Беларуская рэзь, манументальна-дэкаратыўная аб'ёмна-ажурная разьба па дрэве. Творы Б.р. нярэдка пакрывалі пазалотай. Сфармавалася на землях Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам стыляў рэнесансу і барока. Да ліку лепшых узораў Б.р. адносяць іканастасы Богаяўленскага сабора і Мікалаеўскай царквы ў Магілеве, Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Беларускія майстры аздаблялі ёю храмы і палацы Маскоўскай дзяржавы з 17 ст. З-за візуальнага падабенства на полымя творы Б.р. былі вядомы і пад назвай «флемская» (ад ням. Flamme - полымя) разьба. На ўзорах Б.р. прысутнічаюць выявы раслін, птушак, чалавека, гронак. Майстэрства Б.р. дасягнула свайго росквіту на мяжы 17-18 ст. і захоўвалася да пачатку 19 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць