Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Кроніка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі: 1956-1988

Сярэдзіна 1950-х - выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту Браніслаў Ржэўскі праводзіць кампанію пісьмовых зваротаў да ўладаў на тэму дыскрымінацыі беларускай мовы. Арганізуе таксама звароты студэнтаў.

1956, 16 студзеня - арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізме выкладчык Гарадзенскага пэдінстытуту Браніслаў Ржэўскі.

2 лістапада - заснаваньне ў Гомелі «Партыі свабоды рускага народа». У лютым 1957 яе заснавальнікі (М.Грачуха, Ф.Казлоўскі, А.Яткін, М.Дзехцяроў) былі арыштаваныя і ў далейшым асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі.

ЦК КПБ арганізуе разгром «нацыяналістычных поглядаў» М.Ларчанкі. Сігналам гэтага стаўся артыкул Л.Абэцэдарскага і А.Сідарэнкі з абвінавачваньнямі М.Ларчанкі ў ідэйных памылках.

1957, люты - пастанова Савета міністраў БССР «Аб удасканаленьні і частковай зьмене існуючага правапісу», далейшая русіфікацыя беларускай мовы.

Браты Лявон і Міхась Белыя разьвесілі ў Менску ўлёткі ў абарону беларускай мовы (зьмест улётак складаў верш Лявона Белага «Усе народы прагнуць сваёй волі, ўлады, песьні...»). Удзельнікі акцыі былі знойдзеныя і пакараныя.

14 сьнежня - у газэце «Літаратура і Мастацтва» зьявіўся артыкул Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Першы выступ у прэсе супраць русіфікацыі.

1958, травень - у часопісе «Маладосць» № 5 апублікавана аповесьць Аляксея Кулакоўскага «Дабрасельцы». У чэрвені 1958 адбылося сумеснае паседжаньне бюро ЦК ЛКСМБ і Прззідыюму ўправы СП БССР, дзе аповесьць асудзілі як памылковы твор, які «паказвае калгасную вёску ў крывым люстры» (ЛіМ, 02.07.1958). А.Кулакоўскі пазбаўлены працы на пасадзе галоўнага рэдактара часопісу «Маладосць».

1959 - выступленьне ў Менску кіраўніка КПСС і савецкай дзяржавы Мікіты Хрушчова з заклікам паскарэньня русіфікацыі. Закрыцьцё многіх пэрыядычных беларускіх выданьняў, зьмяншэньне накладаў беларускіх кніжак, масавае закрыцьцё беларускіх школ, практычнае выцясьненьне беларускай мовы з усіх ВНУ.

пачатак 1960-х - пачатак складваньня «Акадэмічнага асяродку» - апазыцыйных групаў у Акадэміі Навук БССР, якія ўтвараліся паводле прынцыпаў дыскусыйных гурткоў.

1963, 30 студзеня - у Пінску арыштаваны Мікалай Лагодзіч за публічную праваабарончую дзейнасьць (напісаньне і пашырэньне артыкулаў і зваротаў) супраць парушэньня Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. 11.04.1963 асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі строгага рэжыму. Адбываў тэрмін у Мардоўскіх лягерах.

19 сакавіка - «Рэспубліканская нарада актыву творчай інтэлігенцыі», абвінавачаньні ў скажэньні партыйнай лініі пісьменьнікаў і літаратуразнаўцаў А.Кулаўкоўскага, І.Чыгрынава, В.Каваленкі, В.Тараса.

1964, 19 чэрвеня - забіты Вітольд Дзіско - вясковы электрык і мастак-вольнадумца (Пастаўскі раён). Адкрыта выказваўся супраць камунізму, Сталіна, маляваў касьцёлы. Некалькі гадоў жыў пад простым кантролем КГБ, зьмяшчаўся ў псыхушку. Забіты чатырма супрацоўнікамі КГБ.

сярэдзіна 1960-х - «Акадэмічны асяродак» наладжвае сувязі з украінскім нацыянальна-вызвольным рухам (М.Прашковіч, М.Чарняўскі).

другая палова 1960-х - фармаваньне адраджэнскага гуртка навуковай, творчай і студэнцкай моладзі «На Паддашку», які рэгулярна зьбіраўся на паседжаньні ў майстэрні мастака Яўгена Куліка. Вяліся дьскусыі аб шляхах культурнага і палітычнага адраджэньня Беларусі, выпрацоўваліся спосабы дзейнасьці, зьбіраліся самвыдавецкія і забароненыя друкаваныя матэрыялы, вялася работа па выхаваньні моладзі, арганізоўваліся краязнаўчыя экскурсіі, рыхтаваліся мастацкія выставы. «На Паддашку» - адзіная даволі арганізацыйна пастаянная групоўка, якая з канца 60-х і да канца 80-х вяла мэтанакіраваную адраджэнскую працу. (Сярод сяброў групоўкі: Я.Кулік - гаспадар майстэрні і адзін з арганізатараў і актыўнейшых працаўнікоў групоўкі, Л.Баразна, П.Драчоў, В.Ждановіч, мастакі муж і жонка Сьвентахоўскія, У.Крукоўскі, З.Пазьняк, М.Ткачоў, М.Чарняўскі, А.Марачкін, Г.Сакалоў-Кубай, З.Санько, Зьдзіслаў Сыцько, М.Купава і інш.)

1965, жнівень - пасьля апублікаваньня ў часопісе «Маладосць» (№ 7) аповесьці «Мёртвым не баліць» Васіль Быкаў паводле каманды галоўных ідэёлягаў КПСС М.Суслава і М.Зімяніна стаўся аб'ектам афіцыйнай крытыкі, а рэдактар часопісу П.Панчанка неўзабаве быў звольнены з працы. Арганізоўваліся калектыўныя лісты «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваньнем вайны; правакатары білі вокны ў доме пісьменьніка. З востраю дыскусыяй вакол Васіля Быкава зьвязаная актывізацыя «Акадэмічнага асяродку».

1966, 22 лютага - апублікаваньне ў газэце «Советская Белоруссия» артыкулу В.Люкевіча і Я.Трашчонка, з якога распачаліся нападкі на беларускіх літаратуразнаўцаў і гісторыкаў за «ідэалізацыю мінулага».

1967 - звольнены з працы ў Ганцавіцкай раённай газэце журналіст і гісторык Анатоль Сідарэвіч за крытыку Леніна і ленінізму.

1968 - Мікола Ермаловіч заканчвае сваю кнігу «Па слядах аднаго міфа», якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам, упершыню афіцыйна выйшла толькі ў 1989. У 1970-1980-х самвыдатам распаўсюджваюцца таксама іншыя гістарычныя працы М.Ермаловіча.

Красавік - на аб'яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР Фёдар Яфімаў публічна выступіў супраць умяшальніцтва СССР ва ўнутраныя справы краінаў Сярэдняй Эўропы, супраць цэнзуры. За гэта быў выключаны з КПСС, перасьледаваўся - ня мог уладкавацца на працу і жыў у безграшоўі. Пазьней ён выступаў у абарону А.Салжаніцына і Л.Вакулоўскай.

Пратэсты супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі (пісьменьнік Фёдар Яфімаў, гісторык Анатоль Сідарэвіч). Мікалай Якімовіч расклейвае ў Менску ўлёткі. Зьяўляюцца насьценныя надпісы «Праская вясна». Рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. Адкрыты выступ Міхася Кукабакі супраць акупацыі - у кансуляце ЧССР у Кіеве. Пачатак рэпрэсіяў супраць М.Кукабакі.

Восень - пасьля допытаў супрацоўнікамі КГБ А.Сідарэвіч абвінавачваецца ў нацыяналізме, антысаветызме і «падтрымцы контррэвалюцыі ў замежных краінах» (за пратэсты супраць акупацыі Чэхаславаччыны) і заключаецца на чатыры месяцы ў псыханэўралягічнае аддзяленьне 2-й клінічнай бальніцы Менску.

Літаратар Лідзія Вакулоўская перасьледуецца КГБ і яе творы трапляюць пад цэнзуру, раскручваецца «справа Вакулоўскай». Пісьменьніцу абвінавачваюць у спробах перадаць на Захад свае падпольныя творы, распаўсюджваньні забароненай літаратуры, закліках да тэрору і антысавецкай прапагандзе. Валянцін Тарас быў пазбаўлены працы, 8 год ня мог друкавацца ў Беларусі, стаў невыяздным.

Кастрычнік - актывізацыя незалежнага студэнцкага руху ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Калектыўны пісьмовы зварот студэнтаў філфаку БДУ ў ЦК КПБ з патрабаваньнем выкладаньня на беларускай мове. Зварот расцэнены як нацыяналістычны, а яго ініцыятараў Алеся Разанава і Віктара Яраца выключаюць з унівэрсытэту.

1969, 20 чэрвеня - старшыня КГБ СССР Ю.Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей - члена КПСС Карпюка и Быкова... Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК Компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц».

1970 - Аляксей Карпюк практычна два гады быў беспрацоўным; 04.21.1972 выключаны з КПСС.

Красавік - Міхась Кукабака асуджаны на тры гады за «антысавецкую дзейнасьць», знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. У 1976 вызвалены, некаторы час жыў у Маскве, потым у Бабруйску. Пісаў нарысы, артыкулы, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», эмігранцкім друкам, замежным радыё. З 1978 зноў у зьняволеньні, вызвалены толькі ў 1988. У абарону вязьня неаднаразова ладзіліся маніфэстацыі й пікетаваньні эмігранцкім рухам.

9 красавіка - стыхійны маладзёжны мітынг у Менску, які быў разагнаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі.

1971 - заснаваньне і выданьне (да 1974) ў Новаполацку незалежнага рукапіснага літаратурнага часопісу «Блакітны ліхтар». Выдаўцы - В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў, А.Грабаў. Усяго выйшла 15 нумароў. КГБ выкрыў выдаўцоў і спыніў выпуск выданьня; А.Грабаў быў забіты ў войску пры загадкавых абставінах.

Кастрычнік - несанкцыянаваная дэманстрацыя ў Горадні тутэйшых і прыбалтыйскіх хіпі ў падтрымку ідэі свабоды асобы.

1972, лета - моладзевая дэманстрацыя ў Горадні пад лёзунгамі «Свабода слова», «Свабода друку», «Свабода асобе», «Свабоднае каханьне». Бралі ўдзел актывісты нонканфармісцкіх моладзевых рухаў зь Менску, Украіны, Летувы, Латвіі, Расеі. Дэманстрацыя разагнаная з выкарыстаньнем войскаў.

15 жніўня - трагічна загінуў Лявон Баразна. Абставіны ягонага забойства дагэтуль ня высьветленыя, але многае паказвае на дачыненьне КГБ. Лявон Баразна - мастак, мастацтвазнаўца, адзін з нефармальных лідэраў нацыянал-адраджэнскага руху Беларусі. У рознай ступені пад ягоным уплывам выхоўваліся такія дзеячы нацыянальнай культуры і палітыкі як Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Яўген Кулік, Юры Хадыка ды шмат іншых. Непасрэдна перад забойствам рыхтаваў публічную акцыю пратэсту беларускай інтэлігенцыі супраць разбурэньня Нямігі - гістарычнага раёну Менску.

1973, лета - КГБ распачынае акцыі супраць «Акадэмічнага асяродку»; у верасьні паводле рашэньня П.Машэрава кампанія часова спыненая.

1974 - на гістарычным факультэце БДУ друкуецца (да 1976) самвыдавецкі часопіс «Мілавіца» (асноўныя выдаўцы Ў.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі). Выйшла 7 нумароў. Пад ціскам КГБ і камсамольска-кампартыйных органаў выданьне спыніла сваё існаваньне.

Пачатак 1974 - прыезд у Беларусь прадстаўнікоў ЦК КПСС з санкцыяй на рэпрэсіі. «Справа пяцёх» - разгром органамі КГБ «Акадэмічнага асяродку». Справа атрымала сваю назву паводле колькасьці галоўных арганізатараў у тым сцэнары, які абрала КГБ. Пазбаўленыя працы супрацоўнікі Акадэміі Алесь Каўрус, Сьцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Міхась Чарняўскі і супрацоўнік выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя» Валянцін Рабкевіч. Таксама зволены з працы па абвінавачваньні ў нацыяналізме супрацоўнік Інстытута геалёгіі Віктар Лапуць.

Падчас кампаніі перасьледу ў Акадэміі Навук Вячаслаў Зайцаў выходзіць з КПСС.

Зянон Пазьняк пад псэўданімам Генрых Ракутовіч піша аналітычны агляд «Положение в Белоруси. 1974 год», дзе выкрывае рэпрэсыўную палітыку ўладаў у дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі. Перадрукі і фотакопіі гэтай працы распаўсюджваліся ў Беларусі і за межамі.

сярэдзіна 1970-х - зьяўленьне ананімнай паэмы «Сказ пра Лысую гару».

1975 - заснаваньне і выданьне (да 1976) у Менску Міколам Ермаловічам падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Гутарка: аб усім, што баліць» (машынапіс). Усяго выйшла 38 нумароў.

Пасьмяротная выстава Лявона Баразны - першая спроба апазыцыйных колаў наладзіць мастацкую публічную выставу. Кола мастакоў-арганізатараў імпрэзы (Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін і інш.) стане ініцыятарамі стварэньня суполкі «Пагоня» (1991).

Пазбаўлены працы ў Акадэміі навук Зянон Пазьняк.

Звольнены з працы старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Вячаслаў Зайцаў па абвінавачваньні ў распаўсюджваньні антысавецкіх і ідэалістычных поглядаў.

Беларускі паэт і мэдык Алесь Наўроцкі прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню.

9 траўня - на мітынгу ў «Яме» (месцы зьнішчэньня падчас другой сусьветнай вайны ў Менску 5.000 жыдоў) выступіў «отказник» Яфім Давідовіч з заклікамі супрацьстаяць антысэмітызму.

1976 - Алесь Наўроцкі, «пратэстуючы супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах», выходзіць з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. З таго часу ён, за рэдкім выключэньнем, беспрацоўны.

1 студзеня - звольнены з працы, а перад гэтым выключаны з КПСС, журналіст і паэт Сяргей Панізьнік «за связь с националистическими деятелями, пропаганду их в печати и потерю классовой бдительности».

Пачатак дзейнасьці ў Горадні грэка-каталіцкага сьвятара ў падпольлі а. Віктара Данілава, былога вязьня ГУЛАГу.

1977 - «Ліст да расейскага сябры» («Письмо русскому другу») - зварот да расейскае інтэлігенцыі Аляксея Каўкі (беларускага літаратуразнаўцы і публіцысты, які жыве ў Маскве). У лісьце, не адмаўляючыся цалкам ад «марксісцкае пазыцыі», аўтар даказвае права беларусаў на самавызначэньне, на ўласны шлях у гісторыі і, што ў цэнтры ўвагі, - на сваю мову. Ліст распаўсюджваўся ананімна на тэрыторыі СССР. У 1979 выдадзены як дакумэнт беларускага самвыдату ў Лёндане (Letter to a Russian Friend: A «samizdat» publication from Soviet Byelorussia), атрымаў шырокую пагалоску, зачытваўся беларускаю ды ўкраінскаю рэдакцыямі радыё «Свабода», зьмяшчаўся ды цытаваўся ў эмігранцкім беларускім, расейскім, польскім друку.

1978, лета - нарыс М.Кукабакі «Скрадзеная Бацькаўшчына» (пра русіфікацыю Беларусі) зачытваецца на «Нямецкай хвалі», цытуецца і публікуецца ў эміграцыйнай прэсе. М.Кукабаку зноў арыштоўваюць.

23 лістапада - за публічныя эсхаталягічныя выступы органамі КГБ арыштаваны і прымусова зьмяшчаны ў псыхіятрычную лякарню Вячаслаў Зайцаў.

1979 - выданьне (да 1980) падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Люстра дзён: Беларуская Талеранцыйная Грамада». Выйшла 4 нумары.

Загадчык катэдры Менскага мэдінстытуту праф. У.Мірончык піша і распаўсюджвае «Сустрэчныя заклікі да ЦК КПСС», у якіх выступае супраць вайны ў Афганістане, за дэмакратызацыю палітычнага жыцьця, супраць закрыцьця беларускіх школ. У.Мірончыка выключаюць з КПСС, звальняюць з працы і зьмяшчаюць у псыхіятрычную лякарню.

У Менску створаная Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня - моладзевае творчае згуртаваньне, сябры якога сталі ініцыятарамі многіх грамадзка-палітычных акцыяў.

25 сьнежня - міліцыя разганяе ў цэнтры Менску Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты БДУ і БДТМІ - заснавальнікі БСДМайстроўні.

з канца 1970-х - у Ракуцёўшчыне пад Красным - у мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём Максіма Багдановіча, распачынаюцца штогадовыя рэгулярныя зборы прадстаўнікоў дэмакратычнай інтэлігенцыі Беларусі. Зборы пачынаюць ператварацца ў патрыятычныя маніфэстацыі з выкарыстаньнем забароненай нацыянальнай сымболікі.

пачатак 1980-х - у Наваполацку арганізаванае самвыдавецкае памнажэньне і распаўсюджваньне забароненай патрыятычнай літаратуры, у тым ліку і непадцэнзурных твораў Ларысы Геніюш (А.Арлоў, В.Мудроў).

Сяргей Сокалаў-Воюш распачынае публічныя выступы з праграмамі ўласных песень сацыяльна-патрыятычнага зьместу. Выступам актыўна супрацьдзейнічаюць камсамол і КГБ. Некаторыя сустрэчы з моладзьдзю па розных прычынах наўмысна зрываюцца (напрыклад - 25 кастрычніка 1985 г. у Політэхнічным інстытуце).

1980 - «Тысячагодзьдзе Беларусі». Адзначалася неафіцыйна ў колах нацыянальнай інтэлігэнцыі. Дата палягае на першых летапісных зьвестках пра Полацкага князя Рагвалода ды Тураўскага князя Тура, датаваных 980. Прапанаваў яе як пачатак беларускае дзяржаўнае гісторыі Мікола Ермаловіч. Да юбілею мастаком Яўгенам Куліком падрыхтаваная паштоўка з выяваю «Пагоні», мастакамі Міколам Купавам, Уладзімірам Крукоўскім былі падрыхтаваныя паштоўка і плякат, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», а таксама выраблены мэдаль мастачкаю Васюк. Паштоўкі Я.Куліка былі перавыдадзеныя ў Лёндане, атрымалі розгалас, і гісторыка-культурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай вызвольнай акцыі. Справа дасьледвалася КГБ.

Дзейнасьць у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР сэмінару «Сумоўе» (да 1981). Патранавалі сэмінар прафэсары Юры Хадыка і Ўладзімір Конан. На сэмінары закранаўся шырокі спэктар актуаліяў з крытычным аналізам. На патрабаваньне ЦК КПБ сэмінар быў закрыты.

1981, красавік - Ліст студэнтаў-філёзафаў за акадэмічныя свабоды. Пад лістом падпісалася 80% студэнтаў аддзяленьня філязофіі. Арганізатары - студэнты В.Ламака, В.Залатар, І.Воіцкая, А.Малашчук, П.Свярдлоў. Акцыя была расцэненая кіраўніцтвам факультэту як «бунт філёзафаў». Заведзеная справа ў КГБ. Справа курыравалася непасрэдна ЦК КПБ. Вымушаныя былі сысьці з унівэрсытэту А.Малашчук, І.Воіцкая, В.Залатар. А.Малашчук пасьля беспасьпяховых спробаў аднавіцца ва ўнівэрсытэце публічна скончыў жыцьцё самагубствам: выкінуўся з 6 паверху галоўнага корпусу БДУ.

Сьвяткаваньне ўгодкаў Івана Луцкевіча: кансьпіратыўны сход у майстэрні мастака А.Маркаўца, на якім упершыню сабраліся разам прадстаўнікі розных дэмакратычных асяродкаў і вызначылі агульную стратэгію. Мастацкі асяродак «На Паддашку» арганізуе мастацкую выставу, прысьвечаную І.Луцкевічу. Пазьней адбыліся выставы памяці І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.Багдановіча, Цёткі. Выставы ладзіліся як патрыятычныя акцыі.

9 траўня - у Менску на мітынг у «Ямы» сабралася нечакана вялікая колькасьць людзей - некалькі тысячаў чалавек. «Отказник» Гарэлік атрымаў слова, але ягоная прамова была непажаданаю для распараджальнікаў мітынгу - былі ўлучаныя гукаўзмацняльнікі, прамова Гарэліка была заглушаная.

1983, вясна - пратэсты грамадзкасьці Менска супраць разбурэньня Дома Ваньковіча.

Пачатак патрыятычных акцый па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863, талокі моладзі Менска і Маладэчна па ўзвядзеньні помніка на магіле паўстанцаў у в. Плябань Маладэчанскага р-ну.

17 сакавіка - у Купалаўскім парку ў Менску ладзіцца Гуканьне Вясны. З гэтага часу сьвяткаваньне робіцца штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.

Красавік - праз сродкі «чорнай прапаганды» і палітасьветныя камсамольска-камуністычныя структуры актыўна распаўсюджваюцца чуткі пра існаваньне ў Беларусі разгалінаванай арганізацыі беларускіх нацыяналістаў.

10 красавіка - у Зэльве адбываецца пахаваньне паэткі і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Ларысы Геніюш. Удзельнічалі прадстаўнікі патрыятычных колаў зь Менску, Горадні, Новаполацку, Баранавічаў і іншых мясьцін Беларусі, колішнія палітзьняволеныя, удзельнікі ўзброенага супраціву камуністычнай акупацыі. Савецкія ўлады і КГБ спрабуюць перашкодзіць нармальнаму ходу рытуала пахаваньня.

За спробу надрукаваць у альманаху «Спадчына» забароненую п'есу Я.Купалы «Тутэйшыя» нясуць адміністрацыйныя пакараньні дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» М.Дубянецкі, галоўны рэдактар С.Андраюк, загадчык рэдакцыі В.Палтаран. Набор альманаху рассыпаецца.

Травень - у Менску на сьценах і агароджах зьяўляюцца выявы «Пагоні» і лёзунгі патрыятычнага зьместу.

На базе БСДМайстроўні створанае Таварыства Беларускае Мовы, якое праводзіць шырокі збор заяваў бацькоў з патрабаваньнем беларускае школы. Акцыя спыненая КГБ.

1984, 13 чэрвеня - акцыя БСДМайстроўні ля будынка Менскага гарадзкога тэатру 19 ст. пад лёзунгам «Руйнуецца помнік гісторыі». Удзельнікі (В.Вячорка, І.Сташчанюк і інш.) затрымліваюцца міліцыяй. Далейшае існаваньне «Майстроўні» стала немагчымым.

Восень - у Менску, Горадні, Маладэчне і іншых гарадах Беларусі ладзяцца патрыятычныя вечарыны памяці паэта і пісьменьніка Ў.Караткевіча.

1985 - у Лёндане выходзіць кніга Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», якой папярэднічае акцыя аўтара па шырокім апытаньні людзей пра становішча беларускай мовы, што на гэты час зьяўляецца закрытай тэмаю. Рукапіс кнігі на Захад праз Юрыя Туронка з Варшавы перадаў Аляксей Каўка.

Дзейнасьць (да 1986) Моладзевага клюбу імя Ў.Караткевіча, які стаў пераемнікам «Майстроўні».

Люты - нелегальная група «Незалежнасьць» правяла нараду ва ўрочышчы Смольня (Стаўбцоўскі р-н), дзе вырашана спрыяць стварэньню моладзевых арганізацыяў грамадзка-культурнага кірунку з пэрспэктывай перарастаньня іх у агульнанацыянальны рух.

7 сакавіка - Віцебскі абласны суд асудзіў паводпе артыкулу «антысавецкая прапаганда і агітацыя» Міхася Кукабаку да пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 гадоў.

Чэрвень - Купальле каля Мікалаеўшчыны пад Стоўбцамі, наладжана БСДМайстроўняй. Сабралося каля ста чалавекаў. Афіцэры КГБ зь Менску праводзяць аблаву і затрыманьне большасьці ўдзельнікаў. Допыты праводзяцца ў РАУС у Стоўбцах. Сяргей Сокалаў-Воюш аштрафаваны і звольнены з працы.

14 жніўня - у Крэўскім замку і на Янавай гары пад Крэвам інтэлігенцыя зь Менску, Маладэчні, Горадні адзначае 600-я ўгодкі Крэўскай вуніі.

Кастрычнік - на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў (вучэльня-інтэрнат імя Ахрэмчыка) вывесілі нацыянальныя беларускія сьцягі, сарваўшы сьцягі СССР. КГБ вяло сьледзтва цэлы месяц, падчас якога былі заведзеныя справы на 6 чалавек. У.Макееў быў вымушаны спыніць вучобу.

Лістапад-сьнежань - першыя зборы менскай «Талакі».

1986, 12 сакавіка - заснаваньне ў Горадні клюбу «Паходня» - нацыянал-дэмакратычнага й асьветніцкага асяродку.

Красавік - у сувязі з публікацыяй у Лёндане кнігі Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс» распачынаюцца перасьледы ў Інстытуце філязофіі і права АН БССР; кіраўніцтва Інстытуту атрымлівае спагнаньні, Алег Бембель праз тры месяцы быў пазбаўлены працы. Уладзімір Конан вымушаны сысьці з пасады загадчыка Сэктару эстэтыкі і сацыяльнай псыхалёгіі, а сам сэктар расфарміроўваецца.

Вясна - у Віцебску ствараецца патрыятычна-асьветніцкая арганізацыя «Ўзгор'е».

Вясна - у Гомелі заснаваная «Талака» - патрыятычна-асьветная арганізацыя.

20 траўня - Гуканьне Вясны - адзначэньне фальклёрнага сьвята на Траецкім прадмесьці ў Менску, якое ладзілі навучэнцы школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка пры ўдзеле навучэнцаў Мастацкай вучэльні. На моладзь напалі вэтэраны афганскай вайны, нацкаваныя камсамолам і КГБ.

29 траўня - заснаваньне клюбу перакладчыкаў «Бабілён». Клюб стаў тым незалежным інтэлектуальным асяродкам, дзе абмяркоўваліся надзённыя гуманітарныя праблемы Беларусі.

10 верасьня Маскоўскі гарсуд асудзіў паводле артыкулу «антысавецкая агітацыя і прапаганда» протадыякана Ўладзіміра Русака, аўтара кнігі «Свидетельство обвинения» пра злачынствы супраць праваслаўнай царквы.

Сьнежань - заснаваньне «Тутэйшых» - незалежнага аб'яднаньня маладых літаратараў.

1987 - у Менску надрукаваны другі нумар падпольнага часопісу «Бурачок». Увесь тыраж нумару арыштаваны КГБ.

Студзень - у Менску створаны дыскусыйны клюб «Современник» (кіраўнік П.Крывіцкі). Зь цягам часу паседжаньні клюбу сталі настолькі папулярнымі, што зьбіралі ў залі кінатэатру «Вільня» да 1,5 тыс. чалавек. Увосень 1988 камуністычныя ўлады арганізавалі ў афіцыйнай прэсе кампанію шальмаваньня клюбу. У 1989 улады пазбавілі «Современник» памяшканьня. Многія актывісты былі пазбаўленыя працы. У нетрах «Современника» нарадзілася таксама група сацыял-дэмакратычнай накіраванасьці «Альтэрнатыва».

29 красавіка - 3 траўня - беларуска-латыскае экалягічнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай ГЭС «Дзьвіна-Daugava-87».

1 лістапада - адзначэньне Дзядоў у Купалаўскім парку Менску. Упершыню сярод такой шырокай аўдыторыі заяўлена пра генацыд з боку таталітарнага рэжыму.

26-27 сьнежня - I Вальны Сойм Беларускіх Суполак у Палачанцы пад Ракавам вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі, удзел у гэтым працэсе моладзевых суполак.

1988 - выданьне (да 1989) у Менску пэрыёдыка «Кантроль: Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Выдаўцы - Алесь Бяляцкі й Сяргей Дубавец. Выйшла 2 нумары.

20 сакавіка - мітынг у Менску ў абарону гістарычнага Верхняга гораду, супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга» на месцы Менскага замчышча.

Травень - экалягічная экспэдыцыя «Прыпяць-88» супраць утойваньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

3 чэрвеня - у «ЛіМе» апублікаваны артыкул З.Пазьняка і Я.Шмыгалёва «Курапаты - дарога сьмерці». З боку афіцыёзных сродкаў масавае інфармацыі арганізоўваецца актыўнае супрацьдзеяньне высьвятленьню праўды пра рэпрэсіі. Пачатак ушанаваньня ў Беларусі мясьцінаў растрэлаў палітвязьняў.

19 чэрвеня - мітынг у Курапатах.

4 ліпеня - у Вільні створаны клюб «Сябрына». Гэта, у тым ліку, дало магчымасьці праводзіць незалежныя беларускія акцыі ў Вільні.

Жнівень - публічнае ўзьняцьцё «Талакою» пытаньня пра вяртаньне гістарычна-нацыянальнай сымболікі.

20-21 жніўня - нарада ў Менску прадстаўнікоў беларускіх суполак, падрыхтоўка II Вальнага Сойму. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй.

19 кастрычніка. У Менску ўтвораныя Беларускае Грамадзкае Гісторыка-Асьветніцкае Таварыства Памяці Ахвяраў Сталінізму «Мартыралёг Беларусі» і Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Групы падтрымкі БНФ узьнікаюць па ўсёй краіне.

30 кастрычніка - Менск. Шматтысячны мітынг-рэквіем памяці продкаў «Дзяды» разагнаны аддзеламі міліцыі і ўнутранніх войскаў, узброеных дубінкамі, сьлезацечным газам і вадамётнай тэхнікай.

Лістапад - зьяўленьне першага нумару «Студэнцкай думкі» - друкаванага органу найперш суполкі «Сьвітанак», пазьней Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў і Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў.

Восень - будынак Інстытуту гісторыі АН БССР, дзе працуюць актыўныя ўдзельнікі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ, бярэцца пад міліцэйскую ахову (працягваецца да пачатку 1989). Міліцыянты неаднаразова ўрываюцца ў кабінеты супрацоўнікаў, робяць спробы прагляду асабістых рэчаў.

14-15 студзеня - II Вальны Сойм Беларускіх Суполак у Вільні.

Пасьля адзначэньня восеньскіх Дзядоў у 1988, і разгону мітынгу грамадзкія працэсы ў Беларусі актывізаваліся, што праявілася ў зьмене колькасных паказчыкаў дынамікі грамадзкіх зьяваў і колькасьці саміх зьяваў. Акцыі беларускай апазыцыі рабіліся публічнымі, рэальна ўплывалі на сытуацыю ў краіне. Гэта быў ужо этап палітычнай апазыцыі. Найгалоўнейшыя вынікі гэтых працэсаў - зараджэньне незалежнага ад дзяржавы публічнага беларускага грамадзтва і здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці ў 1991.

Сярод падзеяў у пэрыяд з 1989 па 1991 варта назваць першы легальны мітынг у лютым 1989 г.; стварэньне незалежнага прафсаюзнага руху (Свабодныя прафсаюзы); Чарнобыльскі шлях 30.09.1989; Асамблея народаў Чарнобыльскі шлях 25-26.11.1989; мітынг у лютым 1990; утварэньне Беларускага дэмакратычнага блёку ў 1990; Дзень Волі-90; утварэньне Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (02-03.03.1991); страйкі ў красавіку 1991; супраціў путчу ў жніўні 1991. Гэты пэрыяд адзначаны зьяўленьнем сталых незалежных выданьняў, найбольш значныя зь іх - «Навіны Беларускага Народнага Фронту», «Свабода», «Наша Ніва».

Паводле якасных характарыстыкаў гэта быў ужо новы пэрыяд у гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі.

У стварэньні Кронікі бралі ўдзел: Вацлаў Арэшка, Ігар Бабкоў, Міхал Баразна, Алег Дзярновіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Міхась Чарняўскі

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2017