Артэга-і-Гасет Хасэ (1883-1955), гішпанскі філосаф, культуролаг, публіцыст; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Атрымаў адукацыю ў Мадрыдзе і Малазе, стажыраваўся ў Марбургскім універсітэце (Германія). Быў прафесарам Мадрыдскага ўніверсітэта. У 1948 заснаваў у Мадрыдзе Інстытут гуманітарных навук. Свае філасофскія ідэі актыўна папулярызаваў у газетных, часопісных публікацыях, публічных лекцыях у розных краінах свету. У кнізе «Паўстанне мас» (1929-1930) выказаў ідэю пра ўзнікненне ў 20 ст. «масавага грамадства», якое падаўляе свабоднае развіццё асобы, яркай індывідуальнасці. У культуры, мастацтве, палітыцы такога грамадства пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення. Духоўную эліту, якая творыць і захоўвае культуру, А.-і.-Г. супрацьпастаўляў масе людзей, што валодаюць прымітыўнымі, стандартнымі паняццямі і ўяўленнямі. Паводле А.-і.-Г., дзеля паспяховага развіцця грамадства ўлада павінна быць перададзена меншасці насельніцтва - духоўнай эліце. Ён разважаў аб «спартова-святочных» адносінах да жыцця і лічыў, што само мастацтва павінна стаць гульнёй, якая супрацьпастаўляецца штодзённасці, утылітарызму і пошасці чалавечага быцця. Лічыў, што духоўнага ўзвышэння чалавека можна дабіцца дзякуючы стварэнню ва ўніверсітэтах у якасці своеасаблівага ядра факультэтаў культуры, асноўная функцыя якіх - культурны сінтэз ідэй свайго часу. У эстэтыцы выступіў як тэарэтык мадэрнізму («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925).

Паведаміць пра недакладнасьць