Вердзі Джузепе (1813-1901), італьянскі кампазітар; адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў рэалізму ў музыцы. З дзяцінства праявіў немалыя музычныя здольнасці, і ўжо ў 11 гадоў пачаў выконваць абавязкі арганіста ў сваёй роднай вёсцы. Вучыўся ў хатніх настаўнікаў, браў прыватныя ўрокі ў аднаго з дырыжораў опернага тэатра «Ла Скала». Яго творы спрыялі адраджэнню італьянскай нацыянальнай самасвядомасці, росту нацыянальна-вызваленчых ідэй. В. называлі нават «маэстра італьянскай рэвалюцыі», народ спяваў хоры з яго опер як рэвалюцыйныя песні. В. імкнуўся спрыяць аб'яднанню Італіі, быў нават сенатарам. У канцы жыцця В. заснаваў спецыяльны Дом для пажылых музыкантаў. Сярод 28 яго опер да ліку найбольш вядомых і папулярных адносяцца такія музычныя шэдэўры, як «Рыгалета» (1851), «Травіята» (1853), «Аіда» (1871), «Атэла» (1886), «Фальстаф» (1892) і інш. В. - выдатны майстар адлюстравання ў ансамблевай форме канфлікту характараў і пачуццяў сваіх персанажаў. Для яго опер уласціва глыбокая меладычнасць, выдатная аркестроўка. У творчай спадчыне В. таксама ёсць харавыя творы, рамансы і струнны квартэт, а таксама выдатны Рэквіем. Лічыцца, што ў операх В. геніяльна адлюстраваны ўсе асноўныя пачуцці, эмоцыі і перажыванні чалавека. В. быў таксама аўтарам духоўных п'ес, струннага квартэта, рамансаў.

Паведаміць пра недакладнасьць