Вярнадскі Ўладзімір Іванавіч (1863-1945), расейскі прыродазнавец, мысліцель, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Харкаўскай і Пецярбургскай гімназіях. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта. Стажыраваўся ў Мюнхене і Парыжы. Быў прыват-дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта (1890-1898). У 1912 быў абраны акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук. Распрацаваў вучэнне аб эвалюцыі біясферы ў наасферу, у якой чалавечы розум і дзейнасць навуковай думкі становяцца вызначальным фактарам развіцця, магутнай сілай, параўнальнай па сваім уздзеянні на прыроду з геалагічнымі працэсамі. Развіваў традыцыі «расейскага касмізму», вызначальнай рысай якога было ўяўленне аб непарыўным унутраным адзінстве чалавецтва і Сусвету. Пасля Кастрычніцкага пераварота 1917 выказваў меркаванне пра тое, што сацыялізм непазбежна з'яўляецца ворагам свабоды, культуры, навукі, незалежнасці чалавечага духу. У 1922 разам з сям'ёй пераехаў у Парыж, дзе чытаў лекцыі, працаваў у лабараторыі М.Складоўскай-Кюры. У 1926 вярнуўся ў СССР, выдаў кнігу «Біясфера» (1926). Сярод іншых прац - «Біягеахімічныя нарысы» (1940), «Навуковая думка як планетная з'ява» (упершыню апублікавана з купюрамі ў 1977), «Некалькі слоў аб наасферы» (1944). У поўным аб'ёме працы В. былі апублікаваны толькі ў канцы 20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць