Барока (ад італ. barocco - вычварны, дзіўны), адзін з асноўных стыляў у архітэктуры і выяўленчым мастацтве Эўропы канца 16 - сярэдзіны 18 ст. Узнікла ў канцы 16 ст. у Італіі. Мастацтву Б. уласцівы грандыёзнасць, пышнасць і дынаміка, імкненне да велічнасці, патэтычная прыўзнятасць, прыхільнасць да эфектнай відовішчнасці, параднасці, да сумяшчэння ілюзорнага і рэальнага, да моцных кантрастаў маштабаў і рытмаў, матэрыялаў і фактуры, святла і ценю, павялічаная эмацыянальнасць і пачуццёвасць. Для архітэктуры Б. ўласцівы вычварная пластыка фасадаў, складаныя планы і абрысы, упрыгожванне пабудоў пышнай шматкаляровай скульптурай, лепкай, разьбой, шырокае выкарыстанне роспісаў, люстэркаў і да т.п. У выяўленчым мастацтве (найперш жывапісе) Б. арганічна спалучаецца рэальнасць і фантазія, рэлігійная афектацыя з падкрэсленай пачуццёвасцю; эмацыянальнае, рытмічнае і каларыстычнае адзінства твораў. Скульптурныя творы вызначаюцца маляўнічай цякучасцю формы, адчуваннем зменлівасці вобраза. Для літаратуры Б. ўласцівы такія характэрныя рысы, як складанасць стылю, вычварнасць, незвычайная вобразнасць, метафарычнасць, павышаная эмацыянальнасць. У першай палове 18 ст. Б. паступова эвалюцыянавала да грацыёзнай лёгкасці стылю ракако, спачатку арганічна суіснавала з ім, а затым, прыблізна з 1770-х г., паступова пачало выцясняцца класіцызмам.

Б. было вядучым мастацкім стылем у мастацтве Беларусі канца 16-18 ст. Беларускае Б. вызначалася спалучэннем заходнеэўрапейскіх уплываў з візантыйскімі і мясцовымі традыцыямі. У мастацтве Б. вылучаюцца 3 перыды: ранняе Б. (канец 16 - першая палова 17 ст.), сталае Б. (другая палова 17 - першая палова 18 ст.), позняе Б. (з сярэдзіны 18 ст.). У галіне архітэктуры Б. ў Беларусі прадстаўлена пераважна касцёламі, кляштарамі, палацавымі комплексамі (Нясвіжскі касцёл езуітаў, Гарадзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Гальшанскі палац і інш.). Мастацкая сістэма позняга Б. ў манументальнай культавай архітэктуры атрымала назву «віленскае барока». У выяўленчым мастацтве рысы Б. пачалі праяўляцца ў першай палове 17 ст. (найперш у скульптурным аздаблені і размалёўках касцёлаў і кляштараў). У другой палове 18 ст. стыль Б. стаў пануючым і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візантыйскага і старажытнарускага мастацтва. У графіцы стыль Б. найбольш выявіўся ў жанры кніжнай гравюры. Мясцовыя майстры кнігі 17-18 ст. выпрацавалі адметны стыль беларускага Б., для якога былі ўласцівы стрыманасць форм і сувязь з народным мастацтвам. Рысы Б. выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла, паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве. Літаратурнае Б. як новы мастацкі стыль спачатку ўзнікла ў Італіі і Гішпаніі, затым распаўсюдзілася на землі Польшчы і Чэхіі, а праз гэтыя краіны прыйшло на тэрыторыю сучасных Беларусі і Ўкраіны. І толькі пазней, прыблізна ў сярэдзіне 17 ст., традыцыі Б. пачалі пашырацца (найперш дзякуючы творчай дзейнасці Сімяона Полацкага) і на Расею. Для твораў беларускага Б. ўласцівы сінтэз сярэднявечных і рэнесансных традыцый, ускладненасць вобразаў, сюжэтаў і формы, метафарычнасць, парадаксальнасць, спалучэнне рэальнага з ірэальным, імкненне як мага больш здзівіць чытача, паўплываць на яго эмоцыі і пачуцці. Асаблівасці Б. выявіліся ў розных жанрах літаратуры - рэлігійна-філасофскай паэзіі, школьнай драме, інтэрмедыі, палемічнай прозе і інш. У Беларусі побач з «высокім» Б., творы якога напісаны на польскай, лацінскай і стараславянскай мовах, існавала таксама «сярэдняе» і «нізкае» Б., што адпавядала інтарэсам бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай паэзіяй і прозай, інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Паведаміць пра недакладнасьць