Краязнаўчы рух у Беларусі, форма незалежнай грамадзкай актыўнасьці. Краязнаўства - усебаковае вывучэньне пэўнага рэгіёну ці населенага пункту - мае ў Беларусі трывалыя традыцыі. У 1930-е К.р. у БССР быў вынішчаны фізычна. К.р. у пасьляваенны час стаўся рэакцыяй на панаваньне саветызаванай вэрсіі беларускай гісторыі, калі галоўная ўвага дасьледнікаў была скіраваная на вывучэньне рэвалюцыйных падзеяў і дзейнасьці кампартыі, а таксама на абслугоўваньне тэзы аб спрадвечным сяброўстве і непарыўнасьці ўсходнеславянскіх народаў.

У сытуацыі, калі гісторыя Беларусі афіцыйна пачыналася з 1917, вывучэньне асаблівасьцяў нашага дасавецкага мінулага (асабліва яго палітычнага аспэкту) не выклікала спрыяльнага стаўленьня з боку партыйнага кіраўніцтва. Аднак цэлы шэраг беларускіх гісторыкаў у савецкія часы, у абыход «небясьпечных абагульненьняў», займаліся краязнаўчымі дасьледаваньнямі, якія закраналі падзеі ў асобных частках Беларусі ад сівой старажытнасьці да сучаснасьці. Так зь лякальных гісторый павольна складалася агульная беларуская гісторыя. Яе стваральнікамі былі Г.Каханоўскі, М.Ермаловіч, М.Ткачоў, А.Мальдзіс, А.Ліс і шэраг іншых навукоўцаў, для якіх краязнаўства было сродкам дыстанцыяваньня ад стандартнай савецкай гістарычнай тэматыкі і звароту да нацыянальных вытокаў.

К.р. у Беларусі з другой паловы 1950-х не абмяжоўваўся ўласна акадэмічнымі дасьледаваньнямі.Насуперак тэндэнцыям нівэляваньня рэгіянальных і нацыянальных асаблівасьцяў у савецкім грамадзтве ў розных месцах Беларусі час ад часу зьяўляліся ініцыятывы па зьбіраньні мясцовага краязнаўчага матэрыялу з тым, каб аднавіць сапраўдную гісторыю хаця б малой радзімы. Вынікам такіх ініцыятываў зьявілася стварэньне на грамадзкіх пачатках у розных гарадах і вёсках уласных краязнаўчых музэяў. Краязнаўчыя музэі ў абласных цэнтрах у большасьці аднавілі сваю працу хутка пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны, аднак аснову іх экспазыцый тады складалі стандартныя савецкія аддзелы, кшталту гісторыі рэвалюцыйнага руху. Узьнікненьне музэяў у больш дробных населеных пунктах часам мела больш вольны характар. Яшчэ ў 1955 на базе мясцовай сярэдняй школы быў створаны краязнаўчы музэй у в. Валеўка Наваградзкага р-ну. У 1959 распачаў сваю дзейнасьць Лідзкі краязнаўчы музэй. На аснове экспанатаў, сабраных М.Мельнікавым, у 1961 быў створаны Крычаўскі краязнаўчы музэй.

Моцны штуршок для разьвіцьця К.р. дала дзейнасьць беларускага гісторыка Г.Каханоўскага, які працяглы час зьяўляўся дырэктарам адчыненага ў 1964 у Маладэчне Абласнога краязнаўчага музэя і заклаў асновы ягонай калекцыі. Зь ініцыятывы А.Белакоза ў 1965 у Гудзевіцкай сярэдняй школе (Мастоўскі р-н) быў створаны Літаратурна-этнаграфічны музэй. Актыўную ролю ў зьбіраньні калекцыі гэтага музэя ўзялі самі вучні. Таксама былі створаныя краязнаўчыя музэі ў Ветцы (1978 Веткаўскі музэй народнай творчасьці - на базе калекцыі Ф.Шклярава), у Браславе (1984, Гісторыка-краязнаўчы музэй - на базе школьнага) і інш.

Значная частка краязнаўчых дасьледаваньняў ініцыявалася настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі з мэтай далучэньня вучняў да нацыянальнай спадчыны. Аднак партыйнае кіраўніцтва наладжвала сталы кантроль за дзейнасьцю нават невялікіх краязнаўчых музэяў. Без дазволу зьверху нельга было адчыніць падобную ўстанову, пашырыць яе дзейнасьць - але большасьць зь іх узьнікала і існавала на грамадзкіх пачатках.

Пэўная актывізацыя К.р. у Беларусі назіраецца з другой паловы 1980-х - разам з пачаткам грамадзкага ажыўленьня, калі паўстала пытаньне аднаўленьня сапраўднай беларускай гісторыі. 27.12.1989 у Менску адбыўся Ўстаноўчы зьезд Беларускага Краязнаўчага Таварыства, якое ўзначаліў Г.Каханоўскі. Гэтая арганізацыя павінна была наладзіць сталую каардынацыю дзеяньняў краязнаўчых суполак на месцах.

К.р. у Беларусі ў пасьляваенны час, нягледзячы на ягоную пэўную рэгіянальную адасобленасьць і ня вельмі спрыяльнае стаўленьне з боку савецкіх уладаў, зьявіўся адным з найбольш дзейсных сродкаў захаваньня нацыянальнай гістарычнай і культурнай традыцыі, стаўся праявай унутранай апазыцыі да савецкай рэчаіснасьці.

Наталя Арлова

Паведаміць пра недакладнасьць