Дзюрэр Альбрэхт (1471-1528), нямецкі графік і жывапісец, малявальшчык, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва нямецкага Адраджэння. Засвоіў асновы жывапісу ў майстэрні мастака М.Вальгемута. У 1495 адкрыў уласную мастацкую майстэрню. Быў прыдворным жывапісцам. Для яго твораў характэрны напружана-экспрэсіўныя формы, фантастычныя вобразы, прадчуванне сусветна-гістарычных перамен (серыя гравюр «Апакаліпсіс», 1498). Ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» Бранта і інш. У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сацыяльнага стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (дыптых «Чатыры апосталы», 1526). Яго шматлікія (некалькі соцень) гравюры - адно з найвышэйшых дасягненняў сусветнай графікі. Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528) і інш. У сваёй творчасці Д. прапаведаваў гуманістычныя ідэалы незалежнасці чалавека, яго надзвычайнай жыццёвай сілы і стойкасці ў барацьбе за ісціну і справядлівасць.

Паведаміць пра недакладнасьць