны 1950-х не прынесла палёгкі ў адносіны паміж савецкай уладай і Каталіцкім Касьцёлам.

Згодна з амністыяй пачалі вяртацца са сталінскіх лягероў рэпрэсаваныя ксяндзы і аднаўляць сваю працу ў парафіях. Некаторыя зь іх працягвалі выказваць свае нэгатыўныя адносіны да савецкай ўлады. Напрыклад, кс. Юзаф Гарадзенскі пасьля вызваленьня зь лягераў вярнуўся на Радзіму ў Кобрынь. Тут ён пачаў актыўную рэлігійную дзейнасьць. Езьдзіў па закінутых касьцёлах, зьвяртаючыся да вернікаў, заклікаў не ўступаць у кампартыю, не чытаць камуністычнай літаратуры. У 1958 кс. Ю.Гарадзенскі зноў быў арыштаваны і асуджаны ў Берасьці як рэцыдывіст на 5 год пазбаўленьня волі. Кс. М.Вандалоўскі, пробашч касьцёла ў в. Правыя Масты Мастоўскага р-ну, заклікаў вернікаў падтрымліваць сувязі са сваякамі ў ЗША, а таксама паўсюль шкодзіць савецкай уладзе.

У выніку ЦК КПБ інфармаваў Маскву пра неабходнасьць перагляду мэтазгоднасьці датэрміновага вызваленьня асобаў, асуджаных за антысавецкую дзейнасьць, і забароны ім сяліцца ў памежных абласьцях БССР. Але Масква не пайшла на такія жорсткія меры. Найбольш эфектыўным сродкам была ізаляцыя ксяндзоў і адмова ім у рэгістрацыі. Пасьля двух гадоў нелегальнай працы з-за адмовы ў рэгістрацыі зьехаў за мяжу айцец Багаткевіч. Напрыканцы 1950-х Беларусь пакінулі каля 30 сьвятароў [1:35]. Частка капланаў выехала ў Польшчу адразу пасьля вызваленьня зь лягераў (Ю.Гарадзенскі, Вацлаў Язевіч, Антон Жомбак).

На тэрыторыі Ўсходняй Беларусі сытуацыя была ўскладненая тым, што каталіцкія храмы былі зачыненыя. У 1950-я вярнуліся зь лягераў Віктар Шутовіч, Мечыслаў Малыніч-Маліцкі. Айцец Шутовіч працаваў нелегальна ў Барысаве да сваёй сьмерці ў 1960, а кс. Малыніч-Маліцкі вярнуўся ў 1954 у Слуцак, але, так і не атрымаўшы дазвол на рэгістрацыю, праводзіў набажэнствы ў адным з пакояў свайго дома.

Асобную старонку ў жыцьці Каталіцкага Касьцёла на Ўсходняй Беларусі займае змаганьне вернікаў за адкрыцьцё Кальварыйскага касьцёлу ў Менску. Звароты да ўладаў не давалі плёну. У 1957 вернікі зрабілі няўдалую спробу выхаду да Дома Ўраду. 25.01.1959 каталікі Менску правялі сход на Кальварыйскіх могілках дзеля абмеркаваньня сваіх далейшых дзеяў. Сход не застаўся па-за ўвагай КГБ. Ініцыятары акцыі былі выкліканыя ў гарвыканкам, дзе ім «патлумачылі», што адкрыцьцё касьцёлу немажлівае [2:281-282]. 20 гадоў вернікі беспасьпяхова дамагаліся адкрыцьця касьцёлу. Даходзіла да таго, што набажэнствы праходзілі пад адкрытым небам і зьбіралі мноства народу. Адкрыцьцё Кальварыйскага касьцёлу зрабілася магчымае толькі ў 1980 з нагоды маскоўскай Алімпіяды і зьяўленьня ў Менску вялікай колькасьці замежнікаў (тут праходзілі футбольныя матчы).

У 1960-я ўзмацнілася прапагандысцкая кампанія супраць Каталіцкага Касьцёла ў Заходняй Беларусі, які меў у гэтым рэгіёне значны ўплыў. Акрамя вуснай антыкаталіцкай агітацыі сярод насельніцтва практыкавалася забарона рэгістрацыі ксяндзоў, закрыцьцё касьцёлаў і перадача іх дзеля гаспадарчых патрэбаў [2:283]. Калі ў 1955 тут дзейнічала 152 касьцёлы, у 1965 - 130 касьцёлаў, то ў 1970 усяго 107. Ілюстрацыяй гэтых працэсаў можа служыць сытуацыя з Фарным касьцёлам у Горадні. У сакавіку 1960 быў пазбаўлены рэгістрацыі пробашч касьцёлу К.Шаняўскі. Захады вернікаў па рэгістрацыі новага сьвятара ўсяляк адхіляліся. Жыхарка Горадні М.Гратулевіч, найбольш актыўная і пасьлядоўная змагарка за аднаўленьне дзейнасьці Фарнага касьцёлу, была асуджаная на тры гады пазбаўленьня волі за «злачынства, якое пакліканае матэрыяльнымі выгодамі і носіць падстракальніцкі характар» [2:303]. Вынікам закрыцьця касьцёлу ў в. Зарачанка Гарадзенскага р-ну ў 1969 зьявіўся страйк вернікаў. Храм так і ня быў адчынены, аднак і рэпрэсыўных мераў супраць незадаволеных не было. Мясцовая адміністрацыя баялася розгаласу.

Яшчэ за часамі М.Хрушчова была прынятая пастанова, накіраваная на штучнае памяншэньне колькасьці вернікаў: асобы, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, не маглі наведваць набажэнствы. Але гэтае распараджэньне не выконвалася, тым больш што ксяндзы, не баючыся перасьледу ўладаў, праводзілі актыўную працу з моладзьдзю. У 1966, упершыню з часоў другой сусьветнай вайны, пачаў праводзіцца абрад канфірмацыі. 29 траўня ў 8 касьцёлах Віцебшчыны было канфірмавана каля 2 тыс. чалавек. Значна шырэй гэты абрад праводзіўся на Гарадзеншчыне. Толькі ў касьцёле в. Міхалішкі Астравецкага р-ну было канфірмавана каля 500 чалавек [2:305].

Актыўную працу з насельніцтвам праводзіў у Красьненскім касьцёле Маладэчанскага р-ну кс. Юзаф Мансангер. Ягоныя казаньні зьбіралі шмат вернікаў; выдатнае разьмяшчэньне храму (ля чыгуначнай станцыі) вяло да таго, што ў касьцёл прыяжджалі каталікі зь Менску, Маладэчны, Барысава. Заўсёды ў храме было шмат дзяцей, што вельмі непакоіла камуністычныя ўлады. У 1968 кс. Мансангер быў пазбаўлены месца і прыцягнены да судовай адказнасьці, але дзякуючы хадайніцтву вернікаў быў толькі пераведзены ў парафію Солы Смаргоньскага р-ну [2:305].

Заслугоўвае ўвагі асоба сёньняшняга пробашча Кальварыйскага касьцёлу Альбэрта Масальскага. Ён быў тайна пасьвечаны на капланства ў Польшчы і працаваў то дыспэтчарам Менскага электрамэханічнага заводу, то кіяскёрам «Саюздруку», тайна выконваў набажэнствы, за што неаднаразова перасьледваўся савецкімі ўладамі. Толькі ў 1981 кс. Масальскі атрымаў пасаду пробашча касьцёлу ў Солах.

У 1970-х у Беларусі адчувалася нястача каталіцкіх сьвятароў. Спэцыялізаваных рэлігійных установаў тут не існавала, навучацца магчыма было толькі ў Рызе ці Коўне, але доступ беларусаў туды быў абмежаваны. Незвычайную справу пачаў рабіць пробашч касьцёла ў в. Мядзьведзічы Ляхавіцкага р-ну Вацлаў Пянткоўскі, які ў сваім доме заснаваў падпольную сэмінарыю.

У другой палове 1970-х пачынаюцца сьмелыя акцыі вернікаў-каталікоў у абарону сваіх сьвятароў і касьцёлаў. У Гярвятах 2067 асобаў падпісалі пэтыцыю да кіраўнікоў усіх узроўняў, пачынаючы з Л.Брэжнева, з просьбай мець новага сьвятара. У Пелясе ў 1977 300 чалавек даслалі ліст у Маскву ў Савет па справах рэлігій з просьбай вярнуць касьцёл [3:26]. Падобныя акцыі ўзмацніліся ў 1980-я. Калі не ўдавалася займець свайго сьвятара, то часьцяком вернікі самі праводзілі набажэнствы. Садзейнічала актывізацыі каталіцкага жыцьця абраньне Рымскім Папам Яна Паўла II, паляка па паходжаньні.

У 1962-1965 на II Ватыканскім Саборы была прынятая пастанова, згодна зь якой дазвалялася весьці набажэнствы на нацыянальных мовах. Большасьць ксяндзоў у Беларусі карысталіся польскай мовай, але былі і тыя, хто выкарыстоўваў у набажэнствах беларускую мову. Найбольш пасьлядоўным прыхільнікам беларускамоўнай службы быў айцец Уладзіслаў Чарняўскі, пробашч касьцёлу ў в. Вішнева Валожынскага р-ну.

Адраджэньне каталіцкага жыцьця пачалося ў канцы 1980-х. Пачынаецца вяртаньне вернікам храмаў, будаўніцтва новых, рэгіструюцца новыя парафіі.

Значнай падзеяй было аднаўленьне дзейнасьці касьцёлу Сьв. Сымона і Сьв. Алены (Чырвонага касьцёла) у Менску ў 1990.

Літ.: 1. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына.1994, № 1; 2. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.). Менск, 1998; 3. Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 2.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць