Антрапамарфізм (ад грэч. anthropos - чалавек + грэч. morphe - форма, від), упадабленне чалавеку, надзяленне чалавечымі якасцямі (напр., свядомасцю) прадметаў і з'яў нежывой прыроды, нябесных цел, жывёл, міфічных істот і г.д. Выяўляецца ў наданні чалавечага падабенства міфалагічным істотам (багам, разнастайным духам і інш.). У многіх беларускіх народных творах багі, злыя і добрыя духі, жывёлы, расліны, прыродныя з'явы, поры года вызначаюцца рысамі А.: маюць чалавечы выгляд, адпаведныя псіхалагічныя якасці, эмоцыі, перажыванні. Пра гэта сведчаць, напр., прыказкі і прымаўкі «Зямелька нас корміць, а сама есці просіць», «Маладзік умываецца, то будзе непагадзь», «Слухай, дуброва, што лес гаворыць»; «Зіма на лета робіць, а лета на зіму», «Зіма - свякруха, лета - матачка», «Вясна - маці, а лета - бацька», «Дзень - бацька, а ноч - маці»; фрагменты з народных песень: «Пры лужку бела бярозка зашумела // Пра людскую нядолечку песні пела» і інш. У творах мастацтва А. знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўпадабленні геаметрычных аб'ёмаў формам чалавечага цела: напр., калона ў выглядзе чалавечай фігуры (атлант, карыятыда), пасудзіна ў форме галавы чалавека, фігурныя ручкі і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць