Дом, сімвал, архетып культуры. Сімвалізуе цэнтр свету, прыстанішча Вялікай Маці, а таксама замкнёнасць і абарону. Д. з'яўляецца таксама адлюстраваннем усяго Сусвету і традыцыйна звязваецца з ідэяй свяшчэннай прасторы, якая разгортваецца вакол ачага як «восі свету» і асвячаецца сценамі гэтага дома. Разглядаецца і як сканцэнтраванне асноўных жыццёвых каштоўнасцей - шчасця, дастатку, адзінства сям'і і ўсяго роду. У беларускіх культурных феноменах, артэфактах нярэдка сустракаецца гэты сімвал. Напр., у прыказках і прымаўках нярэдка згадваецца пра Д., яго функцыі і значэнне ў жыцці індывіда і грамадства. Сведчаннем гэтага могуць служыць наступныя фальклорныя творы - «Дадому (дахаты) і конь спрытней бяжыць», «Дома і салома ядома, на чужыне і гарачы тук стыне», «Дома хоць няўежна, дык улежна», «Дарагая тая хатка, дзе мяне радзіла матка», «Нідзе так, як дома», «Усюды добра, а дома лепей». Д. у беларусаў нярэдка называецца памяншальна-ласкальна «хатка», «хата». Недарэмна нашы продкі з даўніх часоў стараліся асвяціць свой Д. Таму часта сустракаюцца выказванні «мой, наш дом», які супрацьпастаўляецца «чужому», «не-нашаму» дому. Многім народам уласціва ўспрыняцце свайго жытла ў адпаведнасці з вядомым выслоўем «мой дом - мая крэпасць», дзе кожны чалавек знаходзіцца ў бяспецы, надзейна абаронены «роднымі сценамі» ад усякіх напасцяў, непрыемных сітуацый.

Паведаміць пра недакладнасьць