Вазапіс, майстэрства распісной керамікі, пашыранае ў старажытнай Грэцыі. Галоўнымі цэнтрамі керамічнай вытворчасці былі старажытнагрэчаскія гарады Афіны і Карынф. У канцы 7 - пачатку 6 ст. да н.э. ўзнік самабытны «чорнафігурны стыль». Выявы на вазах рабіліся чорным лакам на чырванаватай гліне. Сюжэты браліся звычайна з грэчаскіх міфаў, а пазней сталі больш выяўляць розныя бытавыя сцэнкі: рынак, пір, спаборніцтвы, карагод, школа. Сапраўднай жамчужынай В. лічыцца амфара афінскага майстра Эксекія «Ахіл і Аякс за гульнёй у шашкі» (каля 540 г. да н.э.). У апошняй трэці 6 ст. да н.э. ўзнік больш складаны «чырвонафігурны стыль», у якім чорным лакам зроблены фон, а фігуры заставаліся ў колеры чырвонай гліны - на чорным фоне лягчэй перадаваць аб'ём і глыбіню прасторы. Сярод найбольш вядомых твораў - ваза Эўтыміда «Зборы воіна» (канец 6 ст. да н.э.). Менавіта тады грэчаскія творцы (ганчары, жывапісцы, скульптары) пачалі ўпершыню падпісваць свае творы. Сярод найбольш вядомых майстроў былі Эксекій, Эўтымід, Андокід, Еўфроній і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць